Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спачатку — рост заробкаў і пэнсіяў, потым — інфляцыя і дэвальвацыя


З 1 лістапада ў Беларусі зноў павялічваецца памер працоўных пэнсіяў — трэці раз за год. Павышаецца бюджэт пражытковага мінімуму на 3,1%, адпаведна выростаюць і памеры дапамогі сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей, сацыяльныя пэнсіі, а таксама надбаўкі і павышэньні да пэнсіяў асобных катэгорый пэнсіянэраў. Што за гэтым стаіць?

Тры разы за год пэнсіі павышалі ў 2006 годзе, калі ў краіне былі прэзыдэнцкія выбары. Летась пэнсіі павышалі толькі адзін раз, прычым павышэньня ў лістападзе 2009 году пэнсіянэры чакалі аж 14 месяцаў, са жніўня 2008 году. І паднялі тады пэнсіі не на 20%, а толькі на 9,5%. Сёлета пэнсіі павышаюць прыкладна на 10% трэці раз. Эканаміст Леанід Злотнікаў такім чынам пракамэнтаваў пазачарговую індэксацыю:

«Фінансавае становішча краіны зараз такое, што яно ня вытрымае гэтай нагрузкі пасьля павышэньня заробкаў і пэнсіяў. Наступствы могуць праявіцца ў даволі вялікай інфляцыі. Можа быць дэвальвацыя беларускага рубля. І гэта будзе як бы адкат, адкат дасягнутага ўзроўню спажываньня, адкат дасягнутага ўзроўню матэрыяльнага дастатку назад з дапамогай інфляцыі і дэвальвацыі».
Наступствы могуць праявіцца ў даволі вялікай інфляцыі.


Эканаміст Сяргей Чалы кажа: цалкам зразумела, што стаіць за чарговай шчодрасьцю кіраўніка дзяржавы — выбары. Пачалося ўсё з абяцанай гадоў 5 таму зарплаты ў 500 даляраў, дасягнуць якой ні тэарэтычна, ні практычна не было магчыма:

«Тым ня менш спрабуюць усімі праўдамі і няпраўдамі гэты сярэдні заробак забясьпечыць. А пад яго падцягваюць ня толькі заробкі, але і іншыя сацыяльныя выплаты: пэнсіі, стыпэндыі, дапамогі. І зразумела, што нічым такое падвышэньне не абгрунтаванае. Зразумела, што эканоміка настолькі добра не працуе, каб гэтае амаль 50-працэнтнае падвышэньне прыбыткаў забясьпечыць. Натуральна, гэта робіцца пад выбары, а далей — хоць трава не расьці».

Эканаміст Леанід Злотнікаў кажа, што і дзяржаўныя чыноўнікі цалкам разумеюць складанасьць эканамічнай сытуацыі:

«Ёсьць меркаваньне вялікага спэцыяліста па гэтай справе — міністра фінансаў Беларусі Андрэя Харкаўца. У адным з інтэрвію пару тыдняў таму ён адказаў, што „дай Бог, каб утрымаць той узровень заробкаў, які будзе дасягнуты ў гэтым годзе“. Ён казаў пра год 2011-ы».

Дадатковыя выдаткі на пэнсійныя выплаты зь лістапада 2010 году складуць 135,7 мільярда рублёў (45 мільёнаў даляраў у месяц). А наагул выдаткі на фінансаваньне пэнсійных выплат складаюць каля 10% валавога ўнутранага прадукту, паведаміла намесьнік міністра працы і сацыяльнай абароны Валянціна Каралёва. У краіне амаль 2,5 мільёна пэнсіянэраў. Да таго ж каля 440 тысяч сем’яў атрымліваюць дзяржаўную дапамогу на дзяцей.
XS
SM
MD
LG