Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адна з найстарэйшых удзельніц беларускага адраджэнскага руху, вязень савецкіх ГУЛАГаў. Нарадзілася 24 лютага 1927 году на Слонімшчыне. З восенi 1941-га вучылася ў Слонiмскай беларускай гiмназіi, дзе ўступіла ў Саюз Беларускай Моладзі. У сьнежні 1944-га пад час масавых арыштаў сяброў СБМ у Слонiме перайшла на нелегальнае становiшча, потым пераехала да сваякоў у Казахстан, дзе ў 1949-м была арыштаваная. Засуджаная да 25 гадоў папраўча-працоўных лягераў і 5 гадоў пазбаўленьня правоў. Пасьля вызваленьня ў 1956-м вярнулаcя на радзіму, працавала на гаспадарцы ў Слонімскім р-не, потым перабралася ў Менск. З-за свайго лягернага мінулага была абмежаваная ў магчымасьцях выбару месца работы. Аўтарка трох кнігаў вершаў і ўспамінаў. Жыве ў Калодзiшчах пад Менскам.


Што для вас свабода?


У мяне свабоды ніколі не было. Хацелася быць свабоднай для сябе і свайго народу, але я гэтай свабоды не атрымала ад дзяцінства да гэтых гадоў.


Што найбольш абмяжоўвае вашу свабоду?


Абмяжоўвае несправядлівасьць і тое, што людзі падзеленыя на розныя катэгорыі.



Што для вас шчасьце?


Шчасьце, калі ты жывеш на сваёй зямлі. Для мяне найбольшае шчасьце, што я вярнулася дахаты і жыву сярод сваіх людзей гэтакіх думак, як я, і што на сваёй зямлі памру.



Чаго вы найбольш баіцеся?


Я ўжо цяпер нічога не баюся.



Які талент вы хацелі б мець?


У мяне быў талент, але мне яго змарнавала савецкая карная сыстэма.



Кім з сучасьнікаў вы захапляецеся?


Я захапляюся маладафронтаўцамі.



Што вы найбольш любіце рабіць?


Сустракацца са сваімі аднадумцамі.



Калі б можна было пражыць жыцьцё яшчэ раз, што б вы зьмянілі?


Мае думкі і жаданьні, каб мы жылі ў Беларусі так, як жывуць ва ўсіх дэмакратычных краінах, засталіся нязьменнымі ад мададосьці да сёньня. Гэта — пажыцьцёва.



Якую найлепшую параду вы атрымалі?


Некалі, калі я была зусім малой дзяўчынкай і пачынала вершы пісаць, то мне бацькі і паэт Сяргей Новік-Пяюн казалі, каб я не пісала ні пра Гітлера, ні пра Сталіна, а толькі пра сваю школу і свае кветачкі. Але гэтая парада ня выратавала мяне.



Які ваш улюбёны дэвіз?


Некалі дзяўчынкай я склала сама сабе дэвіз: «Жыць на карысьць для народа свайго, калі ён тут будзе гаспадарыць, і штосьці такое зрабіць для яго, каб добрую думку аставіць!»



У якой палітычнай сыстэме вы хацелі б жыць?


Я хацела заўсёды жыць у сваёй роднай незалежнай Беларусі, у якой усім было б даступна да вучобы, і каб усе маглі працаваць і жыць для свайго народа.



У якой краіне вы хацелі б жыць?


У вольнай Беларусі.



У якую эпоху вы хацелі б жыць?


Цяперашнюю, але каб намі кіраваў сапраўдны шчыры беларус.



Калі б вы сталі кіраўніком Беларусі, што б зрабілі найперш?


Дала б маладым магчымасьць вучыцца на сваёй роднай мове, але пры гэтым, каб Яны вывучалі і ведалі шмат моў, стварыла б ім такія ўмовы, каб яны не ўцякалі потым за мяжу, а працавалі на сваёй зямлі.



Якія адносіны Беларусь павінна мець з Эўразьвязам?


Хацелася б, каб была Беларусь роўная з другімі краінамі.



Якія адносіны Беларусь павінна мець з Расеяй?


Хочацца, каб тыя адносіны былі добрыя, але ня дай Бог, каб Беларусь і Расея злучыліся.



Некаторыя думаюць так: «Хай дыктатура, абы свая». А Вы?


Я хачу, каб намі кіравалі свае разумныя людзі, каторыя дастойныя быць кіраўнікамі.



Калі і як у Беларусі зьменіцца ўлада?


Яшчэ доўгі час прабудзе гэтая ўлада. Але можа здарыцца і так, што яна зьменіцца на горшую.



Калі беларусы загавораць па-беларуску?


Ужо крышку пачынаюць загаворваць, але калі б загаварылі вярхі, то нізы за імі хутка загаварылі б.



Што будзе, калі беларусы не загавораць па-беларуску?


Пакуль ёсьць мова, датуль будзе беларуская дзяржава, а як зьнікне мова, то зьнікне і дзяржава.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG