Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Лукашэнка за два дні да новага году падводзіць вынікі 2009-га. У Нацыянальную бібліятэку на прэсавую канфэрэнцыю кіраўніка беларускай дзяржавы запрошаныя прадстаўнікі цэнтральных і рэгіянальных СМІ. Зь незалежных мэдыяў запрошаныя агенцтва БелаПАН, БДГ, "Белорусы и рынок". Прадстаўнікі “Нашай нівы”, “Народнай волі”, "Новага часу", якія былі на сустрэчы беларускіх журналістаў з расейскім прэзыдэнтам Дзьмітрыем Мядзьведзевым, на прэсавую канфэрэнцыю да беларускага кіраўніка не запрошаныя.

Пра Бога


“Не ўбій і гэтак далей. А паглядзіце, што ў нас творыцца. Мы ўжо яўна пераступаем напрамую Божыя запаветы. Адсюль усе гэтыя крызісы...

Часта кажуць, палітыка – справа брудная. Катэгарычна з гэтым ня згодны. Вось колькі я буду ў гэтай палітыцы, столькі змагаюся і буду супраць гэтага змагацца...Я хачу, каб палітыка была ня бруднай, а шчырай. У гэтым галоўнае маё прызначэньне служэньня ня толькі народу, але і Богу. Дай Бог, каб ён толькі быў!..

Я вельмі хачу, каб Бог быў. Каб ён надаваў нам па галаве – табе, і мне, і рассудзіў справядліва”.

Пра грып і ВРВІ


“Я атрымліваў кожныя суткі інфармацыю па кожная лякарні. І параўноўваў з мінулымі гадамі. У нас значна меней было шпіталізавана, усплёск быў большы. І сьмярцей было меней. Я ж не буду выходзіць і казаць, вось памерла столькі. Лічыць пакойнікаў – гэта справа не для прэзыдэнта. Але я бачыў, што гэта ня так...Супакойцеся. Захварэлі – лячыцеся... У час трэба зьвяртацца, асабліва, калі гэта пік. Шуміха і істэрыя былі паднятыя, на дзіва, маштабна”.

Пра выкраданьні актывістаў апазыцыі і Шапуцьку


Нядаўна сустракаюся з адным дыпляматам: а вы ведаеце, што трэба неяк перашкаджаць таму, што гэтага чалавека ў вас вывезла міліцыя, пакінула на дарозе... Госпадзі, нібыта я пад кантролем трымаю ўсе гэтыя працэсы. Каго вывезьлі? Што там “Белорусы и рынок” знайшлі? Дзе яны што надрукавалі? І з БДУ нейкую дзяўчыну выключылі. Я кажу, што абавязкова разьбяруся. Пачынаю разьбірацца. На першым канале была вялікая перадача, ну ўжо ўсе кропкі над “і”расставілі. Ну абсалютна ж ня так. Бо ў апазыцыі палітыка — гэта бізнэс, за які добра плацяць. Яны нават не баяцца, што я Пракопаву магу арыгіналы перадаць і яны зноў на ўвесь экран пакажуць цану ўсяго гэтага... Даюць у лапу. Празь Літву, Польшчу. Утварыўся цэлы канал. Мы ж кантралюем гэтыя каналы... І паглядзіце, усе шыкоўна жывуць. Нідзе не працуюць, і ніхто не пахудзеў”.

Пра санкцыі ЭЗ


“Адмянілі — дзякуй, не адмянілі — калі ласка. Можаце жыць з гэтымі санкцыямі. Давайце адзін на аднаго глядзець праз Бэрлінскі мур. Калі вам гэта нявыгадна, не рабіце. Толькі давайце чэсна. Я разумею, што яны чакаюць прэзыдэнцкіх выбараў. Ім хочацца падвесіць нас, найперш мяне, на кручок і патрымаць. Ну добра, падвесьце, я да гэтага прывык. Будзем неяк па іншых каналах весьці дыялёг. Ня трэба з намі размаўляць, як зь дзецьмі...

Там адна-дзьве краіны засталіся. Галяндыя ўпарціцца, дэмакратыі ім усё не хапае. І Вялікабрытанія. Я ім кажу: я ж вас не крытыкую за тое, што вы легалізавалі наркотыкі... Увесь сьвет паехаў у Бэльгію ці ў Галяндыю па тую наркату. Кормяць усю Эўропу. Няўжо гэта нармальна? Але ж я не лямантую на ўвесь сьвет. Ну, вам гэта выгадна, ежце гэтыя наркотыкі. А мы будзем, наколькі магчыма, абараняць свой народ ад гэтага.

Апазыцыі даюць у лапу


Лукашэнка абвінаваціў беларускую апазыцыю ў атрыманьні грошай з Захаду:

“Палітыка для апазыцыі – гэта бізнэс, за які добра плацяць. Даюць у лапу. Даюць праз Літву, праз Польшчу. Утварыўся цэлы канал. Мы ж іх кантралюем, гэтыя каналы”.



Пра інтэрнэт


"Мы вымушаны і будзем рэагаваць на тое, што творыцца ў інтэрнэце. Мы ня будзем нічога забараняць. Забароны доступу ня будзе, але адказнасьць будзе. Так, як гэта ў Амэрыцы. Мы будзем у гэтым накірунку падцягвацца – нікому нічога не забараняючы, але жорстка рэглямэнтуючы і пытаючыся.

Мы зробім так, што чалавек, які нясе ўсё гэта – праўду, бруд і іншае, каб ён быў вядомы, і калі парушае закон – адказваў".


Пра Эўразьвяз: “Яны хочуць мяне падвесіць на кручок”


Пра свае сустрэчы з Хаўерам Салянам, Бэнітай Фэрэрай Вальднэр, Сыльвіё Бэрлюсконі Лукашэнка зазначыў:

“Я ім наўпрост кажу: “Мужыкі! Вось гэта я буду рабіць. Вось гэта Беларусь здольная. А гэта мы ніколі рабіць ня будзем, бо гэта супярэчыць нашым інтарэсам. Я ім кажу: калі вы будзеце парцягваць з намі такую палітыку, у кошкі мышкі гуляць – скажыце. Не трэба нас за нос вадзіць. Не трэба падвешваць. Санкцыі нібыта ёсьць, але іх на год скасавалі. Я разумею, што яны чакаюць прэзыдэнцкіх выбараў. Яны хочуць мяне падвесіць на кручок”.

"Дзярмо сталі вырабляць, дзярмовыя аўтамабілі, нават Нямеччына"


“Я асабіста за рулём ежджу больш, чым мяне возяць. Ды дзярмо сталі вырабляць, дзярмовыя аўтамабілі, нават Нямеччына. Яны не вытрымліваюць ніякай крытыкі параўнальна з тымі, што былі. Што казаць пра старыя аўтамабілі? Гэта ж падман людзей. Так, я разумею, што ён ня можа купіць новы, а яму хочацца, бо ён такі ж хворы, як я, адносна аўтамабіляў. Я страшна люблю аўтамабіль, гэта мая стыхія...

Мы ж ператварыліся сёньня ў адхожае месца для аўтапраму Захаду і Амэрыкі, Японіі. Мы ж купляем ужываныя гэтыя аўтамабілі, якія нічога ня вартыя. Новыя ўжо горшыя сталі. І мы ўвозім гэты хлам, замест таго каб паставіць жорсткія бар’еры.

І я вінаваты ў гэтым. Я сваім кажу ва ўрадзе: змарнавалі гэты час. Калі мы вырабляем гіганцкія аўтамабілі, трактары, то няўжо мы не маглі стварыць тут вытворчасьць, каб задаволіць попыт хаця б беларусаў? Тады было б прасьцей. Мы паспрабавалі з “Фордам”, з Іранам. Маленькі рынак, ня хочуць... Ну, не зрабілі гэта. Можа, часу, розуму, грошай не хапіла. Але напэўна хопіць вазіць у Беларусь, як на звалку, гэтыя аўтамабілі.

Я не здымаю гэтую праблему, што нам недзе трэба паставіць гэты заводзік і кляпаць гэтыя аўтамабілі — надзейныя, моцныя, якасныя — пад беларуса.

Для Расеі адчувальная пазыцыя — увоз аўтамабіляў. Калі мы не пагодзімся, то празь Беларусь пойдзе гэты паток аўтамабіляў на ўсю мытную прастору. Таму трэба было гэты кампраміс знаходзіць. Мы пайшлі на мыта для юрыдычных асобаў. Па фізычных, ведаючы ваш настрой, мы сказалі — не, пачакайце. Мы рэзэрвуем гэтую пазыцыю і будзем сядаць за стол перамоваў...




Пра шокавую тэрапію


Журналіст газеты “Белорусы и рынок” спытаў пра пэрспэктывы рынкавых рэформаў.

А. Лукашэнка адказаў на гэта, што нават пытаньні на прэсавай канфэрэнцыі сьведчаць, што людзей больш цікавяць пытаньні сацыяльнай абароненасьці, а не рэформаў.

“Хочаце шокавую тэрапію. Калі ласка. Варыянт ёсьць. За паўгода будзе рэалізавана. Дык нават вы ў “Белорусы и рынку” завыеце! Тэмпы рэформаў залежаць не ад мяняем а ад нашага народу, які ня хоча шокавай тэрапіі”.

Рысы сучаснага беларуса


“Нас кідалі з адной імпэрыі ў другую, ціснулі, труцілі, і зьявілася вось гэтая рыса – абачлівасьць, потым памяркоўнасьць і гэтак далей.Таму розьніцы ніякай няма ў гэтай душы расейца і беларуса. Мы, практычна, адзін народ, я на гэтым настойваю.Толькі са знакам якасьці. І мы больш абачлівыя ў сілу нашай гісторыі”.

Пра ўрокі зыходзячага года


Калі журналіст спытаў А. Лукашэнку пра ўрокі адыходзячага года, Лукашэнка адказаў:

“Я да 4-х гадзін раніцы рыхтаваўся да прэсавай канфэрэнцыі, мне сказалі, што будзе пытаньне пра ўрокі. Шчыра скажу, не магу зразумець, якія былі ўрокі ў бягучым годзе. У замежнай палітыцы галоўны ўрок, можа, у тым, што мы занадта ляглі на ўсходняе крыло і павінны адбудоўваць адносіны з усімі суседзямі. Мы шмат працавалі на заходнім кірунку каб збалянсаваць сытуацыю”.

АЭС будзем будаваць у Астраўцы


“Будаўніцтва новай станцыі ня выгадна эўрапейцам і ,магчыма, нават расейцам, бо мы пачынаем вырабляць свой танны тавар.

Космас і атамная станцыя нам патрэбны яшчэ для таго, каб гэтым разумным, яйкагаловым людзям, даць магчымасьць працаваць.

АЭС мы будзем будаваць у Астраўцы. Гэта адназначна. Пісьмова рашэньне будзе прынятае найбліжэйшым часам. Падобныя рашэньні прымае прэзыдэнт, але мы цяпер праходзім пэўныя працэдуры.

МЗС Літвы: Захад не зьбіраецца прывязвацца да беларускай АЭС

“... У першую чаргу патрабуем у выпадку зь Беларусьсю: каб будаўніцтва атамнай электрастанцыі на вашай тэрыторыі адбывалася ў рамках усіх існуючых пагадненьняў, у якіх удзельнічае ваша краіна. Зрэшты, тое ж самае Беларусь патрабуе ад нас”.

Дзе “Вайна і мір”?


Адрэагаваў А. Лукашэнка на развагі аб заняпадзе культуры, а тым што творцам нічога ня плацяць:

“Ды бог з вамі! Расейскаму шоў-бізнэсу плацяць тыя, для каго яны пяюць, танчаць… Зьнялі кіно “Глыбокая плынь”. Дзе яно? Два зь лішкам мільярды яшчэ тых затрацілі… Я пісьменьнікам казаў: "Хлопцы! “Вайну і мір” на стол! Я заплачу!" Дзе “Вайна і мір”? Хаця б “Узьнятая цаліна”? За што плаціць?”




Пра Мытны саюз


Паводле А. Лукашэнкі, галоўная прычына ўдзелу Беларусі Мытным саюзе ляжыць у адкрытасьці беларускай эканомікі.

“Канешне, прыйдзецца паступіцца і пайсьці на кампраміс па некаторым пытаньням. Але паступіліся таксама Расея і Казахстан. Цяпер мы нічога не губляем…Расея не хоча расставацца са сваімі козырамі ў галіне газу і нафты. Мы павінны мець выбар, дзе купляць, у Расеі ці Казахстане. Гэта трэба будзе вырашаць”.


“Наконт выбараў я не напружваюся”

Лукашэнка, гаворачы пра выбары ў мясцовыя саветы 2010 году і прэзыдэнцкія выбары 2011 году, заявіў, што ён асабліва не напружваецца ў сувязі зь імі:

“Калі будзе эканоміка разьвівацца нармальна, людзі падтрымаюць дзейную уладу, прэзыдэнта і канструктыўных дэпутатаў. Абяцаю, што з майго боку ціску ня будзе. Асабліва на прэзыдэнцкіх выбарах. Настаў той пэрыяд, калі з майго боку ніякай барацьбы, ніякага адміністратыўнага ціску не павінна быць. Людзі самі маюць вызначыцца”.

Лябедзька: За 15 год – ніводных дэмакратычных выбараў


"Лягічна было б пачуць гэтыя словы Лукашэнкі не сёньня, 30-га сьнежня, а 1-га красавіка. Тады яны былі б да часу. Ня першы раз чуюць грамадзяне Беларусі, што ў нас усё будзе цывілізавана, культурна, ніхто ня будзе нікога давіць, ніхто ня будзе ні ва ў што ўмешвацца, А вынік усяго гэтага такі – за 15 гадоў Аляксандар Лукашэнка ня здолеў правесьці ні воднай выбарчай камапаніі, якая была б прызнаная дэмакратычнай, адпавядаючай стандартам АБСЭ".

Пра лібэралізацыю


Калі ў эканоміцы крызісныя зьявы, а ў крызіс вельмі складана нешта разрульваць у эканоміцы і кіраваць нечым, — ня ўмешвайся лепш. Дай магчымасьць эканоміцы самастойна выплыць, але кантралюй пэўныя працэсы, каб ня надта тыя, хто хоча нажыцца на крызісе… глядзі, каб не зашкальвала. Я пра гэта публічна не выказваўся. Але ў маім жыцьці гэта трэці раз. І я заўсёды наш урад перасьцерагаю ад залішняга ўмяшаньня ў тыя працэсы, якія адбываюцца ў нашай эканоміцы.

Вы мяне сёлета вельмі моцна крытыкавалі за лібэралізацыю, якая нібыта зьвязана з тым, што гэтага патрабуе Захад. Ня ў гэтым галоўная прычына. Галоўная прычына менавіта ў тым, што ў дадзенай сытуацыі дамінаваць над працэсамі, якія адбываюцца ў эканоміцы, нельга. Трэба больш разьнявольваць эканоміку і ініцыятыву людзей. На гэта скіравана і лібэралізацыя, і ў гэтым яе сутнасьць, а ня ў тым, што мы заўтра прададзім усе прадпрыемствы. І на гэта накіравана дэбюракратызацыя.


Эканаміст Зьміцер Крук: структурныя рэформы ў Беларусі далёкія ад стандартаў МВФ

“Прыкладам, місія МВФ таксама будзе ацэньваць і паказьнікі, якія зьвязаныя з так званымі структурнымі рэформамі. І якраз тут сытуацыя не такая зразумелая. Таму што калі казаць пра макраэканамічныя паказьнікі, то так, тут спрачацца няма з чым, яны сапраўды выкананыя. Але што тычыцца структурных рэформаў, то ёсьць пэўныя пытаньні.


“На дурняк нічога ня пройдзе ў Беларусі”


Пётар Марцаў з “БДГ” спытаў пра замежныя крэдыты і інвэстыцыі: “Што і па якой мадэлі будзем прадаваць у наступным годзе?”


Лукашэнка адказаў, што браць крэдыты не заўсёды кепска:

“Увесь сьвет жыве ў крэдыт. Праўда, амэрыканцы дажыліся… Мы акуратна дзейнічаем, асьцярожна. Крэдыты ў нас у межах парогу ў 20 працэнтаў ад ВУП”.

Продаж “Бепрамбудбанка” расейскаму Сбербанку А. Лукашэнка назваў удалым.

“Мы кожны год штосьці прадаём. Грамадзяне Беларусі маюць прыярытэт у працэсе прыватызацыі. Пытаньне толькі адно – колькі заплаціце”.

Паводле А. Лукашэнкі патэнцыйныя пакупнікі “Нафтану-Паліміру” пакуль не прапанавалі добрай цаны, многія хочуць купіць беларускія аб’екты за бесцань. А. Лукашэнка на гэта адказвае:

“Я кажу прама, па-расейску, на дурняк нічога ня пройдзе ў Беларусі…Таму будзем прыватызаваць, але так, як прынята ў нас. Не агулам, ня чохам, а канкрэтна прадпрыемствы... Гэтак жа было з Грэфам. Мы ж зь ім ідэалягічныя праціўнікі, але мы дамовіліся... У Грэфа такая асаблівасьць, ён ніклі не юліць, не хлусіць...

Галоўнае, не чамадан грошай, якія прынясуць сьледам за гэтым перамоўшчыкам. А галоўнае, колькі яны дзяржаве, народу пакладуць у казну”.

“Сапраўды, грошай у дзяржаве няма і ўзяць іх няма адкуль. Тэарэтычна іх можна атрымаць ад прыватызацыі. Але што такое прыватызацыя ў беларускіх умовах? Гэта тое, што сам Лукашэнка фактычна ўкраў, калі прыйшоў да ўлады”.



Бітва за газ і нафту

Людзі кажуць, мы разумеем, што шмат у чым гэта аб’ектыўны працэс. Ну, калі сёньня вельмі дарагія газ і нафта. Калі сёньня, нягледзячы на крызіс, вось сёньня ідзе проста барацьба, якой вы ня бачыце, альбо і бітва, можа, пакуль мясцовага значэньня, за цану на нафту і газ.

Яны нідзе не падаражэлі за гэта год, апроч як для Беларусі. І нам прапануюць на будучы год яшчэ вышэйшыя цэны на газ. Адпаведна, зыходзячы з пэўных формулаў, цэны і на нафту павінны вырасьці. Мы вымушаныя купляць гэты тавар, на жаль, толькі ў аднаго прадаўца. Дык калі гэты складнік расьце, куды дзенесься ад росту цэнаў?

Заіка: Гэта палітычны правал Лукашэнкі

"Заключаныя мытныя дамоўленасьці з Казахстанам і Расеяй пра адзіную прастору. Усясьветныя тэндэнцыі дастаткова спакойныя – падчас крызісу кошты падаюць, і ў гэтым сэнс крызісу. І калі беларускі прэзыдэнт у гэтых варунках кажа, што Расея патрабуе вышэйшых цэнаў, то гэта яго асабістая віна. Гэта ён асабіста так загуляўся з Эўропай, Захадам, што Расея цяпер яму помсьціць альбо прынамсі ставіць яго на месца".

Пра малочную вайну і дэфіцыт малака ў Расеі

Расея пачынае адчуваць дэфіцыт найперш у прадуктах першай неабходнасьці. Ці можам мы дапамагчы расейцам — гэта пытаньне расейскае, а ня наша. Асабліва па малаку.

Калі сёлета пачалася малочная вайна, калі пару соцень рэфрыжэратараў з прадукцыяй, якая хутка псуецца, а гэта заробкі людзей, а гэта прадукцыя, да якой зь вядомых прычын у мяне найперш асаблівыя адносіны, бо я вырас там, дзе робяць гэтае малако. Гэта была прычына, што я ў свой час не наведаў Маскву на пасяджэньне АДКБ. І я сказаў тады кіраўніцтву Расеі, што яно дарэмна пайшло на повадзе ў некаторых карпарацый... І я тады Пуціну прапанаваў перакуліць піраміду. У першым паўгодзьдзі ў іх зарэзалі каля 200 тысяч кароў... І я сказаў Пуціну, што нам ня трэба гэтая канфрантацыя па малаку, бо прыйдуць зімовыя месяцы, і тады будзе моцны дэфіцыт малака ў Расеі. Мяне паслухалі і зрабілі па-свойму. І што цяпер адбылося? Ня трэба было мець сем пядзяў лоб, каб гэта прадугледзець. Людзі памыліліся.

Таму я аддаў загад нашаму міністру сельскай гаспадаркі і прэм’ер-міністру, што рускі чалавек не павінен галадаць, найперш па прадуктах харчаваньня такіх, як малако. І ўсё, што ў нас ёсьць у запасе, не на шкоду ўнутранаму рынку, мы павінны расейцам дапамагчы. Не бясплатна, канечне. Сёньня за сухое малако плацяць вар’яцкія грошы, як і за масла. Раней мы ня ведалі, куды дзяваць масла. Сёньня масла ў тры разы падаражэла да ўзроўню сярэдзіны мінулага году. І гэта прыстойныя прыбыткі, прыстойны артыкул нашага экспарту. Таму калі расейскае кіраўніцтва хоча павелічэньня патоку малочных прадуктаў у Расею, трэба Анішчанку вярнуцца да пытаньня забаронаў усялякіх, сесьці за стол перамоваў і 30 прадпрыемствам, якія могуць павялічыць аб’ёмы паставак малочных прадуктаў і малака на расейскі рынак, дамовіцца. Мы гатовы падставіць сваё плячо расейцам.

Ярашук: У малочнай вайне абодва бакі паказалі сябе недалёкімі стратэгамі

Гэта той выпадак, калі можна такі выраз ужыць – абое рабое. Таму што не бездакорныя, канечне, і расейцы, я маю на ўвазе перадусім іхнае грознае і моцнае ўзбраеньне ў выглядзе спадара Анішчанкі. І тым больш не бездакорныя мы, таму што той, хто ведае становішча спраў у галіне сельскай гаспадаркі, у галіне харчаваньня, мае ўяўленьне пра тое, што насамрэч мы многа такога сабе дазвалялі, што наогул не прымальна для дзяржавы, якая пільна сочыць за сваім іміджам.



Адміністратыўнага ўтрыманьня цэнаў ня будзе

Лукашэнка зазначыў, што ўрад ня будзе штучна стрымліваць інфляцыю, залішне умешвацца ў эканамічныя працэсы ва ўмовах росту цэнаў на энэрганосьбіты.

“Што датычыць будучыні і цэнаў, то мы прайшлі той этап, калі была неразьбярыха ў цэнаўтварэньні”.

Беларускі кіраўнік зазначыў, што сёлета толькі для Беларусі былі падвышаныя цэны на газ і нафту і што “на будучы год нам прапануюць яшчэ больш высокія цэны на газ і нафту”.


“500 даляраў – лічба для нас сьвятая”

На пытаньне, ці адаб’ецца скарачэньне бюджэту на 2010 год на ахове здароўя, адукацыі, сацыяльнай абароне, Лукашэнка адказаў, што бюджэт на гэтыя сфэры ня будзе моцна скарочаны, чакаецца нават рост.

“У нас ёсьць абавязак давесьці сярэдні заробак да 500 даляраў. Гэта лічба для нас сьвятая. Яна была ўхваленая на ўсебеларускім сходзе 5 гадоў таму. Пэнсіі таксама павінны вырасьці на 8—10 працэнтаў”.

Лукашэнка прызнаў, што да ўзмацненьня сацыяльнай палітыкі падштурхоўваюць палітычныя падзеі 2010 году: выбары ў мясцовыя саветы і “прэзыдэнцкая валтузьня”.

Марголін: Заробку ў 500 даляраў можна дасягнуць, толькі калі рэзка ўзрастуць цэны

"Сярэдняга заробку ў 500 даляраў, на мой погляд, можна дасягнуць толькі ў адным выпадку – калі рэзка ўзрастуць цэны. Калі, напрыклад, бохан хлеба будзе каштаваць 2 даляры, а кіляграм цукру – 5 даляраў. Вось тады можа быць заробак і ў 500 даляраў. Іншага выйсьця няма".

Пытаньне пра падтрымку беларускамоўных СМІ:


Пра лёс беларускай мовы пытаньне задаў Алесь Ліпай з БелаПАН: “Беларуская мова знаходзіцца ў заняпадзе з-за дэфіцыту падтрымкі з боку дзяржаўнай улады. Я прапаную ўвесьці сыстэму дзяржаўных грантаў і прэфэрэнцый для беларускамоўных СМІ, клясаў і школ”.


“Моўныя пытаньні раз і назаўсёды ў краіне вырашаныя, прынамсі, пакуль я буду прэзыдэнтам. Мы гэта адназначна вырашылі на рэфэрэндуме, і я ня буду ніякіх зьменаў уносіць”.

Лукашэнка паспрабаваў аспрэчыць тэзіс, што “беларуская мова ў заняпадзе”:

“Калі паступаюць абітурыенты ў ВНУ, яны па жаданьні здаюць экзамэны па-расейску і па-беларуску. Кожны год у нас значны рост ахвочых здаваць экзамэн па-беларуску. Каля 50 працэнтаў, большасьць жадае здаваць не расейскую мову і літаратуру, а беларускую…

Я вельмі рады, што мой малы слухае песенькі ў машыне на беларускай мове. Яго ніхто яшчэ беларускай мове не вучыў. А ён кажа: "А я, тата, буду па-беларуску сьпяваць”.

Лукашэнка зноў назваў расейскую мову роднай беларусам:

“Дзякуй Богу, мы дроваў тут не наламалі. Толькі ідыёт у Беларусі можа адмовіцца ад расейскай мовы”.



Трусаў: Няма ў нас роўнасьці дзьвюх моваў

"Дай Бог, каб усё было вырашана паводле рэфэрэндуму. Бо там казалася пра рэальнае двухмоўе. І калі чалавек хоча зрабіць так, як было на рэфэрэндуме, то двухмоўе павінна быць сапраўдным, а не папяровым. Таму што тое, што робіцца ў Беларусі, ніяк вынікам рэфэрэндуму не адпавядае: няма роўнасьцей моваў, а ёсьць перавага мовы адной – ня нашай".


Дэвальвацыя была вымушанай


А. Лукашэнка заявіў, што 1 студзеня 2009 года была аб’ектыўная патрэба ў дэвальвацыі беларускай валюты ва ўмовах глябальнага крызісу: “Гэта быў вымушаны захад. Багатая Расея дэвальвавала сваю валюту болей, чым мы”.



Лукашэнка зазначыў, што ён асабіста настойваў на тым, каб на прэсавай канфэрэнцыі была і недзяржаўная прэса, каб ніхто потым не крытыкаваў за аднабаковы падыход і асьвятленьне.

“2010 год завершыць чарговую пяцігодку. Мы не адмаўляемся ад раней заяўленых эканамічных плянаў. Мы ставім на 2010 год амбітныя, але выканальныя задачы. Час нам ставіць новыя выклікі і нават пагрозы. Ёсьць новыя тэндэнцыі ў адносінах Беларусі з Захадам і Эўразьвязам, праводзім лібэралізацыю і дэбюракратызацыю... Магчыма, камусьці захады па лібэралізацыі падаюцца недастатковымі”, – заявіў А. Лукашэнка ва ўступным слове.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG