Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Анкета Свабоды: Мікола Пазьняк


Мікола Пазьняк выступае на прэзэнтацыі кнігі Надзеі Дземідовіч.

Мікола Пазьняк выступае на прэзэнтацыі кнігі Надзеі Дземідовіч.

>Былы палітвязень, каардынатар Фонду Аляксандра Салжаніцына для палітвязьняў зь Беларусі. Нарадзіўся 9 траўня 1926 году ў Лепелі. У вайну працаваў на лепельскім нямецкім радыёвузьле і таемна слухаў савецкія перадачы, а потым перадаваў іх зьмест для падпольных аркушовак. Пасьля прыходу савецкіх войскаў і да канца вайны быў на фронце, за што мае баявыя ордэны і мэдалі. Двойчы засуджаны на дваццаць пяць гадоў. Першы раз абвінавачаны ў здрадзе радзімы, а другі раз атрымаў у дадатак да гэтага яшчэ дваццаць пяць гадоў ужо ў зьняволеньні за нібыта спробу забіць лягернага стукача. Пасьля вызваленьня ў 1960-м вярнуўся ў Беларусь, спраўдзіў мару пра вышэйшую адукацыю і працаваў канструктрам. Жыве ў Барысаве.


Што для вас свабода?


Свабода — гэта жыцьцё.



Што найбольш абмяжоўвае вашу свабоду?


Я паспытаў напоўніцу несвабоды і пасьля вызваленьня я ўжо зусім па-іншаму ўспрымаю жыцьцё. Куды хачу — туды іду.



Што для вас шчасьце?


Быць зразуметым.



Чаго вы найбольш баіцеся?


Зьняволеньня.



Які талент вы хацелі б мець?


Хацеў быць канструктарам і прагна вучыўся, каб ажыцьцявіць мару. Іншых талентаў не хацеў.



Кім з сучасьнікаў вы захапляецеся?


Паэтам Васілём Супруном, які напісаў у 49 годзе ў лягеры Інта за палярным колам:


«Што я хачу? Чаго дабіваюся прагна? За што так жыцьцём безаглядна плачу, ваш рай называючы багнай?..» Гэты верш я запомніў адразу, як толькі ён трапіў да мяне.



Што вы найбольш любіце рабіць?


Люблю чытаць.



Калі б можна было пражыць жыцьцё яшчэ раз, што б вы зьмянілі?


Маё жыцьцё — суцэльная пакута з раньняга дзяцінства. Многае хацелася б пражыць інакш ды ня дадзена.



Якую найлепшую параду вы атрымалі?


Рабі дабро і яно дабром табе вернецца. Аднойчы дабро мяне ўратавала ад галоднае сьмерці.



Які ваш улюбёны дэвіз?


Ніколі пра гэта ня думаў.



У якой палітычнай сыстэме вы хацелі б жыць?


Жыць вольна ў сваёй Беларусі.



У якой краіне вы хацелі б жыць?


У Беларусі.



У якую эпоху вы хацелі б жыць?


У якую жыву, у такой і хацеў бы.



Калі б вы сталі кіраўніком Беларусі, што б зрабілі найперш?


Ніколі я ня буду кіраўніком Беларусі.



Якія адносіны Беларусь павінна мець з Эўразьвязам?


Добрасуседзкія.



Якія адносіны Беларусь павінна мець з Расеяй?


Таксама добрасуседзкія.



Некаторыя думаюць так: «Хай дыктатура, абы свая». А Вы?


Ні сваёй, ні чужой дыктатуры я не хачу.



Калі і як у Беларусі зьменіцца ўлада?


Занадта памяркоўны наш беларускі народ, прыцярпеўся ўжо да ўсялякіх зьдзекаў улады.



Калі беларусы загавораць па-беларуску?


Калі іх вучыць будуць у школах і ўнівэрсытэтах на сваёй мове.



Што будзе, калі беларусы не загавораць па-беларуску?


Зьнікне беларуская мова і гэта будзе найвялікшая бяда для краіны.

XS
SM
MD
LG