Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Максім Жбанкоў нарадзіўся ў 1958 годзе ў Менску. Скончыў Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт (філязофскае аддзяленьне), асьпірантуру. Кандыдат філязофскіх навук. Працаваў у БДУ, Беларускім фондзе Сораса. Аўтар шматлікіх аналітычных артыкулаў па пытаньнях сучаснай культуры. Кола навуковых інтарэсаў: дынаміка культуры, маргінальныя культурніцкія стратэгіі, масавая культура, сучасны стан беларускай культуры, аналіз візуальных тэкстаў. Жыве ў Менску.


Што для вас свабода?


Незалежнасьць у шырокім сэнсе. Права абіраць працу, мову, краіну. І тых, хто побач.



Што найбольш абмяжоўвае вашу свабоду?


Напэўна, мая ўласная недасканаласьць.



Што для вас шчасьце?


Працэс пошуку недасягальнай гармоніі паміж жаданым і магчымым.



Чаго вы найбольш баіцеся?


Калі малодшыя сыходзяць раней за нас.



Які талент вы хацелі б мець?


Мне, у прынцыпе, хапае таго, што ёсьць. У іншым выпадку гэта быў бы ўжо ня я.



Кім з сучасьнікаў вы захапляецеся?


Захапляцца — гэта для дзяўчынак. Вельмі цікава адчуваць сябе сучасьнікам (а часам, калі пашанцуе, — і саўдзельнкам) Акудовіча, Вольскага, Анемпадыстава, Кашкурэвіча, Хадановіча і Рыжкова.



Што вы найбольш любіце рабіць?


Калі так напраўду — дык нічога не рабіць. Глядзець старое кіно і слухаць біг-біт 60-х.



Калі б можна было пражыць жыцьцё яшчэ раз, што б вы зьмянілі?


Паразмаўляў бы больш з нябожчыкам бацькам.



Якую найлепшую параду вы атрымалі?


Ня памятаю. Апошнім часам часьцей самому даводзіцца даваць парады. Зь пераменным посьпехам.



Які ваш улюбёны дэвіз?


Рабі, што мусіш — і хай будзе, што будзе!



У якой палітычнай сыстэме вы хацелі б жыць?


У той, якую можна не заўважаць.



У якой краіне вы хацелі б жыць?


У розных. Мяне вабіць мабільнасьць і адсутнасьць геапалітычных бар’ераў.



У якую эпоху вы хацелі б жыць?


Як ні дзіўна, мне падабаецца зараз.



Калі б вы сталі кіраўніком Беларусі, што б зрабілі найперш?


Я б тэрмінова прачнуўся))



Якія адносіны Беларусь павінна мець з Эўразьвязам?


Проста зрабіцца ягонай часткай.



Якія адносіны Беларусь павінна мець з Расеяй?


Звычайныя: прагматыка бязь лірыкі.



Некаторыя думаюць так: «Хай дыктатура, абы свая». А Вы?


Яна мне не свая.



Калі і як у Беларусі зьменіцца ўлада?


Яна ўжо мяняецца. Проста ня варта чакаць рэвалюцыяў.



Калі беларусы загавораць па-беларуску?


Дык мы ўжо гаворым! Ці мы — не беларусы?



Што будзе, калі беларусы не загавораць па-беларуску?


Тое, што і было. На жаль.

XS
SM
MD
LG