Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Учора прадстаўнік Арганізацыі Аб'яднаных Нацыяў папрасіў прабачэньня за памылковае сьцвярджэньне, што Беларусь пастаўляла верталёты ў Кот-д'Івуар парушаючы рэжым эмбарга ААН.

Але нават калі б абвінавачаньні былы праўдзівыя, AAН наўрад ці магла б неяк пакараць беларускія ўлады. Шкода была б нанесеная толькі рэпутацыі Беларусі, якая дастаткова дрэнная і бяз гэтага.

Сёньня дзейнічае больш за дваццаць эмбарга ААН, большасьць зь якіх зьвязаныя з афрыканскімі краінамі. Акрамя таго, ёсьць аднабаковыя рэжымы эмбарга, уведзеныя Злучанымі Штатамі, Эўрапейскім Зьвязам і іншымі краінамі.

Міжнародныя эмбарга парушаюцца з таго часу, як яны існуюць. Хаця слова "эмбарга" гучыць пагрозьліва, на практыцы вельмі цяжка пакараць тых, хто яго парушае.

ААН можа прыняць сур'ёзныя меры супраць парушальнікаў, толькі калі яны зацьверджаныя Радай бясьпекі. Менавіта Рада бясьпекі прымае рашэньні пра эканамічныя санкцыі, увядзеньне забароны палётаў, міратворчыя місіі альбо іншыя санкцыі.
Міжнародныя эмбарга парушаюцца з таго часу, як яны існуюць.
Як сталыя сябры Рады бясьпекі, Расея і Кітай могуць накласьці вэта на любую яе рэзалюцыю. Пры гэтым супраць самога Кітаю было калісьці уведзенае эмбарга на пастаўкі зброі пасьля бойні на плошчы Цяньаньмэнь. Іншымі словамі, калі няма згоды Расеі і Кітаю – санкцыі ААН цяжка сабе ўявіць.

Сачыць за выкананьнем эмбарга значна цяжэй яшчэ і таму, што ўрады часта выкарыстоўваюць прыватных пасярэднікаў. Віктар Бут, адзін з самых вядомых "гандляроў сьмерцю", пачынаў сваю вайсковую кар'еру ў Віцебску, а цяпер знаходзіцца пад вартай ў Злучаных Штатах за незаконны гандаль зброяй.

Гэта вельмі прыбытковы бізнэс, даходы якога параўнальныя з продажам наркотыкаў. З-за шчыльных сувязяў з Расеяй і вялікім пасьлясавецкім запасам зброі, Беларусь займае вядучае месца ў сьвеце сярод прадаўцоў зброі. Напрыклад, паводле брытанскай Fіnancial Times толькі летась Беларусь заключыла дамову на продаж 33 зьнішчальнікаў СУ-27 для адной эўрапейскай прыватнай кампаніі на суму каля 1,5 млрд. даляраў ЗША. Спажыўцы зброі гатовыя плаціць нават больш, калі яна прадаецца насуперак міжнароднаму эмбарга.

Пры адсутнасьці эфэктыўных мэханізмаў ААН канкрэтныя захады супраць нелегальнага гандлю зброяй могуць прымаць асобныя краіны ці арганізацыі кшталту ЭЗ. Напрыклад, Злучаныя Штаты склалі сьпіс дзяржаваў-спонсараў тэрарызму. Уключэньне ў гэты сьпіс азначае сур'ёзныя эканамічныя і палітычныя амэрыканскія санкцыі ў дачыненьні да гэтых краін і іх грамадзянаў. Сьпіс уключае чатыры краіны – Куба, Іран, Судан і Сырыю. З усімі гэтымі краінамі Беларусь мае шчыльныя сувязі.

Інцыдэнт зь верталётамі і заявы генсека ААН паказваюць, якую міжнародную рэпутацыю мае Беларусь. Калі ў Пан Гі Муна былі нейкія сумневы наконт паходжаньня тых верталётаў, яны відавочна былі інтэрпрэтаваныя супраць беларускіх уладаў, а не на іх карысьць.

Яраслаў Крывой - кандыдат юрыдычных навук, скончыў Гарвардзкі ўнівэрсытэт, выкладае ў Лёнданскай школе эканомікі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG