Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дылема ад Кудрына: Прадавайце маёмасьць альбо прасіце ў МВФ


Аляксей Кудрын

Аляксей Кудрын

Міністар фінансаў Расеі Аляксей Кудрын сёньня пацьвердзіў, што Антыкрызысны фонд ЭўрАзЭС разглядае пытаньне аб вылучэньні Беларусі 3 мільярдаў даляраў крэдыту цягам трох наступных гадоў. А каб дапоўніць гэтую суму Беларусі рэкамэндавана актыўна праводзіць прыватызацыю — альбо зьвяртацца ў МВФ.

Пасьля пасяджэньня Міждзяржаўнай рады ЭўрАзЭС, якое прайшло ўвечары ў Нацыянальнай бібліятэцы, на выніковай прэсавай канфэрэнцыі выступіў міністар фінансаў Расеі Аляксей Кудрын. Галоўная з тэмаў, якія ён закрануў, — валютны крызіс у Беларусі і зварот беларускага кіраўніцтва да Расеі па дапамогу для папаўненьня золатавалютных рэзэрваў.

Спадар Кудрын пацьвердзіў, што Антыкрызісны фонд ЭўрАзЭС разглядае пытаньне пра вылучэньне Беларусі 3 мільярдаў даляраў крэдыту цягам трох наступных гадоў. Паводле ягоных слоў, гэтае пытаньне будзе разгледжанае на пасяджэньні ў Кіеве 4 чэрвеня.

Але разам з гэтым, на ягоную думку, цягам трох гадоў Беларусь можа атрымаць ня меней за 7, 5 мільярда даляраў ад прыватызацыі.
Мы ня ўказваем, якія актывы павінны быць прададзеныя, сьпіс складае ўрад Беларусі, але трэба выйсьці на пэўны аб’ём прыватызацыі.

«Мы ня ўказваем, якія актывы павінны быць прададзеныя, сьпіс складае ўрад Беларусі, але трэба выйсьці на пэўны аб’ём прыватызацыі»,— заявіў Кудрын.

Ён пацьвердзіў, што ў тым ліку гаворка ідзе і аб продажы акцый «Белтрансгазу», якія знаходзяцца ў беларускай дзяржавы.

Апрача таго Кудрын заклікаў Менск скараціць дэфіцыт зьнешняга гандлю і зрабіць іншыя захады, каб такія сытуацыі, якая склалася ў Беларусі, не паўтараліся:

«Беларусі трэба прыняць дадатковыя захады па ўзмацненьні экспартнай выручкі і інвэстыцыяў. Як мне падаецца, урад Беларусі адэкватна ацэньвае сытуацыю, якая складваецца. Ужо заплянаваныя захады і яны ажыцьцяўляюцца».
Калі ж ня будуць рэалізаваны актывы, тады трэба зьвяртацца да МВФ, у якога жорсткія ўмовы крэдытаваньня.

«У Беларусі ёсьць дастаткова актываў, каб дапоўніць праграму крэдытаваньня неабходнай колькасьцю валютных рэсурсаў. Калі ж ня будуць рэалізаваны актывы, тады трэба зьвяртацца да МВФ, у якога жорсткія ўмовы крэдытаваньня».

Паводле Кудрына, фонд ЭўрАзЭ выстаўляе ўмовы крэдыту, падобныя на ўмовы МВФ. Перш за ўсё гэта скарачэньне адмоўнага сальда гандлёвага балянсу… Кіраўніцтва Беларусі ведае, што гэтае адмоўнае сальда трэба скарачаць…

Кудрын заявіў: «Мы ня хочам, каб гэтыя грошы (крэдыт і даходы ад прыватызацыі) марнаваліся, гэтыя сродкі павінны стаць страхоўкай на будучыню ад такіх сытуацый, трэба, каб яны паступілі ў рэзэрвы».

Яшчэ адна ўмова для атрыманьня крэдыту ЭўрАзЭС, паводле Кудрына — адмова Беларусі ад практыкі множнасьці валютных курсаў.

Кудрын таксама паведаміў, што Расея абмяркоўвае пытаньне аб крэдытаваньні будаўніцтва АЭС у Беларусі і заявіў, што гэты крэдыт будзе таварным.

«У нас ідуць перамовы па будаўніцтве АЭС. Паэтапная разьбіўка гэтага крэдыту на гады ня вызначана. Але ў нас вызначана, што Беларусь атрымае больш за 7 мільярдаў даляраў у выглядзе тавараў і паслуг. Канкрэтныя парамэтры будуць удакладняцца».

Паводле Кудрына, зь Менску паступіла просьба пра фінансаваньне й інфраструктуры АЭС, але гэта ўжо фінансавы крэдыт, па якім цяпер ідуць перамовы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG