Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Грамадзянская кампанія «Гавары праўду!» прэзэнтавала кнігу «100 абліччаў беспрацоўя». Працуючы над праектам, валятнэры кампаніі запісалі споведзі 100 чалавек — людзей розных прафэсій, якія не могуць уладкавацца на працу. У выніку атрымалася кніга.



Да апошняга моманту ніхто з журналістаў ня ведаў, дзе ж адбудзецца прэзэнтацыя. Але, як у дэтэктыве, іх ужо чакалі: на выхадзе з мэтро спэцназаўцы і міліцыянты, на месцы збору — сіні УАЗік зь людзьмі ў цывільным з відэакамэрамі. Журналістаў і сябраў кампаніі «Гавары праўду!» павезьлі на Менскае мора ў суправаджэньні машыны са спэцслужбамі. Сама прэзэнтацыя адбывалася на прагулачным параходзе і на высьпе пасярод Менскага мора.

Лідэр кампаніі паэт Уладзімер Някляеў тлумачыць:

«Чаму мы ўзяліся менавіта за гэты праект? Афіцыйна беспрацоўе ў нас дзесьці на ўзроўні 1%. Насамрэч усё далёка ня так. А пры рэфармаваньні эканомікі, якое давядзецца рабіць, бо інакш краіна ня выжыве, нас чакае страта ў паўтара мільёна працоўных месцаў. Гэта афіцыйная заява. Што мы будзем рабіць з гэтымі людзьмі? Зьменшыць наступствы таго, што нас чакае, можна толькі адным: ствараючы новыя працоўныя месцы».

Кіраўнік праекту «100 абліччаў беспрацоўя» Аяксандар Уліцёнак кажа:

«Чытаючы гэтыя споведзі, пераконваешся, што беспрацоўе — гэта страшэнная праблема. І па вялікім рахунку, гэтую кнігу можна было б назваць „Я з краіны SOS, і жыцьцё маё — швах“. Ламаюцца лёсы людзей ня толькі таму, што яны ня могуць сваім дзецям даць адукацыю. Праблема палягае ў тым, што развальваюцца сем’і, якія жылі гадамі; каханкі разьвітваюцца з тымі, каго яны любілі… Кніга разьбіта на некалькі разьдзелаў, якія пачынаюцца з адмоўнай часьціцы „не“ — вы самі разумееце, мала ў ёй звычайна радаснага…»

Кніга падзелена на разьдзелы: «Нешанцоўныя», «Нявопытныя», «Нязручныя», «Нестандартныя», «Неляяльныя». Некаторыя з герояў распавялі пра свае гісторыі. Экс-дэпутат Палаты прадстаўнікоў, былы бізнэсовец Сяргей Скрабец — палітычны беспрацоўны. Мае судзімасьць, да таго ж павінны выплаціць дзяржаве амаль паўмільяда рублёў:

«Застаўся бяз працы ня толькі я, але яшчэ каля сотні чалавек, пасьля таго як фірму фактычна разрабавалі. 6 чалавек разам са мной апынуліся за кратамі, кіраўнікі і бухгалтэры. Уладкавацца на працу па сваёй спэцыяльнасьці (у мяне першыя адукацыя — мэталюрг, другая — юрыст) я не магу».

Пасьля адсідкі здолеў уладкавацца толькі дворнікам ды кур’ерам. Пэдагог Ільля Дабратвор — шматдзетны бацька, мае чацьвярых дзяцей:

«Гэтай дзяржаве дзеці не патрэбныя. Я па адукацыі псыхоляг, выкладчык псыхалёгіі. Працаваў сацыяльным пэдагогам у школе. Заробак ў паўмільёна для бацькі чатырох дзяцей проста мізэрны. Людзі з вышэйшай адукацыяй зараз атрымліваюць у два разы менш, чым людзі наагул без адукацыі».
Тое, што яны лічаць грашыма, гэта ня грошы. На дзяцей да 3 гадоў 200 тысяч дапамога — гэта зьдзек проста.


Дапамога па беспрацоўі ў Беларусі наагул мізэрная — каля 45 тысяч рублёў, то бок 15 даляраў. Каб яе атрымаць, трэба сабраць безьліч даведак. Ды яшчэ 12 дзён у месяц адпрацаваць на грамадзкіх работах: перабіраць бульбу, прыбіраць вуліцы, паркі. Меркаваньне Ільлі Дабратвора:

«Трэба зрабіць прыстойную дапамогу па беспрацоўі. Бо на гэтыя грошы немагчыма выжыць. Людзі ня будуць зьбіраць паперы, якія патрабуе фонд сацыяльнай абароны. Навошта рэгістравацца, калі ты ад гэтага амаль нічога не атрымаеш? Тое, што яны лічаць грашыма, гэта ня грошы. На дзяцей да 3 гадоў 200 тысяч дапамога — гэта зьдзек проста дзяржавы».

Мэта кнігі «100 абліччаў беспрацоўя» — ня толькі паказаць факты і рэальную сытуацыю з працаўладкаваньнем у краіне, але і маральна падтрымаць людзей, якія апынуліся без працы, фактычна сам-насам са сваёй праблемай.

Уладзімер Някляеў прэзэнтуе кнігу.
Сяргей Скрабец — адзін з герояў кнігі.
Сьпявае Зьміцер Бартосік.
Сяргей Калякін распавядае пра свае часы беспрацоўя.
Ільля Дабратвор, беспрацоўны.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG