Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мілінкевіч: “Гэты год быў згублены”


Аляксандар Мілінкевіч
Аляксандар Мілінкевіч

Лідэр руху “За свабоду” Аляксандр Мілінкевіч, камэнтуючы выказваньні Аляксандра Лукашэнкі наконт рэалізацыі прапаноў Эўразьвязу, зазначыў:

“Калі ўлада будзе зьмяняць заканадаўства ў бок больш вольных выбараў — гэта добра. Але ня трэба перабольшваць літару закону ў нашай краіне, бо калі няма свабоднага суду, калі няма пракуратуры незалежнай, то я ня думаю, што выбары адразу зробяцца дэмакратычнымі з-за таго, што нешта памянялі ў законе.

Галоўнае — гэта практыка. А практыка вельмі кепская, традыцыйна зь перасьледам іншадумцаў, зь перасьледам незалежных кандыдатаў. Таму, я думаю, можа крок і будзе пэўны. Можа, павярхоўныя зьмены адбудуцца, але ня думаю, што грунтоўныя. Дай божа, каб я памыляўся.

Што ж тычыцца ўвогуле 12-ці ўмоваў, то іх ніхто не адмяняў. Калі казаць пра меншую колькасьць, то гэта былі прапановы першых крокаў, але 12 умоваў застаюцца. Пры тым, гэта ўмовы ня вылучаныя адмыслова для Беларусі. Яны дзейнічаюць для ўсіх краінаў, зь якімі супрацоўнічае Эўразьвяз.

Я б вітаў, калі б пасьля абяцаньня, што мы зьменім, адбыліся б сапраўдныя крокі: каб у нас не было палітвязьняў, каб у нас былі вольныя мэдыі, акрэдытацыя замежных журналістаў, каб усе газэты былі ў шапіках і сетцы распаўсюду афіцыйнага. Дай бог, каб гэта так было.

Але звычайна ад дэклярацыі і рэалізацыі вельмі далёкі шлях. Пры тым, гэта ня проста гульня Эўропы зь Беларусьсю, гэта будаваньне даверу. Пакуль што даверу вялікага няма. Гэты год быў згублены, таму што фундамэнтальных зьменаў на карысьць дэмакратыі ў Беларусі не адбылося”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG