Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анкета Свабоды: Уладзімер Дамашэвіч


Уладзімер Дамашэвіч

Уладзімер Дамашэвіч

Беларускі празаік. Нарадзіўся 17 лютага 1928 году ў вёсцы Вядзяціна Ляхавіцкага раёну. Пазьней сям'я пераехала на Клеччыну. Скончыў філфак БДУ. Працаваў рэдактарам і літсупрацоўнікам у розных выдавецтвах і часопісах. Аўтар больш дзясятка празаічных кніг. За раман "Камень з гары" атрымаў прэмію прафсаюзаў Беларусі. З шасьцідзесятых гадоў публічна выступаў у абарону роднае мовы, за што шмат цярпеў ад савецкае сыстэмы. Жыве ў Менску.


Што для вас свабода?

Свабода – як паветра. Без свабоды чалавек жыць ня можа.


Што найбольш абмяжоўвае вашу свабоду?


Маю свабоду ўжо абмяжоўвае толькі мой узрост.


Што для вас шчасьце?


Здаецца, адзін вядомы грузін сказаў: "Калі мой народ нешчасьлівы, то я не магу таксама пачувацца шчасьлівым". Я далучаюся да гэтых словаў.


Чаго вы найбольш баіцеся?


Хваробаў, якія нясуць пагрозу жыцьцю. А ў іншым я даволі сьмелы чалавек.


Які талент вы хацелі б мець?

Такое пытаньне для мяне запознае. Я ўжо выкарыстаў усё тое, што мне было дадзена, і не мару пра іншыя таленты. Хоць зрабіў ня так шмат і ня так добра, як хацелася б.


Кім з сучасьнікаў вы захапляецеся?

У Беларусі ёсьць людзі, кім можна захапляцца, але не магу назваць каго-небудзь аднаго.


Што вы найбольш любіце рабіць?

Некалі я, вясковы хлопец, любіў фізычную працу. А цяпер люблю пісьменьніцкую, хоць пішу ўжо вельмі мала.


Калі б можна было пражыць жыцьцё яшчэ раз, што б вы зьмянілі?

Напэўна, зьмяніў бы шмат што, але другога жыцьця пражыць немагчыма. Праўда, ня ведаю, ці згадзіўся б я, каб нават і была такая магчымасьць. Мне хапіла майго жыцьця.


Якую найлепшую параду вы атрымалі?

Некалі ад школьных настаўнікаў, якія параілі мне не кідаць вучобы і не ісьці ў афіцэрскую вучэльню.


Які ваш улюбёны дэвіз?


У паўстанцаў быў пароль: "Каго любіш? - Люблю Беларусь! - Дык узаемна". Я далучаюся да гэтых слоў.


У якой палітычнай сыстэме вы хацелі б жыць?


У дэмакратычнай, дзе правы чалавека не парушаюцца, дзе чалавек можа сказаць усё, што ён думае, і не баяцца, што яму здымуць скальп за гэта. Калі гаварыць пра цяперашні беларускі ўрад, то я не прымаю яго, бо ён адкінуў беларускую мову як непатрэбшчыну. А гэта, апроч усяго іншага, – грэх.


У якой краіне вы хацелі б жыць?

У якой нарадзіўся, а іншых краін ніякіх мне ня трэба.


У якую эпоху вы хацелі б жыць?

У якой жыву, другой – не хачу.


Калі б вы сталі кіраўніком Беларусі, што б зрабілі найперш?

Я сказаў бы: давайце будзем беларусамі ня толькі фармальна, і зь сёньняшняга дня давайце будзем гаварыць на роднай мове.


Якія адносіны Беларусь павінна мець з Эўразьвязам?

Адносіны ўзаемапавагі, узаемадапамогі.


Якія адносіны Беларусь павінна мець з Расеяй?

Добрасуседзкія, раўнапраўныя.


Некаторыя думаюць так: “Хай дыктатура, абы свая”. А Вы?

Дыктатура ці свая ці чужая – гэта амаль адно і тое ж. Дыктатура для чалавека, для чалавецтва ніколі дабра не прыносіць.


Калі і як у Беларусі зьменіцца ўлада?

Не кажу пра сябе, бо мая дарога ўжо канчаецца, але нашы дзеці і нашы ўнукі будуць жыць у дэмакратычным грамадзтве.


Калі беларусы загавораць па-беларуску?

Вось тады яны і загавораць па-беларуску, калі сапраўдная дэмакратыя будзе ў Беларусі.


Што будзе, калі беларусы не загавораць па-беларуску?

Такога ня можа быць, інакш мы ўвойдзем у гісторыю як народ, які сам сябе загубіў.
XS
SM
MD
LG