Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Удзельніца пасьляваеннага антысавецкага падпольнага руху. Нарадзілася ў 1928 годзе ў мястэчку Гарадзея на Нясьвіжчыне. Падчас нямецкай акупацыі вучылася ў Нясьвіскай настаўніцкай сэмінарыі. У 1949 годзе арыштаваная па справе «Саюзу змаганьня за незалежнасьць Беларусі». Засуджаная на 10 гадоў лягераў і 5 гадоў пазбаўленьня правоў. Пасьля вызваленьня ў 1955 годзе вярнулася ў Беларусь. Рэабілітаваная ваеннай калегіяй Вярхоўнага суду БССР 24.8.1967. Жыве ў родным мястэчку Гарадзея.



Што для вас свабода?

Свабода — гэта жыцьцё.


Што найбольш абмяжоўвае вашу свабоду?


Цяпер я не адчуваю абмежаваньняў — чытаю, што хачу, пішу бяз страху, што магу быць пакараная за гэта.


Што для вас шчасьце?

Шчасьце — гэта калі здаровыя дзеці і ўнукі. Росквіт Радзімы — гэта таксама шчасьце. Толькі, на жаль, яго няма.


Чаго вы найбольш баіцеся?

Не баюся нічога.


Які талент вы хацелі б мець?

Мне ўжо 83 гады — пра які тут талент думаць? Маладосьць прайшла… Сачу за падзеямі нашай Радзімы, выпісваю і чытаю газэты «Наша Слова», «Нашу Ніву», «Літаратуру і Мастацтва». Вось гэтым і жыву.


Кім з сучасьнікаў вы захапляецеся?

Захапляюся сваімі сябрамі, якія ўсе прайшлі праз савецкія лягеры і турмы.


Што вы найбольш любіце рабіць?

Я ўсё люблю рабіць. Люблю, каб утульна было ў хаце, каб парадак быў вакол яе і ў агародзе. Вось гэта мая асноўная цяпер работа.


Калі б можна было пражыць жыцьцё яшчэ раз, што б вы зьмянілі?

Калі б вярнуліся гады маладосьці, то вучыцца б я хацела. Бацька мой рана памёр, а маці адной цяжка было траіх нас утрымліваць. Таму я скончыла толькі два курсы Нясьвіскай настаўніцкай сэмінарыі і змушаная была пайсьці працаваць.


Якую найлепшую параду вы атрымалі?

Нешта ня памятаю настаўленьняў ніякіх. Жыла сваім розумам увесь час.


Які ваш улюбёны дэвіз?

Жыве Беларусь!


У якой палітычнай сыстэме вы хацелі б жыць?

У той, у якой ня ганьбілі б нашу беларускасьць.


У якой краіне вы хацелі б жыць?

Толькі на Радзіме.


У якую эпоху вы хацелі б жыць?

У самую мірную і самую спакойную, бо давялося вайну перажыць.


Калі б вы сталі кіраўніком Беларусі, што б зрабілі найперш?

Зрабілала б усё, каб жыла наша беларускасьць, і каб людзі цанілі наша ўсё роднае.


Якія адносіны Беларусь павінна мець з Эўразьвязам?

Сяброўскія адносіны, адносіны ўзаемаразуменьня.


Якія адносіны Беларусь павінна мець з Расеяй?

Каб варожасьці не было між нашымі краінамі.


Некаторыя думаюць так: «Хай дыктатура, абы свая». А Вы?

Я ня згодная з дыктатурай.


Калі і як у Беларусі зьменіцца ўлада?

Думаю, што гэта марная мара. Ніякіх надзей на зьмену Лукашэнкі ў мяне няма.


Калі беларусы загавораць па-беларуску?

Цяжка ім загаварыць. Яны змалку не прывучаныя да гэтага, дый не імкнуцца да гэтага многія, абруселі.


Што будзе, калі беларусы не загавораць па-беларуску?

Беларусь не загіне, але ж яна ўжо не Беларусьсю будзе.
XS
SM
MD
LG