Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З 1 лістапада ў Беларусі павышаны тарыфная стаўка першага разраду, мінімальная зарплата, працоўныя і сацыяльныя пэнсіі, а таксама памер бюджэту пражытковага мінімуму і дзяржаўных дапамог. Прычым пэнсіі павышаюць трэці раз за год на 10%, заробкі —на 31%.

Тарыфная стаўка першага разраду, на падставе якой разьлічваецца аплата працы работнікаў бюджэтных арганізацый, павялічана на 31%. Мінімальная зарплата на лістапад-сьнежань усталяваная ў 400 тысяч рублёў, то бок павялічана на 54,7%. З улікам папярэдняга павышэньня зарплаты ў верасьні, ад пачатку году заробкі ў Беларусі ў даляравым эквіваленце вырастуць практычна на 40%, падлічыў кіраўнік аналітычнага цэнтру "Стратэгія" Леанід Заіка. Такі магутны рывок спачатку радасна адаб'ецца на насельніцтве. Ну, а што будзе далей? Эканаміст Леанід Заіка дае такі прагноз:

Леанід Заіка
"Галоўнае — правесьці выбары. А потым пачнуць расьці цэны. Насельніцтва на сабе адчуе тое, што заробкі павысілі на 30%, а цэны вырастуць, да прыкладу, на 25%. Прычым рост цэнаў будзе хавацца, паказьнікі статыстыкі будуць, што заўсёды звычайна мае месца ў такіх сытуацыях. Ну, а я віншую: мы сталі ўдзельнікамі небывалага экспэрымэнту".

Эканаміст Аляксандар Кавалёў наконт шчодрасьці ўраду перад выбарамі выказаў такую думку:

"У бюджэце, зразумела, гэтыя сродкі прадугледжаны не былі. І таму як будзе паводзіць сябе Міністэрства фінансаў, я ня ведаю. Ці то будуць пераразьмеркаваньні зь іншых напрамкаў, а можа, проста вырасьце дэфіцыт дзяржаўнага бюджэту; ці то будзе пакрыты нейкімі дадатковымі пазыкамі і крэдытамі; ці то проста эмісіяй — гэта значыць, дадатковымі крэдытамі Нацыянальнага банку. Але ўсе гэтыя рэчы будуць на спажывецкім рынку ціснуць у бок росту цэнаў".

Прафэсар, экс-старшыня Нацбанку Станіслаў Багданкевіч кажа, што ўрад шукае простыя рашэньні складаных праблем. Паводле афіцыйнай статыстыкі, за 9 месяцаў 2010 году сярэднія заробкі вырасьлі на траціну, а прадукцыйнасьць працы — толькі на 6%. Павышаць заробкі, пэнсіі, дапамогі, на думку прафэсара Багданкевіча, трэба, але неабходна шукаць рэальныя крыніцы:

Станіслаў Багданкевіч
"А тое, што зрабіў зараз урад, прывядзе да таго, што таварная маса не павялічваецца, грашовая маса расьце — а гэта абавязкова прывядзе да росту цэнаў. Гэта ня можа не прывесьці да наступнай "паўзучай" дэвальвацыі, а магчыма, ня толькі паўзучай. У выніку такія простыя рашэньні ня могуць прывесьці да павышэньня ўзроўню жыцьця людзей".

Кіраўнік аналітычнага цэнтру "Стратэгія" Леанід Заіка падсумоўвае, што чакае эканоміку краіны:

"Інфляцыя, падзеньне курсу рубля, то бок дэвальвацыйныя працэсы забясьпечаны. Ня можа быць пры 40% павышэньні даляравага прыбытку, каб усе парамэтры засталіся цэлымі".

На мінулым тыдні нават намесьнік міністра эканомікі Андрэй Тур ня змог упэўнена адказаць, да чаго прывядуць такія істотныя падвышкі дабрабыту насельніцтва. "Нам будзе важна паглядзець, як рост тарыфнай стаўкі паўплывае на макраэканамічную сытуацыю", — гэтак адказаў ён на пытаньні журналістаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG