Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Антаніна Хатэнка нарадзілася ў вёсцы Зенькаўцы на Зэльвеншчыне. Скончыла Пружанскую школу-інтэрнат і філфак БДУ. Працавала ў розных выдавецтвах, на тэлебачаньні, у Беларускім фондзе культуры. Дасьледуе праблемы этнакультуры. Аўтарка кніг «Зьдзічэлае рэха вясны», «Зьніч крыжовых дарог», «Чалавек на далоні Сусьвету» і іншых. Жыве ў Менску.


Што для вас свабода?

Дыханьне. Яго не адсочваеш. Бо ўсё ў арганізьме працуе зладжана, і дыханьне — часьціна гэтага зладу. Роўна ж і наадварот: рэзрух замінае дыханьню, альбо цяжкае дыханьне спараджае безладзь у целе.


Што найбольш абмяжоўвае вашу свабоду?

Пякельнае ўсьведамленьне несвабоды ў самых элемэнтарных праявах асабовасьці. Самаабмяжоўваньне, выбудова самасупынаў спыняе натуральную плынь жыцьця й нявечыць саму сутнасьць пабытаваньня ў сьвеце, дзе ўсё адпачатна адкрыта да пазнаньня.


Што для вас шчасьце?

Любіць. Аддаваць і ведаць, што табой аддаванае прымаюць.


Чаго вы найбольш баіцеся?


Зрабіцца нямоглай і ўзлавацца на лёс.


Які талент вы хацелі б мець?

Таньчыць і сьпяваць. Падаецца, гэта й ёсьць пачуваньнем існай волі.


Кім з сучасьнікаў вы захапляецеся?

Не ствараю ідалаў. Люблю ў кожным, цікавым мне, чалавеку ягоную ўнікальнасьць. Зачароўваюся талентамі.


Што вы найбольш любіце рабіць?

Думаць. А таксама новаствараць прастору — дызайнаваць кожны кут, што даецца да рук.


Калі б можна было пражыць жыцьцё яшчэ раз, што б вы зьмянілі?


Спаткалася б з Ларысай Геніюш (я расла непадалёк ад ейнай Зэльвы). Шукала б мудрасьць ня рваць жывых ніцін доранага Богам супольля.


Якую найлепшую параду вы атрымалі?

Не прасі дазволу — дазваляй сама.


Які ваш улюбёны дэвіз?

Om shanti. Я — спакойная душа.


У якой палітычнай сыстэме вы хацелі б жыць?


Хай Бог зьлітуецца й збавіць ад сыстэм усялякіх. Адна толькі сыстэма жыцьцядайная — прырода ўсярэдзіне мяне і ў Сусьвеце.


У якой краіне вы хацелі б жыць?

На Месцы Сілы — у мроенай мной і сьнёнай Беларусі, з праўдзівым імём і шляхам.


У якую эпоху вы хацелі б жыць?

У эпоху Дыямэнтавай дарогі, якая кожнага выводзіць да Сябе.


Калі б вы сталі кіраўніком Беларусі, што б зрабілі найперш?

Ператварыла б кіраўніцтва ў СУ-творчасьць з Вышнім і ўсімі Талентамі краіны. (Калі б на тое стала мне мудрасьці й духовай моцы…)


Якія адносіны Беларусь павінна мець з Эўразьвязам?

Стасункі разумнай клеткі з Цэласьцю.


Якія адносіны Беларусь павінна мець з Расеяй?

Вольныя ад векавой маны й састарэлай гульні ў старэйшых-малодшых.


Некаторыя думаюць так: «Хай дыктатура, абы свая». А Вы?

Дыктатуры не ўласьціва СВАЯцкасьць. Дыктат заўсёды — чужая сярмяжка цяжка.


Калі і як у Беларусі зьменіцца ўлада?

Улада не зьмяняецца, бо яна таго аніколі не зажадае. Уладу мяняюць тыя, хто гатовы мець над сабой уладароў. Усялякая ж падуладнасьць — парушэньне законаў усяленскага Быцьця. Я дык гадую ў сабе спакваля давер да Гаспадара дзяржавы. Якога пакуль і блізка не відно…


Калі беларусы загавораць па-беларуску?

Калі ўсё беларускае перастане ўспрымацца анамаліяй, экзотыкай. ПРЫЖЫВЕЦЦА. І тады… не беларускія паэты, гісторыкі ці яшчэ каторыя адмыслоўцы (зь якіх нетраў узяліся?) загавораць да людзтва, а папросту Свае, Нашы. Ня штучныя, але ШТУКАваныя. Адзінкавыя.


Што будзе, калі беларусы не загавораць па-беларуску?

А беларусы й цяпер не гавораць па-беларуску. Ад нацыянальнага Дрэва адшчэплена крона, і толькі адна моцная галінка трывае на камлі. Ды ўсё-ткі… карані жывыя. Сілкуюць і тую нязломную галінку, і крону, падвіслую над прорвай нябыту. Гэтак памаўчым яшчэ адно да аднаго, пагаворым разнамоўна. Перад расстаньнем?.. Перад зьяднаньнем? Перад дзядамі й нашчадкамі. І, мабыць, схамянемся…

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG