Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мілінкевіч: Наша галоўная дарога — у Эўропу


Аляксандар Мілінкевіч
Аляксандар Мілінкевіч

Лідэр руху «За свабоду» Аляксандар Мілінкевіч лічыць 2009 год годам беларускай надзеі. На ягоную думку, сёлета зьявіліся спадзяваньні на тое, што Беларусь вернецца ў сваю калыску — аб’яднаную Эўропу. Пра гэта Мілінкевіч казаў сёньня падчас прэсавай канфэрэнцыі.

Беларусь мае рэальны шанец стаць на эўрапейскі шлях разьвіцьця — так лідэр руху «За свабоду» сфармуляваў сёньня галоўны вынік 2009-га году. Аляксандар Мілінкевіч лічыць, што ў Беларусі нарэшце зьявілася магчымасьць вярнуцца ў Эўропу. Гарантыяў гэтаму пакуль няма, але ўсё больш людзей у краіне разумеюць эўрапейскія каштоўнасьці. «Таму наша задача — уплываць на грамадзтва і паказваць яму перавагі эўрапейскага вэктару», — адзначыў лідэр руху:

«Я — эўрапеец, Беларусь — эўрапейская краіна. І я лічу, што мы павінны вяртацца ў эўрапейскую сям’ю.

Шлях будзе няпросты. Ня так даўно я размаўляў з новым кіраўніком Эўразьвязу. Ён няшмат ведае пра Беларусь. У прыватнасьці, ён спытаў: што, у вас ёсьць апазыцыя? І які вы бачыце свой шлях разьвіцьця? Я адказаў: эўрапейскі. Ён адразу кажа: о, не, не, не... Я яму кажу: але ня заўтра. І тады ён супакоіўся: ну, тады нармальна. Вось такое прыкладна стаўленьне да нас у Эўропе. І нам трэба змагацца, каб кіраўнікі ЭЗ, эўрапейскія лідэры, звычайныя эўрапейцы больш ведалі пра Беларусь, больш разумелі, што мы ня сыдзем з гэтага шляху, што мы вартыя таго, каб быць у Эўропе. Але гэта трэба і самім адчуваць».

Самае галоўнае — зрабіць так, каб людзі ў самы цяжкі момант усё ж такі ведалі: наша галоўная дарога — у Эўропу.
Аляксандар Мілінкевіч казаў пра тое, што беларускія ўлады мусяць скарыстаць той шанец, які дае ім праграма «Ўсходняе партнэрства». І да гэтага іх павінна падштурхоўваць грамадзтва:

«Грамадзтва таксама адчувае, што краіна стаіць перад геапалітычным выбарам. І я для сябе бачу адказную працу — зрабіць незваротным працэс. Калі ўжо кажуць, што больш людзей хочуць у Эўропу, а не ў Расею, то гэты выбар яшчэ падсьвядомы, неабгрунтаваны, нематываваны. І вось самае галоўнае — зрабіць так, каб людзі ў самы цяжкі момант (а можа быць крызіс унутраны, вонкавы, маральны) усё ж такі ведалі: наша галоўная дарога — у Эўропу».

Аляксандар Мілінкевіч сказаў таксама, што рух «За свабоду» вельмі сур’ёзна ставіцца да выбараў у мясцовыя саветы дэпутатаў. Свой удзел у гэтай кампаніі лідэр руху тлумачыць так:

«Мы б хацелі паказаць наш патэнцыял, нашых людзей, якія могуць, якія павінны быць ва ўладзе. Гэта няпроста будзе зрабіць. Але мы павінны зрабіць такія кампаніі там, дзе ёсьць маладыя, адукаваныя, энэргічныя кандыдаты. І на гэтым зрабіць акцэнт».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG