Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У вайсковую частку, дзе служыць актывіст БНФ Франак Вячорка, прыяжджала група тэлебачаньня. Бацька Франака, Вінцук Вячорка не выключае, што рыхтуецца прапагандысцкі фільм.


Вось што паведаміў Радыё Свабода Вінцук Вячорка: “27 студзеня 2010 зь Менску прыехала на бусіку здымачная група праграмы "Всё о безопасности", а адначасова трое афіцэраў контравыведкі КГБ. Паводле здымачнай групы, нібыта рыхтуецца праграма да 23 лютага. Аб'ект здымкаў – найлепшы батальён у сыстэме ці то СПА, ці то ВПС-СПА, ці то ЗАТК, ці то ўсіх Узброеных Сілаў. Перад прыездам здымачнай групы больш за тыдзень у частцы наводзілі вонкавы бляск".

Кіраўнічка праграмы "Всё о безопасности" Людміла Джураева добра вядомая беларускаму грамадзтву як аўтарка тэлесюжэтаў аб галадоўцы пратэсту вернікаў менскай царквы "Новае жыцьцё". Апошнія падавалі на яе скаргу ў Пракуратуру Рэспублікі Беларусь з просьбай прыцягнуць яе да крымінальнай адказнасьці за ілжывую інфармацыю і за маніпуляцыйны мантаж іхных выказваньняў.

У мазырскай вайсковай частцы Л.Джураева размаўляла з камандаваньнем, сяржантамі, салдатамі, выпытваючы іх пра Франака: ці "косіць", ці ўхіляецца ад службы, ці мае аўтарытэт і нават ці можа ён стаць прэзыдэнтам краіны.

Паводле Вінцука Вячоркі, з самім Франакам яна таксама гаварыла на камэру на ягоным службовым месцы. Задавала пытаньні пра стаўленьне да войска, чаму ён нібыта "ўхіляўся ад прызыву", ці пагоршылася ягонае здароўе за час службы ("а вось доктар кажа іншае!" – гэта пра фэльчарку), пра тое, ці напісаў бы ён свой інтэрнэт-дзёньнік на пачатку службы інакш і г.д.

“Я дапускаю зьяўленьне чарговага прапагандысцкага сюжэту і папярэджваю Людмілу Джураеву аб непазьбежнай – рана ці позна – адказнасьці ў выпадку зьяўленьня паклёпніцкіх, сфальсыфікаваных, тэндэнцыйна змантаваных выказваньняў і матэрыялаў”, – сказаў Вінцук Вячорка.

“Што ж да прызнаньня мазырскага батальёну ўзорным і вартым фільмаваньня – я спадзяюся, што тут сапраўды пачнуць узорна ставіцца да здароўя і правоў салдатаў. Думаю, камандаваньню тут трэба падзякаваць Францішку, – сказаў бацька Франака. – Пасьля зьяўленьня ў публічнай інфармацыйнай прасторы зьвестак пра стаўленьне да здароўя салдатаў, хваравітую маральна-псыхалягічную атмасфэру, штучна створаную вакол беларускамоўнага салдата дэмакратычных поглядаў, вышэйшае камандаваньне вырашыла ратаваць рэпутацыю ведамства ў цэлым. Я, аднак, перакананы, што найлепшы спосаб узьняць рэпутацыю войска – гэта спыніць выкарыстоўваць яго ў якасьці інструмэнту палітычных рэпрэсіяў, а таксама камісаваць тых, хто непрыдатны да службы паводле стану здароўя.”

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG