Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Даражэюць асноўныя прадукты харчаваньня — бульба, хлеб, малако, алей, цукар, рыба ды іншае. Найбольш адчувальны рост цэнаў у рэгіёнах, дзе пакупнікі больш абмежаваныя ў выбары тавараў.






ГОМЕЛЬШЧЫНА


Алей — 6 тысяч за паўлітра, цукар — амаль 3 тыс. за кг, пакет малака — 1590 руб.

Апошнім часам афіцыйная ўлада шмат гаворыць пра падвышэньне мінімальнага заробку, стыпэндый ды пэнсій. Значна радзей згадваюць пра цэны, і найперш на самыя неабходныя прадукты харчаваньня.

Гомельская пэнсіянэрка Кацярына так кажа пра сваю прыбаўку:

«Цэны вырасьлі. І на малочныя прадукты, і на мясныя — на ўсё. Пэнсію гэту мы — бабе дабавілі 60 тысяч — не адчулі. Гэтая дабаўка — што яна ёсьць, што яе няма».

Чэргі па танную рыбу на плошчы Паўстаньня ў Гомелі.
Пэнсіянэрка кажа, што яшчэ нядаўна літровая бутэлька алею каштавала каля 4 тысяч рублёў, а цяпер ужо за яе трэба аддаць 5 тысяч 220 рублёў.

Кошт некаторых іншых гатункаў алею пераваліў за 6 тысяч рублёў.

Кілё цукру пачало каштаваць без малога 3 тысячы рублёў. Літар малака ў звычайным пакеце дасягнуў 1590 рублёў, у плястмасавай бутэльцы — амаль дзьвюх з паловай тысяч.

Але больш за ўсё сёлетняй восеньню спадарыню Кацярыну ўразіў кошт на бульбу, якую яна з мужам купіла на кірмашы:

«Як заўсёды куплялі, так і сёлета купілі: 100 кіляграмаў на кожнага, па 1650 рублёў. Падаражэла, вельмі падаражэла бульба — лічыце, у тры разы».

Яшчэ адна пэнсіянэрка, якая толькі што набыла прадукты ў краме, і слухаць ня хоча пра дабаўку да пэнсіі:

«Ой, каб яны лопнулі са сваімі дабаўкамі. Усё ж падаражэла — і мяса, і алей, і каўбасы. Усё даражэе!»

Стыхійны гандаль на вуліцы Карповіча.
У сёлетнюю восень у Гомелі ля крамаў, вакзалаў, рынкаў паболела людзей, якія гандлююць харчаваньнем, гароднінай альбо нейкімі прамысловымі вырабамі наўпрост на асфальце.

Спадарыня Рая гандлявала тут і 24 лістапада, у будзённы дзень. Прадавала селядцы ў плястмасавым посудзе, а таксама паліваныя сыркі:

«А што — трэба выжываць. Бо пэнсіі няма, працы няма — беспрацоўная. А што рабіць? Вось і бегаеш, круцісься».


МАГІЛЁЎШЧЫНА


У лістападзе хлеб падаражэў на 2%, малако — на 3%, каўбасныя вырабы — на 5% і больш.

У Магілёве ад росту цэнаў на асноўныя харчы найбольш цярпяць пэнсіянэры. Яны сьцьвярджаюць, што павышэньне пэнсіяў не пасьпявае за ростам цэнаў.

Багата свайго часу людзі сталага веку аддаюць пошуку таньнейшых прадуктаў. Яны ведаюць тыя крамы й рынкі, дзе цэны на харчы адносна невысокія. Тым ня менш і на іх наракаюць. Пытаньне пра рост цэнаў выклікае ажыўленую рэакцыю, напрыклад, вось у гэтых дзьвюх кабет:

«На ўсе прадукты харчаваньня патроху растуць. Не пасьпеюць пэнсію павялічыць, а кошты на прадукты ўжо вырасьлі. Ну што рабіць!»

«На хлеб жа вось было і на малако. Напэўна, не сыходзяцца канцы з канцамі».

У каго не сыходзяцца канцы з канцамі, спадарыні пакінулі без адказу.

Як паведамілі ў адной з магілёўскіх крамаў, цэны ў параўнаньні зь верасьнёвымі на хлеб вырасьлі на 2 працэнты, малако — на тры, каўбасныя вырабы падаражэлі на пяць і болей працэнтаў.
Па тэлевізары паказваюць, што столькі накапалі й столькі тон, а цэны жахлівыя.

На цэнтральным магілёўскім рынку сёньня нешматлюдна. Людзі таўкуцца пераважна ля гандляроў экзатычнымі прысмакамі. Каля беларускай бульбы і капусты пакупнікоў вобмаль:

«У Беларусі — каб бульба ды была 1600 кіляграм! Уявіце, колькі трэба на зіму кіляграмаў узяць. Таксама капуста. Немагчыма цэны кусаюцца. Па тэлевізары паказваюць, што столькі накапалі й столькі тон, а цэны жахлівыя. Ну як можна жыць на пэнсію, калі штодня ўсё даражэе?» — абураецца наведніца рынку.

Сярод наведнікаў рынку былі й такія, хто пытаньні пра рост цэнаў успрымаў як правакацыйныя — скіраваныя супраць Лукашэнкі:

«Цэны расьлі, растуць і расьці будуць. Мы ўсё набываем. У нас сваіх рэсурсаў няма. Мы ж не Расея, якая сядзіць на табліцы Мендзялеева. Акрамя зямлі, у нас нічога няма. Што вы хочаце! Я — за Лукашэнку».

Гандляры бульбай негаваркія. Адзін зь іх на гутарку пагадзіўся-такі. Абстаўлены вёдрамі рознай ёмістасьці, ён зазначае, што ў параўнаньні зь мінулым годам цана на бульбу вырасла на тысячу рублёў:

«Гэта ж мізэр, калі хлеб цяпер наколькі падаражэў. А бульбы цяпер няма. Цэны вось як у краме — 1600, 1900, а яе есьці нельга. А ў мяне ж возьмеш — чысьцюткая, сопкая. У мяне пяцьсот кіляграмаў лішняй засталося. Мне трэба яе рэалізаваць. За колькі я яе прадам — хто яго ведае?»


ВІЦЕБШЧЫНА


«Мае пакупнікі менш цяпер набываюць тварагу, масла і нават звычайнага малака»

Мая суразмоўніца жыве ў невялікім пасёлку Езярышча, што ў Гарадоцкім раёне, і працуе гандляркай у мясцовай краме. Яна выразна заўважае, на якія прадукты харчаваньня цэны растуць ці ня кожны тыдзень:

«Можа, хлебабулачныя вырабы ня так, але малочныя, мясныя, рыбныя прадукты — дужа хутка даражэюць. Асабліва малочныя — на 10 рублёў кожны тыдзень! Масла істотна „расьце“, алей».

Гандлярка распавядае, што людзі пачалі больш эканоміць — бо рост цэнаў зрабіў шмат якія прадукты «недасяжнымі» для пакупнікоў:

«Тварагу сталі менш купляць, масла, малака. Дык гэта па нашай выручцы адразу відаць! Я так і сказала нашаму начальніку: «Калі людзі змогуць добра зарабляць, тады і пойдуць у краму! А зараз пакупніцкай здольнасьці няма». Усе толькі плачуць: «Што нам рабіць, мы такія бедныя, мы абяздоленыя…»

Віцебская пэнсіянэрка Галіна Люмарава спрабавала змагацца з ростам цэнаў на прадукты, робячы доўгатэрміновыя запасы, але і гэта не атрымалася:

«Калі я атрымліваю пэнсію, то адразу купляю болей кур і сьмятаны. Бо калі прыходжу ў наступны раз — гэта ўсё ўжо падаражэла. Вось толькі, здаецца, сьмятана была па 3 700, а ўжо 3 900! А грэчка па 7 тысяч, а бульба сёлета якая дарагая? А мука тая самая? Летась купляла па 600 рублёў, а зараз цана ўжо пад 2 тысячы сягае! Але ж у запас не нахапаеш. Вось летам у мяне быў запас і крупаў, і мукі, дык усё давялося выкінуць пасьля гэтай гарачыні — бо нешта там завялося. Кажу як ёсьць».

Галіна Люмарава жыве разам з маці. Дзьве пэнсіі разам — гэта 1 мільён трыста тысяч. На харчы сыходзіць усё, што застаецца пасьля аплаты камунальных паслугаў. Бо прыбаўкі да пэнсіі не дазваляюць пашырыць харчовы рацыён або адмовіцца ад рэжыму эканоміі, кажа спадарыня Галіна:

«Пэнсія — ха-ха! Як гэта кажуць: адной рукой даюць, а другой бяруць. Усе гэта выдатна разумеюць, таму і імкнуцца ў запас нахапаць і крупаў, і ўсяго! І зьміраесься, і думаеш, на чым яшчэ можна зэканоміць. Людзі кажуць: „Зараз цяжка, а што ўжо будзе пасьля Новага году!“ Бо разумеюць, навошта ўсе гэтыя надбаўкі, і ніхто нічога добрага не чакае!»

«Зноў улада запусьціла ў дзеяньне працэс інфляцыі»
Леанід Заіка
Кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леанід Заіка пракамэнтаваў сытуацыю наступным чынам:

«Цяперашняя беларуская ўлада зноў запусьціла ў дзеяньне працэс інфляцыі. Яшчэ 1-га лістапада былі павышаныя пэнсіі на 10%, а таксама на 35% — заробкі працаўнікоў бюджэтнай сфэры — лекараў і настаўнікаў. Цяпер сьпіраль інфляцыі раскручваецца да мяжы, пакуль не ўраўнаважацца супольны попыт і супольная прапанова».

Паводле Леаніда Заікі, галоўная прычына росту цэнаў — часовае павелічэньне колькасьці грошай у насельніцтва:

«Натхнёнае часовым ростам заробкаў і пэнсій, насельніцтва, як гаворыцца, кінулася на рынкі па набыткі. Яшчэ адна прычына гэтаму — недавер да банкаўскіх ашчаджэньняў (яны робяцца ў межах усяго 5% ад супольнага прыбытку). Такім чынам, людзі нясуць грошы на рынак і тым самым садзейнічаюць павышэньню цэнаў».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG