Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Абаронім наш дом Беларусь. Выратуем змагароў за свабоду. Уславім герояў барацьбы за незалежнасьць. І што далей рабіць?


Рыгор Кастусёў

Завяршылася чарговая палітычная кампанія – прэзыдэнцкія выбары 2010 году.

Завяршылася непрадказальна жорстка, са зьбіцьцём, арыштамі, судовымі расправамі.

А пачыналася ўсё, здаецца, вельмі прыгожа. Гэта і значная лібэралізацыя, у параўнаньні зь мінулымі выбарчымі кампаніямі, у часе збору подпісаў і ў часе рэгістрацыі кандыдатаў на пасаду прэзыдэнта. Гэта і не падобная на іншыя агітацыйная кампанія.

Працэс вызначэньня прэтэндэнтаў у кандыдаты ад дэмакратычнай супольнасьці пачаўся амаль за два гады да выбараў. У сярэдзіне 2010 году быў прадпрыняты шэраг спробаў аб’яднаньня прэтэндэнтаў ад дэмакратычных сілаў з прыняцьцем працэдуры па выхаду на адзінага кандыдата ад дэмакратычнай супольнасьці. Але ў сувязі з адмовай шэрагу прэтэндэнтаў удзельнічаць у дадзенай працэдуры і ў выніку яе непразрыстасьці супольная праца ў дадзеным накірунку сышла на “нішто”. Ня мелі посьпеху і прапановы некаторых кандыдатаў аб супольным зьняцьці з выбараў. Ва ўсіх выпадках шчырай і празрыстай заставалася толькі пазыцыя Партыі БНФ.

У выніку, на фінішную прамую выйшлі дзевяцера кандыдатаў у супрацьвагу дзеючаму прэзыдэнту, прадстаўляючыя рознаплянавы палітычны і грамадзкі спэктар нашай краіны, з рознымі па колькасьці людзкім і фінансавым патэнцыялам, з рознымі інтарэсамі і рознымі поглядамі на пэрспэктывы разьвіцьця Беларусі... І толькі Партыя БНФ ішла на гэтыя выбары са сваім кандыдатам, каб бараніць карэнныя інтарэсы беларускага народу.

Нацыянальныя інтарэсы вышэй за ўсё – вось прынцып, які адстойвае Беларускі Народны Фронт.


Несумненна, што за перадвыбарчай сытуацыяй у Беларусі ўважліва сачылі з вышэйшых прыступкаў Крамля. Бо на працягу апошніх 1,5-2 гадоў адносіны паміж кіраўніцтвам Расеі і Беларусі былі вельмі напружанымі. Фактычна, гэта была “халодная вайна”, якая праходзіла на фоне вастрэйшага нафта-газавага, цукровага і іншых канфліктаў. А надалей перакінулася ў вайну ў дыпляматычнай сфэры (падзеі вакол Абхазіі, Паўднёвай Асэтыі, Кіргізіі, дачыненьняў з Эўропай), у бязьлітаснаю вайну ў мэдыях і міжасабовую вайну. І, відавочна, гэта была ня толькі рэакцыя вядомых топ-пэрсонаў Раеі на нястрыманыя і бестактоўныя паводзіны мясцовага тэрмінатара, але і прадуманая палітыка Масквы. Бо гульні Лукашэнкі з Эўропай насьцярожылі маскоўскіх кіраўнікоў. Іх бліжэйшы саўдзельнік усё больш высьлізгваў зь іх мядзьвежых абдымкаў, даваў небясьпечны прыклад іншым, прэтэндаваў на ролю нейкага новага інтэгратара ў “зоне расейскіх інтарэсаў”. А гэта шкодзіла новым маскоўскім плянам па “зьбіраньню зямель”, бурыла іх задумы. Відавочна, што пытаньне трэба было вырашаць, і вырашаць неадкладна.

У той жа час пачалі адбывацца нечаканыя і, як быццам бы, незразумелыя падзеі ў Беларусі: выбух на тэрыторыі расейскай амбасады, забойства вядомага журналіста і інш. Пытаньне: “Хто і зь якой мэтай?” – так і павісла ў паветры.

Некаторыя новасьпечаныя але амбітныя беларускія кандыдаты на прэзыдэнцкі пасад раптам як ніколі былі абласканыя ў Маскве і загаварылі складна па-маскоўску. Упершыню найбольш прыглянуўшыяся зь іх атрымалі і фінансавую падтрымку, а прыхавана, на нейкі час, і іншую.

Зразумела, што ўсе гэтыя выразныя сыгналы з суседняй зямлі, як і дзеяньні зачасьціўшых у яе кандыдатаў пільна адсочваліся ў Менску. І чым больш было такіх сыгналаў, тым больш нэрвовай станавілася атмасфэра ў доме на К. Маркса. Урэшце, нэрвы ў яго галоўнага насельніка пачалі здаваць.

За паўтара тыдня да выбараў беларускі дыктатар безумоўна падпісвае ўсе пагадненьні з Масквой: аб Адзінай эканамічнай прасторы, аб Мытным саюзе і інш, чаго ад яго настойліва ў крамлёўскіх сьценах і чакалі. Рыторыка Масквы раптам зьмянілася са стрымана пагрозьлівай на нястрымана хвалебную. На “назіраньне” за выбарамі неадкладна выправілася група наглядальнікаў Міжпарлямэнцкай асамблеі СНД (расейскі спэцатрад па прыхаваньню фальсыфікацыі выбараў). Але найбольш важкая задача пляну была адваротная – недапушчэньне прызнаньня выбараў у Беларусі з боку заходніх дзяржаваў, якія рыхтаваліся ўжо віншаваць узурпатара з “перамогай” дэмакратыі ў яго краіне. Асноўная гульня, такім чынам, толькі пачыналася. Стараліся і падручныя дыктатара, прарасейскія спэцслужбы, прыносячы ўсё новыя і новыя зьвесткі аб рыхтаваных “змовах” і “пераваротах”...

Чым закончылася гэтая драма – агульнавядома. Як і вядома, чыя гэтая праца. Хто рыхтаваў да буйства ўзурпатара? Хто на чале калёны павёў людзей з плошчы Каліноўскага на плошчу Незалежнасьці, хаця супольнае рашэньне 7-мі кандыдатаў і некаторых кіраўнікоў іх штабоў за некалькі хвілін да пачатку шэсьця не прадугледжвала гэтага кірунку? Хто правакаваў натоўп і выбіваў шыбы ў доме ўраду? Хто патаемна кіраваў? Відавочна, іх трэба павіншаваць, яны выдатна выканалі сваю працу. Расія сьвяткуе і не хавае гэтую перамогу, ды яшчэ і журыць дурня “брата”.

Ну, а ў нас пытаньне, хто ж прайграў?


Прайграў дыктатар, хаця меў усю магчымасьць цалкам “выйграць”. Мароз і ноч ды трайное ачапленьне выканалі б сваю працу. І дыктатар быў бы ўжо прызнаны і мог бы сустракацца з Кэтрын Эштан і Абамам і атрымліваць ад іх віншаваньні і дапамогу.

Прайграла краіна, якая паступова ўцягвалася ў эўрапейскія працэсы, станавілася фактарам рэгіянальнага разьвіцьця (Балтыйска-Чарнаморскія ініцыятывы, Усходне-Эўрапейскае партнэрства і інш). Зараз краіна адкінутая назад, і Расея строга вяртае да сябе “брата”. Дамовы ў сфэры газу і нафты і патрабаваньні аб спыненьні альтэрнатыўных паставак – сьведчаньне таму.

Прайграў Захад. Нягледзячы на пэўныя посьпехі яго палітыкі ў дачыненьнях да Беларусі ў апошнія гады, яны зараз амаль цалкам страчаныя. Заходнія палітыкі ў роспачы, а іх эмоцыі выдаюць іх разгубленасьць. Але ж гэты вынік быў цалкам прагназаваны. У адрозьненьне ад посьпехаў у дачыненьнях з дыктатурай, у дачыненьнях зь беларускай апазыцыяй у Эўропе і ЗША за апошнія гады нічога не зьмянілася. Захавалася ўся тая ж арыентацыя на лібэральную і далёкую ад патрыятычных мэтаў апазыцыю, на падтрымку бессэнсоўных і шкодных ва ўмовах Беларусі выбарчых кампаніяў, на цынічны бізнэс каляпалітычных заходніх групаў на праблемах Беларусі. Як вядома, менавіта гэта стала адным з чыньнікаў руйнаваньня структураў апазыцыі, яе маргіналізацыі ў беларускім грамадзтве, умацаваньня рэжыму Лукашэнкі. І, як мы ведаем, гэтая палітыка прадаўжаецца і далей.

Прайграла апазыцыя. Такога татальнага разгрому яна ня ведала з даўніх часоў. Запалохана і зьнішчана літаральна ўсё. Машына дыктатуры дабівае апошняе. Ці застанецца штосьці на яе тле? Ці народзіцца на гэтым тле нешта новае і годнае, або адродзіцца штосьці здатнае старое?

Па-рознаму адрэагавалі на непрадказальна жорсткае разьвіцьцё падзей у дзень выбараў, 19 сьнежня 2010 году прадстаўнікі дэмакратычнай супольнасьці. Хтосьці ў тэрміновым парадку зьехаў за межы Беларусі, хтосьці зашыўся ў сваіх бярлогах-кватэрах і шэптам на ўласных кухнях са сваімі блізкімі абмяркоўвае адбыўшыяся падзеі, або ўладкаваўшыся на ўтульнай канапе дае свае камэнтары на розныя сайты... А хтосьці зь першага ж дня пасьля драматычных падзеяў уключыўся ў кампанію САЛІДАРНАСЬЦІ з затрыманымі, пацярпелымі. І зноўку, як заўсёды, яшчэ з пачатку 90-х гадоў, авангардам САЛІДАРНАСЬЦІ стаў Беларускі Народны Фронт. На офіс Партыі БНФ, пр-т Машэрава,8 (былая Варвашэні,8) кожны дзень прыходзяць дзясяткі, сотні людзей, каб аказаць падтрымку тым, хто пацярпеў ад рэжыму, або атрымаць падтрымку, незалежна ад партыйнасьці ці прыналежнасьці да штабоў кандыдатаў. І гэта радуе, што беларусы ня сталі абыякавымі да лёсу пацярпелых. Але, у той жа час, засмучае тое, што іншыя партыйныя офісы, штабы іншых кандыдатаў ня сталі такімі ж цэнтрамі салідарнасьці. Бо падобная сумесная праца дазволіла бы нам усім разам быць у шмат разоў мацнейшымі.

А тым часам ўсё вастрэй паўстае пытаньне... А што далей? Што рабіць?

Гэтыя пытаньні ў склаўшыхся варунках набылі адмысловае гучаньне ў сувязі з наступнымі абставінамі.

Уладатрымальнік пасьля сфальшаваных выбараў робіць, на першы погляд, нелягічныя крокі. Насамрэч, ён задумаў звышпрагматычную мэту – зьнішчыць ці блякаваць усялякі супраціў свайму бязьмежнаму цараваньню, паралізаваць актыўнасьць лідэраў і актывістаў апазыцыі, зьвязаць у сьвядомасьці людзей словы “дэмакратыя, свабода, нацыянальнае адраджэньне” са страхам, насадзіць у грамадзтве абыякавасьць і раўнадушша да палітыкі.

Звышмэта яго рэпрэсіўнай машыны, якая запушчана на поўную магутнасьць – прымусіць усіх зь ім нязгодных абараняцца, зашыцца па норах, стагнаць і енчыць, апэлюючы да міжнароднай супольнасьці. І пры гэтым, яго мара – дамагчыся таго, каб ніводная апазыцыйныя сіла не магла перашкодзіць дыктатару здаваць незалежнасьць і сувэрэнітэт, гандлюючы зямлёй, маёмасьцю, нацыянальнымі каштоўнасьцямі дзеля захаваньня сваёй улады.

Наша задача – зламаць яго пляны. Ніякія рэпрэсіі ня мусяць нас адсунуць нават на невялікі час ад галоўнай мэты нацыянальных сілаў, што закладзены ў праграме БНФ. Мы – сябры БНФ і пад час прэзыдэнцкіх выбараў імкнуліся давесьці да грамадзянаў рэспублікі пра небясьпеку зьнішчэньня нашай дзяржавы і пасьля іх маем намер узмацніць нашу барацьбу.

Пачынаючы ад 1995 году, ад адной выбарчай кампаніі да другой, сытуацыя ў краіне (з дэмакратычнымі каштоўнасьцямі, правамі чалавека, а таксама з нацыянальным адраджэньнем і мацаваньнем сувэрэнітэту) толькі пагаршалася. Не далі плёну таксама як спробы міжнароднага ціску, так і ляяльныя падыходы з крэдытнымі падарункамі ад сусьветных банкаў. У той жа час гэтая стратэгія дазваляла ўмацоўвацца аўтарытарнаму рэжыму Лукашэнкі.

Пасьля паразы дэмакратычных сілаў ў 1995-97 гг. і частковага разбурэньня іх авангарду – Беларускага Народнага Фронту ў 1999 годзе – іх месца ўвесь час імкнуцца заняць шматлікія канфармісцкія групоўкі.

Не пасьпелі заціхнуць жарсьці апошняй прэзыдэнцкай кампаніі, а ўжо зноўку зьявіліся людзі, жадаючыя даць самую нэгатыўную ацэнку перадвыбарчым кампаніям апазыцыйных кандыдатаў і атрымаць дывідэнды ад сытуацыі, што склалася ў асяродку апазыцыйных сілаў пасьля выбараў. І самае цікавае, што гэта людзі, якія ўжо колькі год пражываюць па-за межамі Беларусі. Вось якую ацэнку палітычнай сытуацыі ў Беларусі дае, напрыклад, для сайта “Беларускі партызан” адзін з такіх псэўдапатрыётаў.

...В стране нет организующей силы, партии. Карликовые партии контролируются и управляются властями и финансируются через своих агентов влияния... Раскрыт лишь один агент влияния Романчук, а их 70% даже среди кандидатов. На следующих выборах будет 100%...”

“...Что делать нам? Кто, если не мы! Начнём сначала. С января 2011 года необходимо начать создавать объединяющий все силы протестного электората «ФРОНТ НАЦИОНАЛЬНОГО ВОЗРОЖДЕНИЯ»... Должно быть две силы: РЕЖИМ и ЕДИНЫЙ ФРОНТ. КТО НЕ С НАМИ ТОТ ПРОТИВ НАС, ТОТ С РЕЖИМОМ...”

“Структура Фронта Национального Возрождения:
1. КОМИТЕТ ФНВ.
2. Теневой кабинет.
3. Консультационный Совет ФНВ (Руководители Политических партий).
4. Совет Старейшин (уважаемые авторитетные люди страны и бывшие руководители).
5. Структурные подразделения.”


І якія ж мэты перасьледуюцца тымі, каго ён прадстаўляе?

А мэта адна – стаць яшчэ адным псэўдацэнтрам для вырашэньня сваіх вузкагрупавых канфармісцкіх задач:

“Преимущественный внешнеполитический курс ФРОНТА будет определяться степенью оказания помощи нам в борьбе за национальное возрождение нашими союзниками”.

У 1994-м годзе пад час прэзыдэнцкіх выбараў наша партыя прапанавала выбаршчыкам сваю сацыяльна-палітычную візытоўку:

ТОЛЬКІ БЕЛАРУСКІ НАРОДНЫ ФРОНТ РАТУЕ-БАРОНІЦЬ-ДАПАМАГАЕ.

Гэтая формула набыла асобую актуальнасьць для сябраў БНФ у гэты складанейшы час рэпрэсій. Напоўнілася новым зьместам. Пры гэтым засталіся ўсе старыя праблемы.

Фронт паўстаў як супольнасьць асобаў, якія ўзяліся выратаваць людзей ад сьмертаносных чарнобыльскіх атамаў. Сёньня небясьпека ад пагрозы чарнобыльскай сьмерці ўзрасла. З шэрагу рэгіёнаў, дзе захавалася высокая радыяцыйная забруджанасьць, уладатрымальнікі зьнялі знак небясьпекі, абвясьціўшы зону чыстай.

Фронт узьнік для абароны людзей ад сталінскіх і камуністычных рэпрэсій. І наш досьвед пры гэтым дазволіў імгненна стварыць салідарнасьць…

Фронт аб’яднаў лепшых нацыянальных адраджэнцаў, якім лёс наканаваў зладзіць падмурак новай дзяржавы. Адраджэньне нацыянальнай культуры стала сэнсам жыцьця лідэраў нацыі і БНФ, стала гістарычнай місіяй і богаўгоднай справай.

Мы пасьля першых прэзыдэнцкіх выбараў 1994 году вылучылі мэту і мару: пабудаваць наш Дом – Беларусь, абараніць наш агульны Дом і ператварыць яго ў Храм, што азначае – дамагчыся таго, каб бальшыня грамадзянаў палюбілі сваю краіну любоўю тоеснай да любові Ўсявышняму. Тыя ж мэты і мары мы маем і сёньня і будзем зь імі жыць. І, нягледзячы на рэпрэсіі, мы мусім абараніць Наш Дом – Беларусь.

У той жа час мы павінны ўсьведамляць, што ў рэжыму Лукашэнкі застаюцца дастатковыя магчымасьці для манэўру. Рэжым мае значную электаральную падтрымку, складваецца ўражаньне, што ў краіне наглядаецца пэўны эканамічны рост, згуртаваная, як ніколі раней, яго "вэртыкаль". Не вычарпаны магчымасьці для сацыяльнага папулізму рэжыму. Беспакарана дзейнічаюць яго карныя органы.

Відавочна, што безь вяртаньня належнай ролі патрыятычных сілаў, станоўчыя перамены ў нашай краіне наўрад ці магчымыя. І рабіць гэта неабходна ўжо сёньня. Вядучую ролю ў гэтым працэсе павінен узяць на сябе Беларускі Народны Фронт – сіла, якая пасьлядоўна бароніць беларускія інтарэсы; інтарэсы беларускага народу і незалежнай беларускай дзяржавы.

Асаблівым клопатам для ўсіх, каму важкая будучыня краіны, павінна стаць праблема кансалідацыі патрыятычных сілаў. Бяз гэтай кансалідацыі немагчыма ні выпрацаваць, ні рэалізаваць рэальную праграму дзеяньняў, не прадухіліць авантурных дзеяньняў рэжыму. Відавочна, сёньняшняя кансалідацыя ў выглядзе Каардынацыйнай рады не зьяўляецца формай такой кансалідацыі і ня можа даць беларускаму грамадзтву надзею. Пэрспэктыву тут можа мець толькі аб’яднаньне грамадзкіх і палітычных групаў з выразнай патрыятычнай пазыцыяй (форма аб’яднаньня ня мае значэньня).

У гістарычным і цывілізацыйным пляне аўтарытарны рэжым Лукашэнкі ня мае пэрспэктывы, а ёсьць толькі часовы рэлікт аджыўшай камуністычнай сыстэмы. Разам з тым, станаўленьне беларускай дзяржаўнасьці не завершана, а яе незалежнасьць і сувэрэнітэт знаходзяцца пад пагрозаю. Відавочна, што і імкненьне зьмены рэжыму любым коштам (як, напрыклад, праз увод расейскіх войск на тэрыторыю Беларусі), ёсьць адна з найбольшых такіх пагрозаў.

Улічваючы гэта, патрыятычныя сілы павінны праявіць асаблівую ўзважанасьць і не салідарызавацца ва ўсім зь сіламі, якімі рухае толькі іхняя вузкагрупавая карысьць. Вырашэньня згаданых праблемаў магчыма было бы дасягнуць праз шэраг узаемазьвязаных крокаў: кансалідацыю і ўзрастаньне ролі патрыятычных сілаў Беларусі, разгортваньне імі актыўных дзеяньняў у беларускім грамадзтве, стварэньня ўплывовага для міжнароднай супольнасьці палітычнага цэнтру.

У гэтым пляне важным было б утварэньне, сумесна зь дзеячамі Рады БНР і патрыятычнымі эмігранцкімі суполкамі, аўтарытэтнага Замежнага цэнтру і яго аддзелаў у шэрагу краінаў сьвету.

Гэтыя і іншыя крокі дазволілі б скаардынаваць міжнародную працу, вызваліць яе з пад уплыву псэўдапатрыятычных структураў, зрабіць рэальнай падтрымку міжнароднай супольнасьці. Адначасова гэта дазволіла бы адмабілізаваць грамадзкую і палітычную падтрымку падзеяў на Бацькаўшчыне з боку беларусаў замежжа.

Несумненна, і ў адносінах з Расеяй нам патрэбныя ўзважаныя дачыненьні. Такія дачыненьні выгодныя нам як у бліжэйшай, так і ў доўгатэрміновай пэрспэктыве.

Але, на жаль, палітычнае кіраўніцтва гэтай краіны, яе эліта хварэюць на імпэрскасьць, што зьяўляецца сур'ёзнай перашкодай для добрасуседзкіх дачыненьняў. Пацьвярджэньнем імпэрскіх амбіцый Расіі ў дачыненьні да Беларусі зьяўляецца на сёньня стварэньне Мытнага саюзу, што прывядзе ў канчатковым выніку да ператварэньня нашай краіны ў дзяржаву-сатэліт. На жаль, становячыся сябрам Мытнага саюзу, Беларусь закрывае сабе выхад на Захад, закрывае свой рынак для многіх замежных тавараў: новых і патрыманых аўтамабіляў, тэлевізараў, радыётавараў і многага іншага. Беларусь абмяжоўвае свае магчымасьці па выхаду на эўрапейскія рынкі з таварамі сваіх прадпрыемстваў. Тым больш, што на працягу 2-3 год, згодна канцэпцыі Мытнага саюзу, многія беларускія прадпрыемствы проста пяройдуць ва ўласнасьць расійскіх капіталістаў. На сёньня ў Расеі ня бачаць альтэрнатывы такой палітыцы. Такую альтэрнатыву патрэбна прапаноўваць нам, не гандлюючы нацыянальнымі інтарэсамі.

Працэс пераадоленьня дыктатуры павінен мець неабходны легальны грунт, каб быць прызнаным міжнароднай супольнасьцю і нашымі суседзямі. Беларуская дзяржава за гады незалежнасьці стала рэальным суб’ектам эўрапейскай і міжнароднай палітыкі. Палітычная і эканамічная эліта Беларусі на сёньня выразна ўсьведамляе магчымасьці сваёй дзяржавы. І, нарэшце, на інтарэсы беларускай дзяржавы вымушаны ўсё больш арыентавацца рэжым Лукашэнкі.

Дзеяньні міжнароднай супольнасьці павінны быць належным чынам зарыентаваны і скіраваны, найперш, на ўмацаваньне беларускай незалежнасьці.

Відавочна, што рэальныя зьмены ў Беларусі ня могуць быць ажыцьцёўлены без актыўнага і рашаючага ўдзелу ў іх патрыятычных сілаў. Такім чынам, пераадоленьне аўтарытарнага рэжыму павінна стаць вынікам адказнага грамадзка-палітычнага працэсу, актыўных палітычных дзеяньняў, скаардынаваных зь імі намаганьняў міжнароднай супольнасьці.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG