Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Неўязных чыноўнікаў няма сэнсу трымаць на пасадах


Генадзь Нявыглас

Генадзь Нявыглас

Старшыня Беларускай фэдэрацыі футболу Генадзь Нявыглас ня будзе балятавацца на новы тэрмін. Былы кіраўнік Савету бясьпекі і прэзыдэнцкай адміністрацыі прызнаўся, што перадусім яму замінае статус неўязнога. Па выніках нядаўняй прэзыдэнцкай кампаніі, якая скончылася масавымі арыштамі прадстаўнікоў апазыцыі, Нявыглас зноў трапіў у «чорны сьпіс» Эўразьвязу і ЗША. А немагчымасьць бываць за мяжой не дазваляе кіраўніку ягонага рангу эфэктыўна вырашаць пытаньні міжнароднага супрацоўніцтва.

Прыкладам, на 22 сакавіка ў Парыжы заплянаваны кангрэс УЭФА, падчас якога пройдуць выбары кіраўніка эўрапейскай футбольнай фэдэрацыі. Але ж Нявыгласу ў цяперашнім статусе трапіць туды ніяк не выпадае. У гэтым зьвязку спартовы функцыянэр выказаў неразуменьне пазыцыі Эўразьвязу — маўляў, ён ужо даўно не працуе ў адміністрацыі прэзыдэнта, а таму нічым запляміцца ня мог фізычна.

Спартовы аналітык Уладзімер Даўжэнка кажа, што рашэньне Нявыгласа зусім ня сьведчыць пра ягоную сьмеласьць — маўляў, знайшоў сілу прызнацца, што ня можа працаваць ва ўмовах абмежаваньня на перасоўваньні:
Я ня думаю, што гэта сьмеласьць, гэта, так бы мовіць, „вытворчая неабходнасьць“.

«Я ня думаю, што гэта сьмеласьць, гэта, так бы мовіць, „вытворчая неабходнасьць“. Калі Сівакоў быў міністрам спорту і яго зрабілі неўязным, яго тут жа памянялі. Таму што тут чыста практычны разьлік — няма сэнсу трымаць чалавека, якога нікуды не ўпускаюць. Асабліва ў алімпійскім руху, на ўзроўні спартовых функцыянэраў.

Футбол — гэта ж таксама высокая плянка. Але гэта ніякая ня сьмеласьць Нявыгласа, яму проста пара ўжо сыходзіць. Дый у прынцыпе ён ужо нічога і зрабіць ня зможа, таму што беларускі футбол дасягнуў, як мне падаецца, „вышкі“. Прынамсі, я ня ўпэўнены, што будзе нейкі рост. Увогуле нічога тут няма такога сэнсацыйнага, і тое, што ён сыходзіць, гэта непазьбежнасьць. Крэсла старшыні Беларускай фэдэрацыі футболу — для такіх людзей гэта ўжо апошняе месца. І яно павінна заканчвацца. Ужо пара пра пэнсію думаць, пра ўнукаў…»

Выбары новага старшыні Беларускай фэдэрацыі футболу адбудуцца падчас справаздачна-выбарнай канфэрэнцыі 22 красавіка. Пакуль яшчэ ніводзін кандыдат не заявіў пра жаданьне заняць месца Генадзя Нявыгласа, аднак раней у якасьці альтэрнатывы яшчэ дзейнаму кіраўніку называлася прозьвішча намесьніка прэм’ер-міністра Беларусі Сяргея Румаса. Сам жа Нявыглас лічыць, што за 8 гадоў на чале фэдэрацыі стварыў прафэсійны апарат супрацоўнікаў, дзякуючы чаму беларускі футбол дасягнуў нядрэнных посьпехаў на міжнароднай арэне. Таму любому ягонаму пераемніку застанецца адладжаная сыстэма, зь якой можна скараць новыя вяршыні.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG