Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Чорны сьпіс»: дакумэнту можа й няма, вусныя «рэкамэндацыі» — ёсьць


У інтэрнэце зьявіўся сьпіс забароненых да згадваньня ў афіцыйных СМІ дзеячаў беларускага і ўсясьветнага мастацтва, літаратуры, музыкі. Сярод іх — «Ляпіс Трубяцкі», «Крама», «N.R.M.», «Палац», «Нэйра Дзюбель», Зьміцер Вайцюшкевіч, драматург Андрэй Курэйчык, увесь калектыў «Свабоднага тэатру», пісьменьнікі Вольга Іпатава, Генадзь Бураўкін, мастакі Мікола Купава, Аляксей Марачкін, драматург Уладзімір Халіп. Ці існуе такі сьпіс і як наагул да ўсялякіх забаронаў ставяцца самі дзеячы культуры і супрацоўнікі СМІ?

Міністэрства інфармацыі Беларусі катэгарычна абвяргае наяўнасьць «чорнага сьпісу» забароненых да ўпамінаньня ў дзяржаўных СМІ дзеячоў культуры.

Начальнік упраўленьня друкаваных СМІ і міжнародных сувязяў Міністэрства інфармацыі Ўладзімер Матусевіч паведаміў Радыё Свабода:

Міністэрства інфармацыі нікому такіх сьпісаў не даводзіла.
«Я разумею, пра што гаворка, я таксама даведаўся пра гэта з інтэрнэту. У Міністэрстве інфармацыі ніякіх такіх сьпісаў няма і быць ня можа. Ня ведаю, чыя гэта выдумка, правакацыя ці як там гэта назваць… Міністэрства працуе ў поўнай адпаведнасьці з заканадаўствам аб сродках масавай інфармацыі. Вы, пэўна, ня можаце назваць такія факты, калі б Міністэрства давала такія цыркуляры, чорныя сьпісы, ці шэрыя, ці яшчэ якога колеру. Таму што я магу сказаць: пытайцеся ў таго, хто пра гэта гаворыць, хто гэта арганізаваў. Міністэрства інфармацыі нікому такіх сьпісаў не даводзіла».

Але раней прэцэдэнты з забаронай, да прыкладу, пэўных рок-гуртоў, асобных літаратараў у дзяржаўных СМІ, у FM-эфіры ўжо былі. Крыніца зь Беларускага радыё паведаміла, што безь ніякіх сьпісаў журналістам, гукарэжысэрам пастаянна даюцца рэкамэндацыі кіраўніцтва, каго пажадана ня ставіць у эфір. Напярэдадні выбараў, да прыкладу, забаранілі Вайцюшкевіча, які «засьвяціўся» ў кампаніі Ўладзімера Някляева:

«Ніколі ніякіх афіцыйных папер — нічога такога не бывае ў прынцыпе. Галоўнае — паведаміць таму чалавеку, які працуе. Вось як гэта было ў 2004 годзе, калі забаранілі пэўных рок-музыкаў: мяне выклікалі, далі такі абарваны кавалачак паперы, сьпіс, ад рукі напісаны, і сказалі, што адгэтуль такіх музыкаў у эфір ня ставіць. А наконт учорашняга я, як кажуць, ні сном ні духам… Больш за тое, уначы ўсё гэта гучала: «ДДТ», напрыклад, «Ляпісы».

Ці была дырэктыва ня ставіць у эфір FM-cтанцыяў пэўных музыкаў? Гутару з праграмным дырэктарам «Альфа Радыё»:

«У вас неафіцыйныя крыніцы, я ня ведаю, адкуль гэта».

Карэспандэнтка: «То бок афіцыйна вы нічога не атрымлівалі?»

«І афіцыйна мы нічога не атрымлівалі, і ў інтэрнэце гэта не траплялася, відаць, я нейкія іншыя сайты гляджу».

Карэспандэнтка: «І не было ніякіх вусных рэкамэндацыяў ня ставіць пэўных выканаўцаў у эфір?»

«Не, канечне. Адкуль яны могуць быць? Вы мне вось зачытваеце — я першы раз чую».

Наўпрост прозьвішча рок-музыкі Піта Паўлава ў сьпісе няма, але ўзгадваецца гурт «N.R.M.», у складзе якога Піт грае:

Прэцэдэнты ўжо былі — забараніць рок-гурты. Яны ад гэтага робяцца толькі больш уплывовымі і ўзмацняюць свае пазыцыі.
«Да любых лістоў, якія выключаюць мяне з прафэсійнай дзейнасьці, стаўлюся выключна адмоўна. Ёсьць ліст ці не, ніякіх такіх прыемных сюрпрызаў я не чакаю ад сытуацыі. Прэцэдэнты ўжо былі — забараніць рок-гурты. Яны ад гэтага робяцца толькі больш уплывовымі і ўзмацняюць свае пазыцыі. Эфэкт звычайна адмоўны для тых, хто забараняе. А канцэртаў і так няшмат».

Карэспандэнтка: «А эфір?»

«А вы чулі дзе-небудзь, акрамя „Аўтарадыё“, каго-небудзь з гэтага сьпісу ў якім-небудзь эфіры? Гэтага проста няма. Вось закрыцьцё „Аўтарадыё“ — гэта значная страта. Гэта закрыцьцё ўсёй музыкі. Адным махам».

Паэт Генадзь Бураўкін спачатку пажартаваў: ён асабіста ганарыцца такой увагай да сваёй пэрсоны. Ён перакананы, што нават калі і няма афіцыйнага дакумэнту, журналісты атрымліваюць вусныя ўказаньні кіраўніцтва наконт непажаданых у СМІ асобаў:

«Я да гэтага стаўлюся як да праяўленьня, даруйце за грубае слова, ідыятызму чыноўнікаў. Гэтыя складаньні ўсялякіх сьпісаў, тым больш у сувязі з пэўнымі палітычнымі падзеямі, для мяне выглядаюць сьмешнай дзіцячай гульнёй. Прывыклі чыноўнікі, што яны ўсё вырашаюць! Не яны вырашаюць, а Бог вырашае, каму даць талент, а каму ня даць. Адзінае — мне шкада, канечне, масавых чытачоў, гледачоў, слухачоў, таму што ад іх якраз хаваюць лепшае. Ня горшае, а лепшае».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG