Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Калі апазыцыя ня здолее правесьці працэс самаачышчэньня, яе чакае незайздросны лёс"


Аляксандар Ярашук, старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў, віцэ-прэзыдэнт Міжнароднай канфэдэрацыі прафсаюзаў

Неўзабаве пасьля прэзыдэнцкіх выбараў амбасадар адной з краін ЭЗ у гутарцы са мною ўсклікнуў: "Дзе лёгіка ў паводзінах спадара Лукашэнкі? Заставалася пратрымацца ўсяго некалькі гадзін, і ў кішэні прызнаньне, паўнавартасная легітымнасьць з боку Эўропы і ЗША!" На што я адказаў, што няма сэнсу шукаць лёгікі ў паводзінах чалавека, які ніколі ёю не кіруецца. Ці, дакладней, кіруецца толькі адной лёгікай — лёгікай захаваньня ўлады любой цаной.

Якімі павінны былі быць у такіх абставінах дзеяньні апазыцыі? Любой цаной зламаць сцэнар рэжыму. Ці ўдалося гэта ажыцьцявіць? У пэўным сэнсе. Пра гэта сьведчаць палітычныя наступствы, якія атрымаў рэжым пасьля брутальнай расправы над удзельнікамі акцыі пратэсту на плошчы Незалежнасьці. Але гэты вынік не павінен закрываць нам вочы на тое, што сур’ёзнай стратэгіі з боку тых, хто браў удзел у выбарчай кампаніі ў якасьці кандыдатаў у прэзыдэнты, не было.

Калі вы не сабралі подпісы, а з самога верху публічна даюць даручэньне вам дапамагчы і вас зарэгістраваць, калі ўлада сама наўмысна ідзе на парушэньне закону, то гэта сьведчыць толькі пра адно. Вы — не суб’ект, а аб’ект кампаніі, якая называецца "прэзыдэнцкія выбары", і вы моцна рызыкуеце, згадзіўшыся гуляць па-за законам.
Іншая рэч, калі вы на такіх умовах узгаднілі з уладай свой удзел у кампаніі, што, падобна, асобнымі кандыдатамі было зроблена. Якія павінны быць дзеяньні ўсіх астатніх кандыдатаў? Толькі два варыянты: або неадкладна аб’яднацца і вылучыць адзінага, або ўсім зьняцца, каб ня ўдзельнічаць у фарсе.

Не было зроблена ні адно, ні другое. Апазыцыйных кандыдатаў уратавалі ад палітычнага банкруцтва толькі людзі, якія масава выйшлі на плошчу. Дарэчы, я згодны са Сьвятланай Калінкінай, што большасьць
Ратаваць твар апазыцыі дапамог сваімі дзеяньнямі і Лукашэнка.
зь іх выйшла не таму, што іх клікалі туды кандыдаты, а таму, што ўлада сваімі дзеяньнямі, сваёй зьнявагай і нахабнасьцю іх дастала. Таму ня трэба сябе цешыць шматлюднасьцю Плошчы. Хутчэй гэта нагода сур’ёзна задумацца, што ў беларускім грамадзтве нараджаецца працэс, на які апазыцыя ня мае прамога ўплыву і рызыкуе яго страціць наагул.

Ратаваць твар апазыцыі дапамог сваімі дзеяньнямі і спадар Лукашэнка, які сапраўды напужаўся масы народу, які выйшаў на Плошчу. Акрамя таго, ён ня мог дараваць людзям, якія пагадзіліся гуляць у яго спэктаклі ролю ахвярных жывёлін, што яны распачалі нейкія дзеяньні, якія не прадугледжаны сцэнарам. Яшчэ раз пацьвердзілася правіла — ніколі не сядайце гуляць з махляром у карты ці напарсткі. А калі селі — у зручны момант сыдзіце. Бо, калі будзеце гуляць да канца, то скандалу з мардабоем не пазьбегнуць. Але скандал — не перамога. Таму я пагаджуся з Андрэем Клімавым, які загадзя папярэджваў Уладзіміра Някляева і Андрэя Саньнікава аб пагрозе арышту. Трэцяга, пераможнага, выйсьця не было: ці бясслаўны палітычны канец у выпадку, калі б людзі ня выйшлі (альбо выйшлі, пастаялі і разышліся, што было цалкам верагодна), ці адчайныя дзеяньні і ў выніку турма.

Вядома, кашчунствам будзе іх за зьдзейсьненае асуджаць. Гэты ўчынак сьведчыць пра высокія чалавечыя якасьці кандыдатаў, іх гатоўнасьць да самаахвярнасьці. Але людзі, якія прэтэндуюць на ролю палітычных лідэраў дзяржавы, павінны мець і якасьці стратэгаў. Напэўна, высакародна для маршала кінуцца, як радавы Аляксандар Матросаў, на амбразуру. Але гэтым маршалы войны выйграваць ня ў стане.

Пераможнага для апазыцыі сцэнару на выбарах, зьдзяйсьненьня "каляровай рэвалюцыі" не было і не магло быць. Па-першае, яшчэ ніхто і нідзе дэмакратычным шляхам аўтарытарную ўладу не мяняў. Па-другое, і гэта галоўнае, пад самым буйным мікраскопам нельга было заўважыць хоць нешта, што сьведчыла б пра сур’ёзнае аслабленьне пазыцый рэжыму ў грамадзтве. Кантралявалася і не выклікала незадаволенасьці сацыяльна-эканамічная сытуацыя, расьлі заробкі і пэнсіі. Замеры сацыёлягаў, у тым ліку і НІСЭПІ, сьведчылі, што ўлада досыць упэўнена ідзе да свайго пераабраньня.

Таму лічу шкоднымі для справы сьцьвярджэньні, што Лукашэнка выбары ня выйграў.
Пераможнага для апазыцыі сцэнару на выбарах не было.
Мая асабістая думка, што ён атрымаў падтрымку 53—55 адсоткаў ад усіх, хто прыняў удзел у выбарах, ня вельмі адрозьніваецца ад лічбы НІСЭПІ ў 58 адсоткаў. Шкодна будаваць ілюзіі наконт перамогі, якой не было. Шкодна таму, што ў такім выпадку немагчыма стварыць эфэктыўную і адэкватную сытуацыі стратэгію.

На жаль, крытычнага аналізу прэзыдэнцкай кампаніі апазыцыя ня робіць і, баюся, ня зробіць. Няма новых ідэй, няма разуменьня, што трэба мяняцца, і мяняцца кардынальна. Усё тыя ж твары, тыя ж прамовы, тыя ж прынцыпы і прыярытэты. Якія сьведчаць пра адно — пра тое, што Сьвятлана Алексіевіч ахарактарызавала клясычнай фразай: "страшно далеки они от народа".

Не пасьпелі стварыць Каардынацыйную раду дэмакратычных сіл — адразу пачалі сварыцца за ўплыў, узьніклі спробы выкарыстоўваць яе як інструмэнт маніпуляцый. Не пасьпелі адных зачыніць, як другія дзелавіта, у традыцыях пірацкіх правіл, пачалі прэтэндаваць на іх палітычную спадчыну. І пацягнуліся ў замежныя ваяжы. Па форме — каб данесьці сьвету праўду пра злачынны беларускі рэжым, па сутнасьці — каб прадоўжыць сваю манаполію на права прадстаўляць дэмакратычную супольнасьць краіны. А галоўнае — узяць пад кантроль новыя крыніцы фінансаваньня, якія ўжо вельмі неасьцярожна Захад паабяцаў зрабіць значна больш паўнаводнымі.

Наагул, хочацца схапіцца за галаву, назіраючы за паводзінамі асобных палітыкаў. Бясконцыя скандалы, канфлікты ў цэлым шэрагу партый і грамадзкіх рухаў сьведчаць пра адно: лідэры ня ведаюць і не жадаюць ведаць элемэнтарнага — прынцыпаў адбудовы камунікацый паміж сабой.

У што ператварыліся, да прыкладу, дзьве знакавыя партыі беларускай дэмакратыі — БНФ і БСДП (Грамада)? Прыкра нават ня тое, што адзін канфлікт тут зьмяняе другі, а тое, зь якой лёгкасьцю іх ствараюць і зь якой гатоўнасьцю ў іх удзельнічаюць. Больш за тое, з задавальненьнем выстаўляюць напаказ гэты бруд нямытай бялізны ў сродках масавай інфармацыі.

Як нядаўна адбылося ў БНФ? Адна частка кіраўніцтва, апантаная барацьбой з другой, зачыніла офіс партыі.
Хочацца схапіцца за галаву, назіраючы за паводзінамі асобных палітыкаў.
Другая, ня менш матываваная на гэтую ўнутрывідавую барацьбу, уперлася ілбамі ў зачыненыя дзьверы і не знайшла нічога лепшага, як тэлефанаваць незалежным сродкам масавай інфармацыі. Тыя, замест таго каб сьцішыць ці паслаць іх далей, скажам, у напрамку СБ ці БТ, падалі грамадзтву ўсю гэтую непатрэбшчыну як найважнейшую навіну. Скажыце, калі гэта палітыка, то што тады дзіцячы садок? Як на мяне, то гэта найлепшы сродак, каб давесьці аўтарытэт БНФ да поўнага нуля.

Пра БСДП (Грамада) і наагул няма чаго казаць, бо гэта, як кажуць сёньняшнія прасунутыя, — "поўны абзац". Нават ня верыцца, што можна было давесьці да такога маразму арганізацыю зь ці не наймацнейшым у краіне кадравым і інтэлектуальным патэнцыялам.

Падобна, на той жа шлях саступае і АГП, дзе кіраўнічы орган днямі аднагалосна выказаў недавер Яраславу Раманчуку. Калі вы такія прынцыповыя ў дачыненьні да Яраслава, то чаму беспрынцыпныя да сябе? Хто вылучаў Раманчука, хто павінен несьці за гэта адказнасьць, калі ня вы? Ужо ня кажучы пра тое, што далёка ня ўсё высьветлена адносна падзей 19 сьнежня, ролі і матываў паводзін Раманчука. Адным словам, як казаў клясык, што б ні будавалі — усё адно атрымліваецца КПСС. Дзе таксама спачатку выносілі прысуд, а потым разьбіраліся. І ў якім бы годзе ні жылі, усё роўна цягне да традыцый 37-га. Можа, таму, што абвінавачваньне кагосьці — заўсёды апраўданьне сябе?

Наагул, цешыць лёгіка развагаў і ацэнак дзеяньняў асобных кандыдатаў. Калі цябе не пасадзілі або выпусьцілі з "амэрыканкі" і ты штосьці падпісаў, як Віталь Рымашэўскі, — табе недавер. А калі наіўны і шчыры Віталь, як сапраўды веруючы чалавек, яшчэ не навучыўся хлусіць, не ператварыўся ў цыніка? А калі беларускі КДБ не такі тупы і недалёкі і кагосьці наўмысна адпускае, каб навесьці цень, а кагосьці наўмысна трымае, каб той потым вадзіў натоўпы апазыцыйных авечак? Такое можна выключаць? Не.

Прынамсі, ня трэба нікога падазраваць, як і ня трэба нікому выказваць недавер. Трэба проста раз-пораз карыстацца сваёй галавой па яе прамым прызначэньні — думаць.

КДБ зь яго несумненным уплывам ня робіць дзясятай долі той шкоды, якую сама сабе ў асобе сваіх лідэраў наносіць апазыцыя. Таму я заўсёды іранічна ставіўся да дэманізацыі ролі спэцслужбаў у дэмакратычным руху. Зручней перакласьці віну на КДБ, як калісьці за савецкім часам перакладалі на яўрэяў, чым прызнацца ва ўласнай няздольнасьці.

Насамрэч, адна з галоўных прычын дэградацыі апазыцыі — ператварэньне палітычнага працэсу ў палітычны бізнэс. Таму апазыцыя страціла галоўную сваю перавагу — маральнасьць.
Апазыцыя страціла галоўную сваю перавагу — маральнасьць.
Паслухайце лексыкон тых, хто браў удзел у прэзыдэнцкай кампаніі. Чым яны займаліся? Змагаліся за дэмакратычныя перамены? Не — "дзярбанілі, пілілі бабло, рубілі бабкі". Асобныя спрытнюгі, як высьветлілася, "нарубілі" на многія сотні тысяч замежных рублёў. Гэта не лексыкон і інтарэсы дэмакратаў, ідэйных змагароў, гэта лексыкон і інтарэсы крыміналізаванай структуры.

І калі апазыцыя ня здолее правесьці працэс самаачышчэньня, яе чакае незайздросны лёс. Плошча Незалежнасьці 19 сьнежня дала надзею на зараджэньне новай плыні, новай хвалі, новых людзей і новых лідэраў. Разам з тым яна дала шанец, можа, апошні, сёньняшняй апазыцыі быць запатрабаванай у якасьці адноўленай сілы, калі яна адказна паставіцца да гэтага выкліку і выпрацуе адпаведную часу стратэгію.

Асноўны прынцып стратэгіі — ніхто за нас ня вырашыць задачы дэмакратычных зьменаў. Але ажыцьцявіць іх магчыма ў сёньняшніх абставінах толькі пры падтрымцы зьнешняга фактару. Рэальным зьнешні фактар падтрымкі можа быць толькі ў адным выпадку — у выпадку кансалідацыі сіл усіх асноўных палітычных гульцоў, якія маюць цікавасьць да Беларусі — ЭЗ, ЗША і, несумненна, Расіі.

А. Лукашэнка зрабіў самую вялікую за сваё багатае палітычнае жыцьцё памылку — не скарыстаў шанец годна сысьці ў мінулым годзе. Як палітык ён вынес сам сабе прысуд, і справа нядоўгага часу, калі гэты прысуд будзе прыведзены ў выкананьне. Ён кансалідаваў супраць сябе ўсіх, і самае галоўнае — Расею. Нават Аляксандар Рар у сваім інтэрвію распавёў, што ключы ад перамен на Беларусі знаходзяцца ў Крамлі і што Захад разумее неабходнасьць узгадненьня сваіх плянаў наконт Беларусі з Расеяй. Уратаваць А. Лукашэнку можа толькі фантастычны зьбег абставін.

І яшчэ, як ні парадаксальна, беларуская апазыцыя будзе прайграваць, калі і надалей сваю стратэгію будзе грунтаваць на безадказнай антырасейскасьці. Менавіта яе антырасейскасьць — своеасаблівы выратавальны круг для рэжыму.

Пара нарэшце перастаць супрацьпастаўляць мэты Захаду і Расеі ў беларускім пытаньні, спэкуляваць на выдуманых пагрозах страты незалежнасьці Беларусі з боку ўсходняй суседкі. Пэрманэнтная і
Уратаваць А. Лукашэнку можа толькі фантастычны зьбег абставін.
рэальная пагроза для незалежнасьці адна — гэта сам беларускі рэжым, яго існаваньне. Адзіна слушнае рашэньне — усяляк спрыяць кансалідацыі пазыцыі ЭЗ, ЗША і Расеі адносна перамен у Беларусі.

Калі ня будзе разуменьня неабходнасьці карэнным, прынцыповым чынам зьмяніць аблічча апазыцыі і яе стратэгію, не адбудзецца самаачышчэньня, гістарычны працэс яе проста абміне і выкіне на ўзбочыну. Там яна і будзе дажываць свой век у маргінальным выглядзе, цалкам страціўшы ўплыў на палітычнае і грамадзкае жыцьцё краіны.

Наперадзе багата цікавага. Рэжым пражыў сваё залатое дзесяцігодзьдзе, марна страціўшы час і не правёўшы мадэрнізацыю. Хочацца ці не, але давядзецца вучыцца жыць па сродках, без расейскіх субсыдый, весьці прыватызацыю. Усё гэта наўрад ці абыдзецца бяз росту сацыяльнай напружанасьці і катаклізмаў.

Тады могуць быць розныя разьвязкі сытуацыі: або, сьледам за прыкладам паўночнаафрыканскіх краін, адбудзецца масавы выхад народу на вуліцы, і невядома, хто ў выніку пажне ўраджай рэвалюцыі. Або беларускае пытаньне будуць вырашаць зьнешнія сілы бяз нашага ўдзелу, з усімі наступствамі для краіны, якія ўзьнікаюць у такіх выпадках. Нам гэта патрэбна?

Мне — не. Думаю, маю пазыцыю падзяляюць на Беларусі многія. Як тыя, хто знаходзіцца ў шэрагах апазыцыі, так і вялікае мноства людзей незапатрабаваных, з актыўнай грамадзянскай пазыцыяй. Яны крытычна ставяцца як да ўлады, так і да апазыцыі ў яе сёньняшнім стане. Значыць, ёсьць надзея, што ня ўсё яшчэ страчана і можа нарадзіцца сіла, якая возьме на сябе адказнасьць за будучае Бацькаўшчыны ў гэты лёсавызначальны для яе момант.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG