Лінкі ўнівэрсальнага доступу

8 апазыцыйных палітыкаў прапанавалі на сайце нашага радыё свае адказы на пытаньне “Што рабіць”? Што новага ўтрымліваецца ў гэтых адказах, ці зьяўляюцца яны “працай над памылкамі” прэзыдэнцкай кампаніі 2010 году? Наколькі сумяшчальныя гэтыя адказы, ці маюць яны агульны назоўнік?

Над гэтымі тэмамі ў “Праскім акцэнце” разважаюць: экспэрт Агенцтва гуманітарных тэхналёгій Тацьцяна Вадалажская, аглядальнік інфармацыйнай кампаніі БелаПАН Аляксандар Класкоўскі і аглядальнік нашага радыё Віталь Цыганкоў.

8 лекаў ад адной хваробы


Дракахруст
: Пэўны час таму радыё Свабода зьвярнулася да беларускіх апазыцыйных палітыкаў з просьбай даць свой аналіз вынікаў выбарчай кампаніі мінулага году, ацэнку той сытуацыі, якая склалася, і адказаць на клясычнае пытаньне “Што рабіць?”. Былі апублікаваныя на нашым сайце і прагучалі ў эфіры адказы 8 палітыкаў: Станіслава Багданкевіча, Віктара Івашкевіча, Рыгора Кастусёва, Аляксандра Мілінкевіча, Зянона Пазьняка, Віталя Рымашэўскага, Анатоля Сідарэвіча і Аляксандра Ярашука.

Магчыма, мы і прапусьцілі некага, хто ведае чароўнае слоўца і мае самы правільны адказ на сакрамэнтальнае пытаньне, але здаецца зрэз апазыцыйнай думкі атрымаўся ўсё ж даволі прадстаўнічы. Прычым, падкрэсьлю, размова ідзе не пра журналістаў, экспэртаў, палітолягаў, а пра практычных палітыкаў, тых, хто ўсьведамляе сабе дыстанцыю паміж ідэяй і яе рэалізацыяй, тых, хто, у адрозьненьні ад экспэртаў і іншых мысьляроў, будзе несьці адказнасьць, па меншай меры перад грамадзтвам, за ўвасабленьне сваіх ідэяў у жыцьцё. Так што можна з высокай ступеньню імавернасьці сказаць, што адказам апазыцыі на выклік прэзыдэнцкіх выбараў, на выклік новай сытуацыі, будзе нейкая камбінацыя гэтых васьмі адказаў.

У чым адказы, прапановы палітыкаў падобныя? Ці можна сказаць пра нейкія “кусты”, наборы падобных, блізкіх адказаў? Віталь

Цыганкоў
: Я б сказаў, што ня толькі абапіраючыя на гэтыя тэксты, але і назіраючы за палітычнай дыскусіяй апошніх тыдняў, можна сказаць, што ў беларускай апазыцыйнай супольнасьці зараз выкрышталізаваліся два падыходы – адзін, умоўна скажам рэвалюцыйны, і другі, умоўна скажам дыялёгавы. Усё гэта выявілася і падчас абмеркаваньня «Стратэгіі-2012», якое зараз актыўна ідзе сярод кіраўнікоў беларускіх апазыцыйных структураў.
У беларускай апазыцыйнай супольнасьці зараз выкрышталізаваліся два падыходы – адзін, умоўна скажам рэвалюцыйны, і другі, умоўна скажам дыялёгавы.


Сярод удзельнікаў нашай дыскусіі найбольш выразна за дыялёг выказаўся Аляксадар Мілінкевіч, умоўна скажам рэвалюцыйны лягер прадставілі Віктар Івашкевіч і Анатоль Сідарэвіч, у якога нават загаловак гучыць вельмі прыгожа – "Неабходнасьць і магчымасьць рэвалюцыі". І мне здаецца, што тут палягае даволі прынцыповы падзел, даволі рэзкая, як на сёньняшні момант, мяжа паміж рознымі палітычнымі філязофіямі, можа сказаць.

17 сакавіка на нашым сайце адбылася онлайн-канфэрэнцыя Станіслава Шушкевіча, які, на маю думку, вельмі шчыра і паказальна адказаў на пытаньне, як ён ставіцца да „Стратэгіі-2012“: "Я стаўлюся адмоўна да стратэгіі 2012, таму што гэтая так званая стратэгія ўрастаньня дэмакратычнай апазыцыі ў дыктатуру. Гэта агідны шлях, які не адпавядае патрэбам тых людзей, у якіх ёсьць сумленьне". Выглядае, што разыходжаньне паміж прыхільнікамі двух гэтых падыходаў, сапраўды, вельмі моцныя. І бакі нават не спрабуюць хаваць гэта.

Дракахруст: Тацьцяна, а што вы ўбачылі новага ў гэтых тэкстах? Тыя два падыходы – умоўна рэвалюцыйны і дыялягічны, пра які казаў Віталь – яны ж існавалі даўно. У якой ступені гэтыя тэксты сталі “працай над памылкамі”, развагамі кшталту – мы рабілі гэтак, яно дала кепскі вынік, таму трэба рабіць інакш, а менавіта гэтак і гэтак?

Вадалажская
: Я б адзначыла цалкам аднолькавую схему расповеду, ці разважаньняў. Кожны з аўтараў кажа пра свой плян, што разумеў неабходнасьць яднаньня напачатку кампаніі і нават быў гатовы і прапанаваў свае дзеяньні, ці сваю праграму як агульную, але іншыя (па розных прычынах) адмовіліся, не згадзіліся, ці абставіны не дазволілі. Далей ідзе крытыка, выкрываньне памылак і абвінавачваньне, якія тычыцца дзеяньняў іншых. А наступным крокам – апісаньне пэрспэктывы, як працягу тых самых сваіх стратэгій, які ізноў прапануюцца як магчымая база для яднаньня. Ніводзін з палітыкаў не дае крытыкі сваіх уласных дзеяньняў і адпаведна не ўносіць зьмены ў свае ўяўленьні і пляны.
Ніводзін з палітыкаў не дае крытыкі сваіх уласных дзеяньняў і адпаведна не ўносіць зьмены ў свае ўяўленьні і пляны.


З больш менш выразных прапановаў, якія б тычыліся аб’яднаных дзеяньняў (а не толькі накірунку працы сваей партыі) можна вызначыць тры: Івашкевіча, які прапануе ўзмацненьне ціску (эканамічнага праз Эўропу і ЗША), які можа прывесьці да каляпсу рэжыму, Мілінкевіча – прапанова якога тычыцца фармаваньня пазытыўнай альтэрнатывы для Беларусі, і прапанова Багданкевіча аб фармаваньні новых кааліцыйных органаў.

Калі не паглыбляцца ў зьмястоўны аналіз кожнай з гэтых прапановы, то можна сказаць, што ніводная зь іх не ўключае ў сябе нейкага аналізу дзейнасьці іншых суб’ектаў, раскладу палітычнай прасторы, дзе апроч партый і груповак есьць грамадзянская супольнасьць, замежныя структуры, есьць, нарэшце, улада, і ўсе з нейкімі сваімі пазыцыямі і плянамі.

Дракахруст: Аляксандар, а вы ўбачылі нешта новае? Некаторыя з аўтараў казалі пра адзінства. Ну гэта як у прымаўцы – ня ведаеш, з чаго хадзіць, хадзі з бубён. Скажаш пра адзінства – ніколі не памылісься. Але адзінства – яно форма для нейкіх зьместаў. А вось што наконт зьместаў – ці былі прапанаваныя нейкія сацыяльныя групы, на якія трэба арыентавацца, новыя прыёмы, новыя мэтады.

Класкоўскі
: На жаль, я буду пэўна самы рэзкі і пэсымістычны. У гэтым сэнсе – голы васэр. Слушна сказала Тацьцяна – праца над памылкамі нібыта зробленая, але гэта праца над чужымі памылкамі. Возьмем тэкст шаноўнага Зянона Пазьняка. Ён кажа: ёсьць унівэрсальны рэцэпт як зваліць дыктатуру – гэта байкот. Паводле Пазьняка народ ужо сасьпеў да байкоту і магчыма ўжо б ляснуўся гэты рэжым, але выходзяць гэтыя 9 альтэрнатыўных кандыдатаў
Усе мастакі пілаваць пілавіньне, кажучы словамі Дэйла Карнэгі.
(ён узгадвае, што іх называлі ў народзе клоўнамі) і яны ўсё сапсавалі. Павёўся народ, ламануўся на выбарчыя ўчасткі і ідэя байкоту не спрацавала.

Карацей кажучы, жаданае выдаецца за існае. І высновы ў шаноўнага Зянона Пазьняка, што трэба праводзіць ранейшую лінію, але больш настойліва.
Я не ўбачыў самакрытычнасьці. Я ў белым адзеньні, а ўсе астатнія такія-сякія і таму ўсё сарвалася.

На жаль мне здалося, што аўтары практычна ўсе паставіліся да гэтай прапановы Радыё Свабода, як да прапановы напісаць артыкулы. Яны зрабілі прыгожую публіцыстыку, там шмат пакручастых фразаў, але...

Усе мастакі пілаваць пілавіньне, кажучы словамі Дэйла Карнэгі. А вось правесьці нейкую рэалістычную праекцыю на пэрспэктыву – з гэтым кепска, усё зьбіваецца на агульныя фразы. І разьдзелы "што рабіць" аказаліся самымі слабымі, самымі пустымі ва ўсіх аўтараў.

Дракахруст: Наколькі адказы палітыкаў стасуюцца паміж сабой? Усё ж збольшага яны прапануюць бачаньне будучыні, плян дзеяньняў ня толькі для сваіх партый і груповак, а для апазыцыі ў цэлым. Дык наколькі гэтыя прапановы сумяшчальныя?

Класкоўскі: Справа ў тым, што прапановаў фактычна няма. Я ўсё гну сваю рэзка пэсымістычную лінію. Я вось выпісаў цытату з Мілінкевіча ( не таму, што ў яго найгоршы тэкст, а таму што ён тыповы):"Неабходна сфармуляваць для рэжыму нашы патрабаваньні аб палітычнай і грамадзкай лібэралізацыі і знайсьці мэханізмы іх выкананьня".
Пастаноўка задачы выдаецца за яе рашэньне.


Галоўная, сыстэмная хіба ў тым, што пастаноўка задачы выдаецца за яе рашэньне. І гэта характэрна для ўсіх тэкстаў.

Ці напрыклад даюцца нейкія абсалютна ідэалістычныя рэцэпты. Скажам, Багданкевіч піша, што амбіцыі перашкаджаюць палітыкам, асабліва маладым. Маўляў, маральна ўдасканальвайцеся і на нейкім этапе адбудзецца цудоўнае пераўвасабленьне.

Моцны ў сэнсе крытычнасьці тэкст Ярашука, але выснова ў яго такая, што перамога будзе тады, калі аб'яднаюцца галоўныя геапалітычныя гульцы – ЗША, ЭЗ і Расея. Карацей, калі рак на гары сьвісьне.

Калі казаць пра выпрацоўку супольнай стратэгіі, пад сьцягі якой маглі б стаць усе сілы, то на сёньня ня бачна такой магчымасьці, бо ёсьць як мінімум два водападзелы і паміж імі ўжо вельмі выразны антаганізм.

Першае – тое, пра што казаў Віталь, гэта "рэвалюцыянэры" і прыхільнікі дыялёгу. І ўжо ляцяць важкія камяні ў гарод прыхільнікаў дыялёгу, што гэта здраднікі, што яны гуляюць на карысьць рэжыму. А прыхільнікі дыялёгу кажуць: вы падзеямі на плошчы сарвалі легітымацыю рэжыму, дык гэта называецца спаліць дом, каб прыгатаваць яешню.

Тут такім асфальтавым катком па краіне рэжым прайшоў, што краіна на 10 гадоў назад адкінутая. Вы і далей да такіх "перамогаў" будзеце імкнуцца?

Гэтыя камяні з аднаго лягеру ў другі можна шпурляць да бясконца, але выйсьця пакуль ня бачна.

І другі водападзел: з аднаго боку, выразна прарасейскі Ярашук, які піша, што апазыцыю падводзіць пячорная антырасейскасьць і што без пераадоленьня гэтага нічога добрага ня будзе, і з другога – эўрапеец Мілінкевіч і "натавец" Кастусёў, які выступае за ўступленьне Беларусі ў Паўночнаатлянтычны альянс. І зразумела, што зь Ярашуком і наагул з левым прарасейскім крылом яны агульнай мовы ня знойдуць.

Таму ўсе гэтыя прапановы нагадваюць дыялёг сьляпога з глухім.

Цыганкоў: Я не цалкам падзяляю пэсымізм Аляксандра. Новае можна ўбачыць у тэкстах Станіслава Багданкевіча, які не абмежаваўся агульнымі развагамі і ацэнкамі, а прапанаваў канкрэтнае дзеяньне: "Самы кароткі шлях да аднаўленьня дэмакратыі і канстытуцыйнай законнасьці ў краіне ляжыць праз арганізацыйнае адзінства ўсіх апазыцыйных дэмакратычных сілаў, незалежна ад ідэалягічных, палітычных і эканамічных адрозьненьняў і пераваг, праз канцэнтрацыю дзеля гэтай мэты ўсіх рэсурсаў. На маю думку, неабходна неадкладна заснаваць агульнанацыянальны Саюз дэмакратычных сілаў, своечасова вылучыць на ролю агульнанацыянальнага лідэра дэмакратычнага палітыка, які сябе адпаведна зарэкамэндаваў, абраць агульнанацыянальны Прэзыдыюм, Палітычную раду".

Таксама новае можна ўбачыць у Івашкевіча, які заклікаў усіх далучыцца да патрабаваньня ўвесьці эканамічныя санкцыі.

Дракахруст: Тацьцяна, а на ваш погляд – наколькі сумяшчальныя паміж сабой прапановы 8-мі апазыцыйных палітыкаў?

Вадалажская: Сумяшчальнасьць, ці магчымасьць аб’яднаць залежыць ня толькі ад зьместу, але і ад таго, ці есьць у плянах перамовы, кампраміс. Я б сказала, што насамрэч нічога не прапанавана такога, што трэба было б сумяшчаць. Усе кажуць, што трэба яднацца і што патрэбная агульная
Насамрэч нічога не прапанавана такога, што трэба было б сумяшчаць.
плятформа. Але як яна паўстане – ніхто не кажа. Не кажа, што ён будзе рабіць сам, на якія кампрамісы гатовы пайсьці. Менавіта таму я б сказала, што зараз, як бы гэта не выглядала парадоксам, гэта несумяшчальныя пэрспэктывы не па нейкіх зьместавых, аб’ектыўных характарыстыках, а па дзейнасных – таму, што іх ніхто не імкнецца сумяшчаць.

Дракахруст: Назіраньне за нядаўнімі падзеямі ў Паўночнай Афрыцы і рэтраспэктыўнае асэнсаваньне каляровых рэвалюцыяў на постсавецкай прасторы спараджае ерэтычную думку: а можа ўсе гэтыя развагі пра бачаньні, праграмы, канцэпты – гэта такая гульня інтэлектуалаў? Якая такая праграма была ў туніскіх ці эгіпецкіх рэвалюцыянэраў? Якія такія неймаверна прывабныя і глыбокія канцэпцыі мелі падчас сваіх рэвалюцый Міхаіл Саакашвілі і Віктар Юшчанка? Да ніякіх, па шчырасьці. Можа, калі ня час, дык і ніякая праграма, канцэпцыя, бачаньне нічога ня зьменяць, а калі час, дык і любая падыйдзе?

Вадалажская: Сапраўды часам адбываецца так, што, як казаў клясык, “нізы не хочуць, а вярхі не могуць”, узьнікае рэвалюцыйная сытуацыя і ўсе само, без аніякіх праграм, рушыцца кудысьці. Але давайце паглядзім, што атрымліваецца з такіх спантанных рухаў і яшчэ – якая цана плаціцца
Нават калі нешта пачынаецца стыхійна, потым давесьці гэтую стыхію да нейкага парадку можа толькі той, хто мае хоць нейкі плян.
народам, якой колькасьцю суайчыньнікаў трэба заплаціць.

Ці адбылася дэмакратызацыя Эгіпту (дзе зараз улада вайскоўцаў), Лібіі (дзе Кадафі жорстка здушвае спантанны народны рух), у Бахрэйне, куды ўвайшлі саудаўскія войскі. Больш менш нармалёва выглядае Туніс. І нават калі нешта пачынаецца стыхійна, потым давесьці гэтую стыхію да нейкага парадку можа толькі той, хто мае хоць нейкі плян, нейкае ўяўленьне пра тое, куды і навошта накіроўваць гэтую актыўнасьць. Як і ва ўсім астатнім жыцьці і дзейнасьці, чым лепей мы падумалі пра сваю справу, тым меней выдаткі ад неправільных дзеяньняў.

Вы можаце без мапы шукаць нешта па горадзе і будзеце губляць час і сілы. Але ж вам і не любая мапа падыйдзе, а толькі мапа менавіта гэтага гораду. Але ж праўды яшчэ і ў тым, што проста намаляванай канцэпцыі ці праграмы мала. Патрэбна, каб яна кімсьці выконвалася і каб гэты суб’ект быў адпаведны, быў гатовы і маральна і фізычна і тэхнічна і г.д.

Што тычыцца Юшчанкі і Саакашвілі, то яны мелі пляны ці стратэгіі каб дамагчыся перамогі ў рэвалюцыі. Кіеўскі майдан быў вельмі добра тэхналягічна зладжаны. А вось з плянамі і праграмамі далей аказалася значна менш добра.

Цыганкоў: "Канцэпцыі і пляны патрэбныя якраз пераважна для эвалюцыйнага разьвіцьця сытуацыі.

Я скептычна стаўлюся да таго, што грамадзкія ўзрушэньні могуць ісьці паводле нейкага загадзя расьпісанага пляну, часьцей за ўсё гэта адбываецца стыхійна.
Многія радыкальныя перамены (рэвалюцыі) якраз адбываліся не паводле таго сцэнару, які малявалі сябе самі рэвалюцыянэры.


Хто чакаў у 1991 годзе масавых выступаў рабочых у Беларусі, якія ўскаланулі ўвесь СССР?

Наколькі я ведаю гісторыю і наколькі ўсе мы яе ведаем, многія радыкальныя перамены (рэвалюцыі) якраз адбываліся не паводле таго сцэнару, які малявалі сябе самі рэвалюцыянэры. Дастаткова ўзгадаць Леніна, які незадоўга да рэвалюцыі пісаў у эміграцыі, што ніякай рэвалюцыяй у Расеі і не пахне, што трэба будзе чакаць яшчэ шмат гадоў. Але гэта не перашкодзіла яму ў свой час забыцца на гэты свой прагноз, прыехаць у Расею і ўзначаліць гэтую рэвалюцыю.

Напрацоўкі павінны быць, але галоўнае – палітычны геній, які дазволіць палітыку ў патрэбны час адкінуць усе ранейшыя напрацоўкі і дзейнічаць паводле сытуацыі. А таксама палітычная ўдача.

Класкоўскі: Я згодны , што галоўнае – гэта спрыяльны момант ды харызма, уменьне асядлаць гэты момант. Але нехта з клясыкаў сказаў, што няма нічога больш практычнага, чым добрая тэорыя. І сапраўды – стратэгія мусіць быць. Ёсьць рэвалюцыйная сытуацыя ці няма, можа яна ня сёньня спрацуе. але яна мусіць быць.

І чаму несумяшчальныя дыялёг і рэвалюцыйны падыход? Нават у будзённым жыцьці ёсьць плян А і плян Б. Не спрацаваў дыялёг, тады пераходзім да іншага пляну дзеяньняў, было б жаданьне гэта інтэграваць.
Канцэптуальны порах варта заўжды трымаць сухім.


І яшчэ адзін момант – стратэгія не абавязкова павінна быць вельмі наварочанай і мудрагелістай. Падчас леташняй прэзыдэнцкай кампаніі былі вельмі простыя, як агурок, пастуляты: каб быў адзіны кандыдат, каб быў адзіны message, каб быў адзіны плян Плошчы. І давайце скажам шчыра – апазыцыя ня выканала ніводны з гэтых пунктаў. А калі б яна тупа выконвала гэтыя банальныя рэчы...

Уявім сабе, што быў бы адзіны кандыдат і зьбег чыньнікаў: Лукашэнка не замірыўся б зь Мядзьведзевым, Масква працягвала б наносіць «ядзерныя» інфармацыйныя ўдары перад самымі выбарамі, разагравала б народ, намэнклятура б захвалявалася. І пры такім кумулятыўным зьбегу чыньнікаў выяжджае на плошчу на белым кані адзіны кандыдат.

І, напрыклад, калі б той самы Някляеў быў не адным з дзевяці, а адзіным, дык наўрад ці рызыкнулі б яго гэтак брутальна выводзіць з гульні.

Карацей, магла б быць зусім іншая гісторыя. Таму стратэгія мусіць быць заўсёды. Стрэліць яна ці ня стрэліць – але канцэптуальны порах варта заўжды трымаць сухім.
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG