Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Лідэр Руху "За свабоду", кандыдат у прэзыдэнты на выбарах 2006 году, Аляксандар Мілінкевіч.

20 сьнежня мы прачнуліся ў іншай Беларусі.

Спадае дурман перадвыбарчых абяцанак рэжыму, усё больш людзей усьведамляюць глыбіню сыстэмнага крызісу, у якім знаходзіцца краіна. Павальна растуць цэны, якія ўжо "зьелі" ўсе дасьнежаньскія падвышкі заробкаў, стыпэндыяў ды пэнсіяў. А ўлада зноў заганяе дзяржаву ў стан ізаляцыі ад цывілізаванага сьвету і працягвае кампанію дзяржаўнага тэрору супраць дэмакратычнай часткі грамадзтва. Пагроза страты спачатку эканамічнай, а пазьней і палітычнай незалежнасьці па-ранейшаму вісіць над Беларусьсю.

"Мадэль, пабудаваная Лукашэнкам, ня мае ніякіх пэрспэктываў"

Наш народ усё больш становіцца закладнікам хваравітай спробы ўтрымацца ля ўлады любым коштам з боку аднаго чалавека, якому даўно пара на адпачынак. Мадэль, пабудаваная ім, ня мае ніякіх пэрспэктыў. Краіне як паветра патрэбныя перамены.

Ці можа сёньня дэмакратычная апазыцыя захапіць палітычную ініцыятыву і пакласьці канец рэжыму, заняпад якога бачны нават школьнікам? Не, пакуль ня можа. Але яна здольная гэта зрабіць пры ўмове, што выпрацуе прывабнае, зразумелае і пераканаўчае для бальшыні беларусаў бачаньне краіны і будзе па-сапраўднаму народнай.

Сёньняшні стан рэчаў у апазыцыі можна акрэсьліць як ашаломленасьць, пахмельле пасьля эўфарыі ды ілюзій і пэўную дэзарыентацыю. Да гэтага, у прыватнасьці, спрычыніліся далёка ня лепшыя паводзіны некаторых саманадзейлівых лідэраў, якія, з розных прычын, своеасабліва павялі сябе ў час выпрабаваньняў.
Ашаломленасьць, пахмельле пасьля эўфарыі ды ілюзій і дэзарыентацыя.
Па-чалавечы, гуманістычна, можна і трэба зразумець, дараваць ім, але палітычна плянка заўсёды павінна быць высокай — гэта ў інтарэсах нашага народа і будучыні краіны. Бо заніжаная плянка вядзе да дэградацыі ды ўсёдаравальнасьці. А ў палітыцы трэба навучыцца адказваць за свае заявы, дзеяньні, хаўрусы ды сродкі, якія атрымліваеш, асабліва калі яны зь "невядомых" крыніцаў і іхняя задача — наняць палітычных шабашнікаў на цьмяныя эгаістычныя або небеларускія мэты.

Чаму так атрымалася, што дэмакратычная апазыцыя знаходзіцца, мякка кажучы, ня ў лепшым стане? Ці дазволіла кампанія прэзыдэнцкіх выбараў павялічыць шэрагі нашых актыўных прыхільнікаў? Ці адпавядае стан апазыцыі чаканьням нашых цьвёрдых і ня вельмі прыхільнікаў? Адказ, на жаль, адназначны — не.

Сытуацыя 2006 году таксама была няпростай, але іншай. Жорсткі перасьлед у час збору подпісаў і агітацыі. Галоўныя сілавікі па БТ папярэджвалі, што будуць разглядаць Плошчу як збор тэрарыстаў. Адміністрацыйных арыштаў, звальненьняў з працы і выключэньняў з унівэрсытэтаў тады было значна болей, чым цяпер. Апазыцыя, як і ў 2001-м, вылучыла адзінага кандыдата. Што праўда, вельмі позна, меней чым за паўгода да дня выбараў. І аб’яднаньне было няпоўным. Частка дэлегатаў не прызнала рашэньне Кангрэсу дэмсілаў. А прэтэнзіі на ролю "трэцяй" сілы ўрэшце зьвяліся нават да прапановаў большага радыкалізму ў дзеяньнях, каб знайсьці хоць якуюсьці нішу. Але ўсё ж каманда "адзінага" налічвала больш за пяць тысяч актывістаў, і яны актыўна адпрацавалі ў абсалютнай большасьці раёнаў.

Плошча была магутнай — па-над 30 тысяч мужных грамадзянаў. Галоўнае — быў адзіны сцэнар. На ўсіх сходах і на тэлебачаньні я казаў: "Рэальных выбараў няма, у дзень галасаваньня — на Плошчу. Абяцаю, што яна будзе мірнай". Мы ведалі, што толькі мірная Плошча мае шанец на прыход новых людзей, і не плянавалі паходы па горадзе.

Бо толькі мірная Плошча давала шанцы на прагрэсію колькасьці маніфэстантаў у наступныя дні і на пераможны вынік. Чаму гэтак ня сталася — асобная тэма для аналізу на пэрспэктыву ў межах работы над памылкамі.

Старыя партыйныя кіраўнікі сказалі: "Нам не патрэбны адзіны лідэр, мы ўсе лідэры"

Тым ня менш пасьля тых выбараў у большасьці дэмакратаў не было пачуцьця паразы. Мы даказалі, што ёсьць свабодная Беларусь. Была вера, што гэта толькі першая стратэгічная прыступка для Аб’яднаных дэмакратычных сілаў.

Дзякуючы Плошчы паўсталі БЕЛСАТ і радыё "Рацыя".
У 2006-м быў адзіны сцэнар.
Была заснавана польская праграма падтрымкі рэпрэсаваных студэнтаў імя К.Каліноўскага. Практычна ўсе адлічаныя "за палітыку" з ВНУ атрымалі магчымасьць працягнуць навучаньне ва ўнівэрсытэтах сямі краінаў Эўропы. Гэта разбурала страх у моладзі. Што праўда, значна меншымі былі нашыя посьпехі па працаўладкаваньні палітычных беспрацоўных у Польшчы і ў нашай краіне.

Мы спрабавалі аб’яднаць у дзейнасьці шматлікіх новых актывістаў, якія складалі абсалютную большасьць на Плошчы, абвясьцілі аб стварэньні руху "За свабоду", які меўся аб’яднаць усіх прыхільнікаў пераменаў у краіне на агульнай пазапартыйнай пляцоўцы. Эўразьвяз вітаў мірную спробу пратэсту, у тым ліку праз прысуджэньне тагачаснаму адзінаму кандыдату ад апазыцыі прэміі Эўрапарлямэнту "За свабоду думкі" імя Андрэя Сахарава.

Аднак арыентацыя на Ўсход і зайздрасьць партыйных босаў, якія думалі перадусім пра абарону сваіх вотчынаў ад эфэмэрнага "рэйдэрскага захопу", прывялі да Кангрэсу-2007 і рашэньня аб ратацыйным кіраўніцтве АДС. Як казалі ў той час старыя партыйныя кіраўнікі: "Нам не патрэбен зараз адзіны лідэр, мы ўсе лідэры".

Галоўным галаўным болем АДСных "рататараў" стаў не рэжым, а былы адзіны кандыдат, які за кароткія тэрміны атрымаў добрую вядомасьць у краіне і за мяжой. Наш заклік абраць на гэтым Кангрэсе аднаго ці новага, ці старога лідэра для рэальнай супольнай працы быў заблякаваны. Здабытак 2006 году расьцерушыўся ўсімі намі. З вышыні сёньняшняга дня відавочна, што ратацыйная безадказнасьць і прывяла да "параду кандыдатаў" на выбарах-2010.

У 2010 годзе цуду яднаньня ўжо немагчыма было чакаць. У кандыдатаў былі розныя задачы. Усе ініцыятывы аб вызначэньні "адзінага" былі толькі прыгожымі словамі. Мы заўсёды казалі: стратэгію і прахаднога (асоба + рэсурсы) кандыдата — "на бочку", і мы гатовыя падтрымаць яго як адзінага пры ўмове, што ён выступае за незалежнасьць і эўрапейскі выбар.

Менавіта адсутнасьць адзінства апазыцыі, а таксама відавочнае нежаданьне рэжыму лічыць галасы нашых суграмадзянаў вымусілі мяне пайсьці на цяжкі і неадназначны крок — адмовіцца ад балятаваньня ў якасьці кандыдата на прэзыдэнта.
Я не хацеў быць статыстам і пешкай у чужых гульнях.
Не шкадую аб маім рашэньні, якое я абгрунтаваў нежаданьнем гуляць у чужыя сцэнары, дзе толькі адзін актор, рэжысэр і пастаноўшчык. Ведаю, што ў значнай часткі актывістаў было расчараваньне і неразуменьне майго кроку. Яшчэ раз прашу прабачэньня ў маіх прыхільнікаў. Але час паказаў, што маё рашэньне было правільным.

Шкадую, што ў мяне не атрымалася сваім прыкладам пераканаць іншых кандыдатаў задумацца аб тым, у якой гульні і на чыім баку яны гуляюць або гуляюцца. Я не хацеў быць статыстам і пешкай у чужых гульнях. Не хацеў змагацца толькі за тое, каб застацца палітыкам нумар два за кошт умацаваньня дыктатуры і павелічэньня ўплыву Крамля на Беларусь.

Кампанія 2010 году была, да дня галасаваньня, самай лібэральнай за ўвесь пэрыяд дыктатуры. Лібэралізм кампаніі — гэта вынік дыялёгу. Рэжым фліртаваў з аб’яднанай Эўропай, шукаў вонкавай легітымізацыі, асабліва ў кантэксьце канфліктаў з Крамлём. Вынік дыялёгу — рост праэўрапейскіх настрояў у грамадзтве, зьмяншэньне страху. Нават адсутнасьць адзінага кандыдата — а гэта магутны мабілізацыйны чыньнік — дала нечакана вялікую, але далёка не дастатковую колькасьць пратэстоўцаў у цэнтры сталіцы 19 сьнежня.

Пра Плошчу. Адзіная пераможная стратэгія Плошчы ў варунках кансалідаванага дыктатарскага рэжыму — гэта паступовае нарастаньне мірнага пратэсту. Перад Плошчай 2010 году шмат хто ня раз казаў: мы пойдзем да канца, мы не паўторым памылак мінулай кампаніі. Недахоп мінулай кампаніі — гэта недастаткова вялікая колькасьць пратэстоўцаў, а не адсутнасьць радыкальных дзеяньняў. Так, калі ёсьць упэўненасьць у сваёй перамозе, калі адчуваеш, што яе скралі, калі на вуліцы выходзіць пераможная колькасьць выбарцаў, тады належыць дзейнічаць рашуча і наступальна.

Пры гэтым павінен быць адпаведны плян з ацэнкай рызыкаў і мэханізмамі, каб іх пазьбягаць. А калі большасьць не за табой, калі няма аднаго канкрэтнага пляну, калі няма добра наладжанага кантролю за паводзінамі натоўпу, дзе заўсёды хапае правакатараў, дык тады ты не суб’ект, а аб’ект.

На вялікі жаль, мірны слабаарганізаваны марш да Дома ўраду стаў аб’ектам правакацыі. Рэжым скарыстаў з правакацыі, а вельмі верагодна, сам падрыхтаваў яе, каб распачаць зачыстку ўсяго незалежнага грамадзтва.
Рэжым скарыстаў з правакацыі.
У варунках, калі дзясяткі людзей за кратамі, цяжка даваць канчатковыя і поўныя адзнакі канкрэтным дзеяньням лідэраў апазыцыйных групаў. Ня час казаць, наколькі шкодным быў "дэмпінг" ідэі палітычнага і грамадзкага ўдзелу з боку шэрагу кандыдатаў, наколькі небясьпечнымі можа быць фліртаваньне з Масквой, калі пад табой хісткая глеба ўнутры краіны, каму — дружыньнікам ці кандыдатам у прэзыдэнты — трэба было цьвёрда спыніць радыкальныя дзеяньні. Гэта трэба ацэньваць, але, пакуль што, непублічна, каб не пашкодзіць.

Cui prodest, хто найбольш скарыстаў зь няўдалай Плошчы-2010 і дзяржаўнага тэрору? Адказ ясны для кожнага: тыя сілы, якія ня хочуць унутранага грамадзкага дыялёгу ды эўрапейскай інтэграцыі Беларусі. Як з Усходу, так і ўнутры краіны.

"Мы ўсе сталі сьведкамі страху і разгубленасьці рэжыму"

Але сьнежаньскія падзеі паказалі, што ў краіне ёсьць нязломны грамадзянскі дух, што шмат хто гатовы адкрыта дэманстраваць сваю маральную і канкрэтную салідарнасьць з ахвярамі рэжыму, што беларусы могуць, калі трэба, самаарганізавацца, каб дапамагаць тым, хто патрапіў пад рэпрэсіі карных органаў. Гэта той здабытак, які нам трэба памнажаць.

Мы ўсе сталі сьведкамі страху і разгубленасьці рэжыму. Бо ўпэўнены ў сабе кіраўнік будзе шукаць згоды і кампрамісу, а не расколваць грамадзтва і цкаваць нязгодных. Мы пабачылі, што хцівыя ідэолягі няздольныя без дручкоў апрычнікаў-амапаўцаў перамагаць у дыскусіях. Мы яшчэ раз пераканаліся, што сёньняшні рэжым ня можа дэмакратычна, бяз гвалту выйграць выбары.

Таму нам трэба працаваць далей. Найперш быць адзінымі ў словах і справах па вызваленьні палітвязьняў. Гэта прыярытэт нумар адзін. Але нельга забывацца пра іншую, арганічную працу, безь якой мы ня маем шанцаў на перамогу: пашыраць кола прыхільнікаў, спрыяць беларусам у кантактах з цывілізаваным сьветам, набліжаць момант, калі абсалютная бальшыня нашых людзей убачыць беспэрспэктыўнасьць цяперашняй сыстэмы і запатрабуе свабодных і справядлівых выбараў, свабоды ў эканоміцы, вольнага слова ды пашаны да роднае мовы.

Лічу, што палітычная апазыцыя павінна менш зацыклівацца на пачуцьцях "супраць". Яна пакуль ня стала ў вачах беларусаў пазытыўнай альтэрнатывай. Я за тое, каб у нас дамінавала слова "за".
Нам патрэбна салідарнасьць тут і цяпер.
Нам неабходна пабудова скансалідаванага цэнтру шырокай грамадзка-палітычнай дэмакратычнай супольнасьці з адзінай плятформай і стратэгіяй. Стратэгіяй эўрапейскага шляху Беларусі, бо любы іншы нясе вялікую пагрозу зьнішчэньня нацыі і дзяржаўнасьці.

Нам патрэбна салідарнасьць тут і цяпер, а таксама кансалідацыя падчас наступных электаральных кампаніяў. Мы не павінны адмаўляцца ад мірных вулічных акцыяў. Адначасова мусім паставіць за мэту дамагчыся ўнутранага дыялёгу ў нашай краіне. Неабходна сфармуляваць для рэжыму нашыя патрабаваньні аб палітычнай і грамадзкай лібэралізацыі і знайсьці мэханізмы іх выкананьня.

А галоўная наша перамога адбудзецца пасьля таго, як мы пераможам у розумах і сэрцах нашых людзей.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG