Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менгарвыканкам спрабуе спыніць “Рух наперад”


У Менскім гаспадарчым судзе адбылося папярэдняе слуханьне пазову Менгарвыканкаму да адукацыйнай установы «Рух наперад», якая арганізавала кампанію «Гавары праўду».


Весьці гэтую справу будзе судзьдзя Андрэй Аляшкевіч. На сёньняшнім паседжаньні ён высьвятляў пазыцыі бакоў і іх аргумэнты. Прадстаўніца ўправы юстыцыі Менгарвыканкаму Эмілія Пазьняк пацьвердзіла раней заяўленую Менгарвыканкамам пазыцыю: установа «Рух наперад» нібыта дала заведама недакладныя зьвесткі пра юрыдычны адрас, парушыла дэкрэт прэзыдэнта і таму мусіць быць ліквідаваная.

На чым грунтуецца пазыцыя Менгарвыканкаму? Эмілія Пазьняк распавяла суду, што «Рух наперад» быў зарэгістраваны 2 лютага 2010 году, а дамова аб арэндзе памяшканьня № 5 у доме 54 па праспэкце Машэрава была заключана 11 лютага, праз 9 дзён. «Дык у чым тут „заведама ілжывыя зьвесткі“?» — запытаў судзьдзя Андрэй Аляшкевіч.

Эмілія Пазьняк: «У тым, што на момант рэгістрацыі, на 2-га лютага, у іх не было нават гарантыйнага ліста».

Судзьдзя Андрэй Аляшкевіч: «Ці патрабуе закон ад арандатара мець гарантыйны ліст напярэдадні рэгістрацыі?»

Эмілія Пазьняк: «Не».

Судзьдзя Андрэй Аляшкевіч: «У заяве на рэгістрацыю пазначаны гэты адрас?»

Эмілія Пазьнак: «Так».

Судзьдзя Андрэй Аляшкевіч: «Па тым жа адрасе ўстанова разьмясьцілася ці па іншым?»

Эмілія Пазьняк: «Па тым жа».

І ўсё ж прадстаўніца Менгарвыканкаму не адмовілася ад патрабаваньня ліквідаваць «Рух наперад». Што на гэта кажуць прадстаўнікі гэтай арганізацыі?

Прадстаўнікі «Руху наперад» перакананыя, што пазоў Менгарвыканкаму супроць іхнай установы нічым не абгрунтаваны, і не выключаюць палітычных прычын. Заснавальніца «Руху наперад» Кацярына Вашчэйка настойвае на тым, што закон установай не парушаўся:

«Перад тым як заснаваць гэтую ўстанову, мы вывучылі ўсе патрабаваньні закону і дзейнічалі, нічога не парушаючы. І мы прадставілі ўсе патрэбныя дакумэнты. Таму перакананыя, што закон павінен быць на нашым баку».

Судзьдзя Андрэй Аляшкевіч пастанавіў задаволіць хадайніцтва прадстаўнікоў «Руху наперад» аб забесьпячэньні іх патрэбнымі дакумэнтамі. Пакуль гэтыя дакумэнты знаходзяцца ў офісе ўстановы, які апячатаны міліцыянтамі зь Ленінскага РАУС. Паводле судзьдзі, разгляд пазову Менгарвыканкаму будзе прызначаны «не раней як праз 2 тыдні».

18 траўня ў офісе ўстановы «Рух наперад», а таксама ў кватэрах больш як 20 актывістаў кампаніі «Гавары праўду» па ўсёй Беларусі прайшлі ператрусы. У актывістаў забралі кампутары, дакумэнты, грошы. Дырэктар установы, паэт Уладзімер Някляеў, актывісты Сяргей Вазьняк і Андрэй Дзьмітрыеў былі затрыманыя і тры дні правялі ў ізалятары часовага ўтрыманьня ў якасьці падазроных па справе паводле 250-га артыкулу Крымінальнага кодэксу — «распаўсюджваньне ілжывай інфармацыі аб таварах і паслугах». Абвінавачаньне па гэтай справе нікому ня выстаўленае дагэтуль. У Ленінскім РАУС Менску, дзе вядзецца справа, ад камэнтароў адмаўляюцца, спасылаючыся на незавершанасьць расьсьледаваньня. Забраныя кампутары, носьбіты інфармацыі, дакумэнты і грошы нікому з актывістаў дагэтуль не вярнулі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG