Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

На 10 чэрвеня прызначана папярэдняе слуханьне ў справе закрыцьця асьветніцкай установы "Движение вперёд", адной з праграмаў якой ёсьць кампанія "Гавары праўду". Пра гэта "Свабодзе" паведаміла намесьніца дырэктара ўстановы Ніна Пахлопка.


"Аддзел ліквідацыі суб'ектаў гаспадараньня галоўнай управы юстыцыі Менгарвыканкаму зьвярнуўся ў Менскі гаспадарчы суд з заявай, каб прызнаць несапраўднай дзяржаўную рэгістрацыю дасьледчай асьветніцкай установы "Движение вперёд". Чамусьці пазначаецца, што пры рэгістрацыі мы далі недакладныя зьвесткі пра юрыдычны адрас. Але гэта няпраўда. Я сама гэтым займалася. Якое адразу памяшканьне знайшлі, па адрасе — праспэкт Машэрава, 54, — такое і пазначылі. Мы там дагэтуль офіс і арандуем, наш адрас ніколі не мяняўся. Тут яшчэ спасылка ідзе на дэкрэт прэзыдэнта № 1 ад 16.01.2009, быццам мы гэты дэкрэт парушылі. З майго пункту гледжаньня як гаспадарніка мы нічога не парушылі. Будуць далей з гэтым працаваць юрысты. Папярэднія слуханьні прызначаныя на 10 чэрвеня ў Менскім гаспадарчым судзе", — кажа намесьніца дырэктара ўстановы Ніна Пахлопка.

18 траўня ў офісе ўстановы "Движение вперёд", а таксама ў кватэрах больш як 20 актывістаў кампаніі "Гавары праўду" па ўсёй Беларусі прайшлі ператрусы. У актывістаў забралі кампутары, дакумэнты, грошы. Дырэктар установы, паэт Уладзімер Някляеў, актывісты Сяргей Вазьняк і Андрэй Дзьмітрыеў былі затрыманыя і тры дні правялі ў ізалятары часовага ўтрыманьня ў якасьці падазроных па справе паводле 250-га артыкула Крымінальнага кодэксу — "распаўсюджваньне ілжывай інфармацыі аб таварах і паслугах". Абвінавачаньне па гэтай справе нікому ня выстаўленае дагэтуль. У Ленінскім РАУС Менску, дзе вядзецца справа, ад камэнтароў адмаўляюцца, спасылаючыся на незавершанасьць расьсьледаваньня. Забраныя кампутары, носьбіты інфармацыі, дакумэнты і грошы нікому з актывістаў дагэтуль не вярнулі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG