Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Найперш патрэбны маральны прыклад, сумленная палітыка, каштоўнасная альтэрнатыва


Віталь Рымашэўскі

Сустаршыня аргкамітэту па стварэньні партыі БХД, былы кандыдат на прэзыдэнта на выбарах 2010 году.

Бываюць рэдкія моманты ў гісторыі краіны, як і ў жыцьці чалавека, калі кожнае слова, кожнае рашэньне, кожнае дзеяньне (альбо бязьдзеяньне) становіцца надзвычай важным і важкім. Гэта ўнікальны час, калі адбываюцца зьмены, "момант ісьціны". Падзеі 19 сьнежня, тое, што адбывалася і адбываецца пасьля іх, — такі час для кожнага беларуса, для Беларусі. Адбываюцца лёсавызначальныя для Беларусі перамены. Якой будзе наша краіна ў бліжэйшыя дзесяцігодзьдзі — залежыць сёньня ад нас, ад дзеяньняў кожнага без выключэньня грамадзяніна Беларусі.

Што адбылося


У выніку выбарчай кампаніі, масавай дэманстрацыі 19 сьнежня была сарваная спроба легітымізацыі недэмакратычнай сыстэмы, часткай якой мусіла стаць штучная, кішэнная апазыцыя. Значна павялічылася падтрымка грамадзтвам дэмакратычных сілаў. У той жа час яшчэ ніколі за апошнія 16 год падтрымка ўлады беларускім насельніцтвам не была такой нізкай. Упершыню беларускія ўлады прайгралі на інфармацыйным полі. Беларускае грамадзтва больш ня верыць афіцыйнай прапагандзе.

Гэта адбылося, найперш, дзякуючы самадыскрэдытацыі афіцыйных СМІ, дзякуючы поўнай самадыскрэдытацыі мясцовых уладаў, зь якімі простыя беларусы вымушаны сутыкацца ў штодзённым жыцьці. На шматлікіх сустрэчах з выбарцамі цягам кампаніі тэзісы "мясцовыя начальнікі бароняць толькі інтарэсы адзін аднаго" і "простаму чалавеку немагчыма дабіцца праўды" аднадушна выказвалі прысутныя ва ўсіх гарадах і мястэчках Беларусі. Таксама вялікую ролю адыгралі кандыдаты і іх каманды. Ім удалося выканаць галоўную задачу — даць адказ на пытаньне: "Ці ёсьць альтэрнатыва?". Людзі падтрымалі незалежных кандыдатаў, паверылі ім, прагаласавалі за іх, выйшлі на Плошчу.

Еднасьць


На жаль, вылучыць адзінага кандыдата не атрымалася. На гэта быў шэраг прычынаў.

Найперш, прынцыповыя моманты. Розныя кандыдаты ўносілі такія пункты ў праграму альбо выказвалі такую пазыцыю, якая рабіла перамовы зь імі аб адзіным проста немагчымымі (часткова прарасейская пазыцыя Саньнікава і Някляева, выказваньні Раманчука пра легалізацыю прастытуцыі і г.д.).

Безумоўна, вялікую ролю адыгралі пэрсанальныя амбіцыі і амаль поўная адсутнасьць палітычнай культуры, якая б дазваляла прымаць узаемавыгадныя палітычныя рашэньні, будаваць трывалыя хаўрусы. Перакананы, што ў гэтым есьць пэўная віна кожнага палітычнага суб’екта без выключэньня.

Неспрыяльнай была і пазыцыя зьнешніх сілаў. У адрозьненьне ад 2001 і 2006 году, калі на вылучэньні адзіных цьвёрда настойвалі зьнешнепалітычныя сілы і замежныя донары, у 2010 годзе гэтая сілы хутчэй спрыялі адваротнаму. Асобныя прэтэндэнты мелі моцную палітычную і фінансавую падтрымку на Захадзе. Іх лабісты досыць жорстка казалі пра немагчымасьць супрацы з апанэнтамі і патрабавалі падтрымкі свайго пратэжэ, у адваротным выпадку пагражаючы пазбаўленьнем усялякай палітычнай і фінансавай падтрымкі. Трэба аддаць ім належнае, свае пагрозы яны адразу ж і рэалізоўвалі, але такая стратэгія не прывяла да жаданага выніку, іх прадстаўнік ня здолеў атрымаць неабходнай падтрымкі і адмовіўся ад удзелу ў выбарах.

Для Беларускай Хрысьціянскай Дэмакратыі былі і ёсьць прынцыповымі дзьве палітычныя ўмовы, пры якіх мы згодныя будаваць хаўрусы, удзельнічаць у палітычных кампаніях. Першая зь іх — любая палітычная кампанія павінна бараніць незалежнасьць Беларусі і не павялічваць залежнасьць краіны ад зьнешніх палітычных сілаў. Другая ўмова: палітычныя дзеяньні і кампаніі не павінны прыводзіць да стварэньня марыянэткавай, кішэннай апазыцыі. Для нас важным ёсьць захаваньне маральнасьці ў палітыцы, палітычныя рэформы на аснове хрысьціянска-дэмакратычных каштоўнасьцяў, а не дасягненьне пэрсанальнай улады. Ва ўмовах адсутнасьці вызначанага апазыцыйнага лідэра, трывалага даверу паміж палітычнымі суб’ектамі немагчыма было падтрымаць непартыйнага кандыдата без гарантый выкананьня названых умоў.

Але пэўная еднасьць і каардынацыя паміж кандыдатамі ўсё ж была. У першую чаргу як водгук на патрабаваньні з боку дэмакратычных актывістаў і выбарцаў (на кожнай сустрэчы чуліся настойлівыя пажаданьні еднасьці кандыдатаў). У выніку ўдалося спыніць публічныя сваркі ў выступах, дамовіцца на супольную пазыцыю пад час дэбатаў, на супольнае правядзеньне Плошчы. Дзякуючы гэтаму вялікая колькасьць кандыдатаў замест адмоўнай адыграла станоўчую ролю ў кампаніі. Замест зьнішчэньня працы адзін аднаго, у пэўнай ступені, атрымаўся рэзананс высілкаў. Любыя заявы аб еднасьці, любыя сумесныя дзеяньні дадавалі падтрымкі ўсім кандыдатам. Пры гэтым у кожнага кандыдата былі свае падыходы да працы з электаратам, былі спробы працы з новымі мэтавымі аўдыторыямі. І гэта прынесла свой плён у выглядзе колькасьці падтрымкі незалежных кандыдатаў і колькасьці ўдзельнікаў Плошчы.

Нягледзячы на малую ступень супрацы паміж палітычнымі сіламі і кандыдатамі падчас кампаніі, яе каштоўнасьць вельмі вялікая, бо дасягнутая яна была выключна дзякуючы патрабаваньням беларускага народу і добрай волі саміх палітычных суб’ектаў, насуперак зьнешнепалітычным сілам, якія спрабавалі раскалоць і пасварыць. Гэта дае надзею на тое, што ў беларускім дэмакратычным асяродку магчыма дасягненьне еднасьці і трывалых хаўрусаў у будучым.

Плошча-2010


Як і ў 2001, і ў 2006 годзе, Плошча стала арганізацыйнай паразай для ўсіх апазыцыйных сілаў, як для тых, хто браў удзел у арганізацыі, так і для тых, хто вырашыў ухіліцца ад удзелу і адказнасьці за тое, што адбывалася. Паразай, бо не атрымалася загадзя прыняць супольны плян правядзеньня акцыі, не ўдалося спыніць правакацыі.

Плошча, а таксама рух салідарнасьці, які ўзьнік адразу пасьля яе, сталі перамогай для беларускага народу. Было галоўнае — беларусы прадэманстравалі, што яны не баяцца, жадаюць зьменаў і гатовыя змагацца за іх.

Асноўнай супольнай памылкай было тое, што ня быў загадзя прыняты і агучаны агульны плян правядзеньня Плошчы. Чаму гэтага не адбылося? Лічу, што ў гэтым найперш вінаватыя амбіцыі, нежаданьне супрацы, залішняя занепакоенасьць змаганьнем за лідэрства ў апазыцыі і недаацэнка ўладаў. У гэтым ёсьць доля віны ўсіх.

Таксама ў розных палітычных сілаў былі, безумоўна, і розныя падыходы, розныя бачаньні таго, якім чынам павінны адбывацца зьмены ў Беларусі.

Безумоўна, неабходна будзе зрабіць высновы з падзеяў 19 сьнежня, абмеркаваць памылкі, выказацца па прынцыповых разыходжаньнях. Але амаральна абвінавачваць, нападаць на тых, хто ня можа адказаць, знаходзіцца ў вязьніцы. Гэта падобна да таго, калі зьбіваюць ляжачага чалавека — нізка і проста не па-мужчынску…

На час правядзеньня выбарчай кампаніі хрысьціянскія дэмакраты прынялі рашэньне не крытыкаваць публічна іншых дэмакратычных кандыдатаў. Лічу неабходным працягнуць гэты мараторый да тых часоў, пакуль іншыя знаходзяцца за кратамі і ня могуць выказацца.

Вынікам падзеяў 19 сьнежня таксама стаў шэраг негатыўных наступстваў. Павялічыўся раскол у беларускім грамадзтве, павялічыўся ўзровень нянавісьці. Адбылося небясьпечнае павелічэньне ўплыву Расеі, незалежныя дэмакратычныя сілы атрымалі моцны ўдар.

Зараз вызначаецца шэраг важных, лёсаносных пытаньняў для Беларусі:

Пытаньне незалежнасьці — ці застанецца наша краіна незалежнай ад Расеі.

Напярэдадні сьвяткаваньня ўгодкаў Беларускай Народнай Рэспублікі трэба ўзгадаць лёс нашых папярэднікаў. Марнымі былі ўсе спробы пабудаваць незалежнасьць Беларусі, спадзеючыся на падтрымку Захаду ці Усходу. Толькі тое, што было зроблена самімі беларусамі ў Беларусі, прынесла свой плён.

І сёньня небясьпечна пацяшаць сябе ілюзіямі, што расейскі ўрад, расейскае кіраўніцтва дапаможа прынесьці дэмакратыю ў Беларусь. У Расеі сытуацыя з правамі чалавека яшчэ горшая, чым у Беларусі. Расейскае кіраўніцтва пасьлядоўна, усімі магчымымі сродкамі спрабуе падпарадкаваць сабе суседнія народы, пазбавіць іх эканамічнай, культурнай, палітычнай незалежнасьці. Таму памылковыя і палітычна небясьпечныя любыя спробы апэляцыі да расейскага кіраўніцтва, каб выправіць сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі.

Таксама ня трэба ўскладаць залішні спадзеў на Захад.

Трэба не дапусьціць перамоваў заходніх дэмакратычных краін з Расеяй пра лёс нашай краіны без удзелу прадстаўнікоў Беларусі. У сёньняшніх варунках такія перамовы непазьбежна прывядуць да замацаваньня расейскага ўплыву на Беларусь.

Пытаньне існаваньня апазыцыі — рэальнай, незалежнай, а ня штучнай, кішэннай.

Ціск і рэпрэсіі ня могуць зьнішчыць дэмакратычны рух. Немагчыма пазбавіць народ волі да свабоды, да пераменаў. Таму тыя палітыкі, што адважацца змагацца за свабоду, за праўду і справядлівасьць, заўсёды здабудуць падтрымку і будуць мець посьпех. Нашмат большая небясьпека для дэмакратычных сілаў паходзіць не ад вонкавых пагроз, а ад унутранай здрады. Калі тыя, хто выступае як альтэрнатыва, будуць толькі прыкрывацца добрымі словамі, калі апазыцыйная сыстэма будзе больш падобная да крывога люстэрка сыстэмы ўладнай, тады беларускі народ будзе пазбаўлены нават шанцу на зьмены да лепшага.

На жаль, падзел сучаснай апазыцыі ўваходзіў у пляны ня толькі беларускай улады, але і асобных эўрапейскіх палітыкаў і іх беларускіх прадстаўнікоў. Гэтымі плянамі прадугледжвалася лабіраваньне толькі пэўных апазыцыйных групаў, ляяльных да ўлады і гатовых рэалізоўваць прапанаваныя ім заходнія стратэгіі, вяліся кулюарныя дамовы па допуску гэтых групаў да ўлады праз "абраньне" ў Палату прадстаўнікоў і г.д.; рабіліся захады па ізаляцыі ад міжнароднай падтрымкі іншых, неляяльных, з паступовым пераходам гэтых палітыкаў у шэраг аўтсайдэраў і дысыдэнтаў. Лёгіка такой стратэгіі вельмі простая: бяз сутнасных зьменаў сыстэмы інтэгруем ва ўладу прадстаўнікоў дэмакратычнай супольнасьці, якія стануць каталізатарамі дэмакратызацыі ўлады, дапамогуць прадстаўнікам улады стаць дэмакратамі. Лёгіка простая, але, на маю думку, цалкам памылковая. Бо прадстаўнікі дэмакратычнай супольнасьці пры такім сцэнары ня зробяць з прадстаўнікоў улады дэмакратаў, а хутчэй наадварот, самі стануць часткай сыстэмы. У выніку будзе разбураная апазыцыя, сучаснае грамадзка-палітычнае становішча будзе закансэрваванае на доўгі час. Рэалізацыя такога сцэнару непазьбежна прывядзе Беларусь да эканамічнай і палітычнай дэградацыі і, у недалёкай будучыні, — да нікім не кантраляванага стыхійнага бунту і перавароту, зь якога насамрэч могуць скарыстаць небеларускія палітычныя сілы. Але гэтая пагроза палітыкамі, якія дзейнічаюць паводле прынцыпу "лепей гарантаваныя асабістыя дывідэнды сёньня, чым няпэўныя пэрспэктывы ў будучыні", не бярэцца ў разьлік.

Таму пасьля 19 сьнежня некаторыя палітыкі кінуліся ўскладаць віну за падзеі на тых, хто апынуўся за кратамі.

Спадзяюся, што зараз стратэгія дэмакратычных краін у дачыненьні да Беларусі будзе зьмененая. Зараз ня час лабіраваць прасоўваньне асобных апазыцыйных груп за кошт астатніх, неабходна змагацца за вызваленьне вязьняў, затым за сутнасныя рэформы сыстэмы, паляпшэньне ўмоваў для ўсіх.

Беларускія палітыкі не павінны прадстаўляць пазыцыю замежных палітычных сілаў, хай сабе і дэмакратычных. Яны павінны прадстаўляць і адстойваць інтарэсы той часткі беларускага грамадзтва, якая іх падтрымлівае.

Сёньня пляны па стварэньні кішэннай апазыцыі ня спыненыя. Працягваюцца рэпрэсіі ў дачыненьні да незалежных дэмакратычных партый і аб’яднаньняў, працягваецца спроба дыскрэдытацыі іх лідэраў як з боку ўлады, так і з боку ляяльных. І гэта пры тым, што іх апанэнты знаходзяцца ў вязьніцы і ня могуць адказаць. Робяцца штучныя скандалы з мэтай расколу Рады дэмакратычных сілаў, ствараюцца новыя праекты кааліцый, заснаваныя выключна на прынцыпе ляяльнасьці да ўладаў.

Супрацьстаяць гэтаму можна толькі публічнасьцю і адкрытасьцю дэмакратычных сілаў да грамадзтва, павялічэньнем актыўнасьці шараговых палітычных актывістаў і простых грамадзян, іх уплыву на прыняцьце рашэньняў апазыцыйнымі лідэрамі.

Безумоўна, стратэгіі і бачаньне рэформаў у розных палітычных сілаў вельмі розныя, часам супрацьлеглыя. Але сёньня пад пагрозай знаходзіцца само існаваньне незалежных дэмакратычных сілаў, вызначаецца лёс дзясяткаў людзей, абвінавачаных па крымінальнай справе. Таму еднасьць неабходная, за яе трэба змагацца, яе трэба бараніць.

Перакананы, што вырашыць беларускія праблемы могуць толькі самі беларусы, не суседзі з Захаду ці Ўсходу. Таму неабходна рабіць спробы наладжваньня грамадзкага дыялёгу ўнутры краіны, у тым ліку з удзелам прадстаўнікоў улады. Але гэта павінен быць дыялёг як адзін са сродкаў дамагчыся сваіх мэтаў мірным шляхам, дыялёг як цьвёрдая і прынцыповая размова, ні ў якім выпадку не безагаворачная і беспрынцыповая калябарацыя. Дыялёг магчымы пры наяўнасьці добрай волі і жаданьня дасягнуць паразуменьня з абодвух бакоў. Калі ж толькі адзін бок увесь час задавальняе інтарэсы і патрэбы другога — то такая зьява называецца не дыялёгам, а зусім іншым тэрмінам.

У сёньняшніх варунках, калі за кратамі знаходзяцца многія лідэры, заклікі да дыялёгу вельмі лёгка могуць перайсьці мяжу маральнасьці.

І, на маю думку, самае галоўнае пытаньне, якое вырашаецца сёньня — гэта пытаньне таго, якой будзе беларуская палітыка. Ці будзе сапраўдная альтэрнатыва сёньняшняй сыстэме? Якой яна будзе? Цынізм, беспрынцыповасьць, хлусьня дзеля захаваньня свайго палітычнага жыцьця — або прынцыповасьць, ахвярнасьць, змаганьне за каштоўнасьці?

Стан сёньняшняй дэмакратычнай супольнасьці, дух сёньняшняга часу надзвычай добра перададзены ў творы з апошняга альбома Лявона Вольскага на словы Пімена Панчанкі. У іх і сутнасны адказ на пытаньні, што адбываецца і куды ісьці.

…Дрэннаму — не пакарыцца,
Добрае — не празяваць.
З дробнай хлусьнёй не мірыцца,
З буйнай хлусьнёй ваяваць.

Гэтым бы і кіравацца…
Толькі і зло, і хлусьня
Хітра маскіравацца
Вучацца спрытна штодня.

Нехта і подлы, і хіжы
Клятву паўторыць тваю:
З ворагам біцца — і выжыць,
Нібы салдат у баю.

Будучыня Беларусі — гэта ня тое, што "будзе пасьля таго , калі мы прыйдзем да ўлады". Будучыня Беларусі — гэта тое, што сёньня маем мы, тое, на чым мы будуем свае пляны, сваё змаганьне. Важна ведаць, на якім падмурку будаваць новую Беларусь. Важна не памыліцца. На вялікі жаль, для многіх палітыкаў (як і для многіх людзей у жыцьці) хлусьня — адзін са звыклых сродкаў дзеля дасягненьня сваіх мэтаў.

Дзеля перамогі неабходна ня проста стаць мацнейшымі, трэба стаць якасна іншымі, стаць сапраўднай альтэрнатывай. Раз і назаўсёды адмовіцца ад спробаў ужываць дрэнныя сродкі дзеля дасягненьня добрых мэтаў, адмовіцца ад нянавісьці, гвалту і хлусьні як мэтадаў, прымальных у палітычнай дзейнасьці.

Сумленнасьць і прынцыповасьць — галоўнае, што трэба адрадзіць у беларускай палітыцы. Гэта той падмурак, на якім сёньня можна збудаваць пасьпяховае змаганьне за Беларусь. Ніякія дэталёва прапрацаваныя пляны, ніякая падтрымка замежных палітыкаў, ніякія матэрыяльныя сродкі ня здолеюць замяніць гэтыя рэчы.

Калі я бачу цынічныя паводзіны, чую, як высакароднымі словамі "праўда", "свабода", "справядлівасьць", "незалежнасьць" прыкрываюцца нізкія ўчынкі — гэта прыносіць адчуваньне расчараваньня, але гэта таксама дае надзею, веру ў беларускі народ. Калі кожны беларускі палітык сёньня вымушаны казаць гэтыя словы, прыкрывацца імі — гэта значыць, што гэтыя каштоўнасьці насамрэч важныя для беларусаў і рана ці позна яны рэалізуюцца ў грамадзкім і палітычным жыцьці. Бо хлусьня кожнага, чые словы разыходзяцца са справай, рана ці позна стане відавочнай, гэтыя людзі страцяць падтрымку, ім на зьмену прыйдуць іншыя, тыя, хто будзе варты і падтрымкі, і даверу.

Узгадваецца пахаваньне Васіля Быкава. Без папярэдняга закліку, бяз страху прыйшлі тысячы людзей, прайшлі праз увесь горад "несанкцыянаваным" шэсьцем. І ніхто не наважыўся іх спыніць (я думаю, і ня здолеў бы), таму што Быкаў быў бясспрэчным маральным аўтарытэтам, сумленьнем нацыі.

У той жа час на заклікі дэмакратычных лідэраў, нават пасьля распаўсюду улётак і г.д., часта зьбіраецца значная меншая колькасьць людзей.

Сёньня беларусам найперш патрэбны маральны прыклад, сумленная палітыка, каштоўнасная альтэрнатыва.

Лічу, што сярод дзеючых палітыкаў такія прыклады — Павел Севярынец і Зьміцер Дашкевіч. Зь іх дзеяньнямі і выказваньнямі не заўсёды можна пагаджацца, яны могуць быць недастаткова дасьведчанымі, яны, безумоўна, як і ўсе людзі, робяць памылкі. Але ў гэтых палітыкаў ёсьць галоўнае, без чаго ніхто ня мае права нават прэтэндаваць на ролю палітыка — уменьне ставіць на першае месца не свае інтарэсы, а дасягненьне мэтаў, якія дэкляруюцца, здольнасьць ахвяраваць дзеля іх. Спадзяюся, што за такімі людзьмі — будучыня беларускай палітыкі.

Непазьбежна будуць пасаромленыя тыя, хто спадзяецца на сілу падману, грошай, гвалту. Хачу нагадаць апошнія словы, сказаныя на свабодзе адным з заснавальнікаў хрысьціянскай дэмакратыі ў Беларусі Адамам Станкевічам перад ягоным арыштам, ссылкай у сталінскі канцлягер: "Праўда сілу пераможа".

У гэта я веру. Таксама веру ў духовую сілу і здольнасьць беларускага народу ісьці за праўдай, свабодай і справядлівасьцю.

Што рабіць


Нам неабходна ня проста адстаяць тое, што было дасягнута на момант 19 сьнежня, дамагчыся вызваленьня зьняволеных, нам трэба ўзмацніць змаганьне, ісьці наперад.

Трэба рабіць рэальныя крокі да яднаньня на глебе супольных дзеяньняў і супольных каштоўнасьцяў. Пасьля 19 сьнежня была створана Каардынацыйная рада дэмакратычных сілаў. Аднымі зь першых прапанову аб кансалідацыі агучылі хрысьціянскія дэмакраты. Неабходна працягваць гэтую працу.

Неабходна яднаць беларусаў у супольным змаганьні. Сёньня найперш яно павінна быць накіраванае на вызваленьне вязьняў. Наш адказ на гвалтоўныя дзеяньні, на запужваньне мусіць быць адзін — узмацненьне салідарнасьці, яднаньне ў супольным негвалтоўным супраціве, адкрытыя актыўныя дзеяньні.

У сувязі з тым, што пачынаюцца судовыя працэсы над абвінавачанымі па справе 19 сьнежня, Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя абвясьціла кампанію "Стань сьведкам".

Мы заклікаем усіх, хто браў удзел у акцыі пратэсту 19 сьнежня, далучыцца да кампаніі і засьведчыць на судах пра мірны, негвалтоўны характар правядзеньня акцыі, пра дзеяньні абвінавачаных лідэраў, накіраваныя на спыненьне правакацый і гвалту.

Далучыцца да кампаніі можна, зьвязаўшыся праз тэлефон +375-29-167-3435 альбо пакінуўшы свае кантакты на сайце www.bchd.info.

Неабходна падтрымліваць незалежныя дэмакратычныя партыі. Я заклікаю ўсіх далучацца да дзейнасьці Беларускай Хрысьціянскай Дэмакратыі, іншых палітычных і грамадзкіх ініцыятыў і арганізацый. Абараніць свабоду і незалежнасьць нашай краіны, вызваліць зьняволеных мы можам толькі разам. Ад кожнага неабыякавага чалавека, кожнага актывіста сёньня залежыць лёс нашай краіны.

Словы, з якімі сёньня хачу зьвярнуцца да ўсіх беларусаў:

Для тых хто мужна трывае выпрабаваньні — трымайцеся да Перамогі, бо яна магчымая выключна дзякуючы вашаму трываньню.

Для тых, хто спужаўся і ўпаў — падымайцеся, бо і апостал Пётар падаў, але ўстаў, працягнуў змаганьне і атрымаў дараванне.

Для тых хто застаўся ўбаку: адкрыйце свае сэрцы — далучайцеся!

Для ўсіх нас: будзем ісьці па шляху праўды, свабоды і справядлівасьці. Будзем змагацца адзін за аднаго, дараваць і ніколі не спыняцца. Будзем трываць у любові да Беларусі і да кожнага беларуса. Бо толькі гэты шлях вядзе да перамогі, сам гэты Шлях становіцца Перамогай.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG