Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лідэр Руху "За Свабоду" Аляксандар Мілінкевіч запрошаны на паседжаньне Эўрапарлямэнту на якім абмяркоўваюць рэзалюцыю па Беларусі.

Аляксандр Мілінкевіч у рамках свайго побыту ў Страсбуры ўзяў ўдзел ва ўрачыстым ўручэньні прэміі імя Андрэя Сахарава “За свабоду думкі” Расійскаму гісторыка-асьветніцкаму дабрачыннаму і праваабарончаму таварыству “Мэмарыял”. Мілінкевіч зьяўляецца ляўрэатам прэміі імя Сахарава за 2006 год.

Раней Мілінкевіч у часе сваіх сустрэч з эўрапейскімі палітыкамі неаднаразова выказваўся за тое, каб Эўрапарлямэнт вярнуў у парадак дня праект рэзалюцыі па Беларусі.

За аснову праекта рэзалюцыі Эўрапарлямэнту ўзятая рэзалюцыя, ухваленая на кангрэсе Эўрапейскай народнай партыі.

У праекце адзначаецца, што фінансавая падтрымка Беларусі з боку Эўразьвяза абавязкова павінна аказвацца пасьля зьдзяйсьненьня рэальных крокаў па дэмакратызацыі і паляпшэньню сытуацыі з правамі чалавека.

Эўрапарлямэнт настойвае, каб наступныя дванаццаць месяцаў беларускі ўрад скарыстаў для дэманстрацыі рэальнага прагрэсу па канкрэтных кірунках, сярод якіх прывядзеньне Закона пра СМІ ў адпаведнасьць з міжнароднымі патрабаваньнямі, гарантаваньне свабоды аб'яднаньняў і асацыяцыяў праз адмену артыкулу 193.1 Крымінальнага кодэксу Беларусі, забесьпячэньне рэальнай свабоды веравызнаньня, павага да правоў нацыянальных меншасьцяў, увядзеньне мараторыю на сьмяротнае пакараньне.

У праекце рэзалюцыі адзначаецца таксама важнасьць працягу дыялёгу ў сфэры правоў чалавека, далейшай супрацы Беларусі з АБСЭ у пытаньні ўдасканаленьня выбарчага працэсу.

Праект рэзалюцыі заклікае таксама гарантаваць палітычныя свабоды і правы праз спыненьне практыкі палітычна матываванага перасьледу (запалохваньня, звальненьня з працы, выключэньня з ВНУ, прымусовага прызыву у войска). Праект прадугледжвае заклік да перагляду справы Арцёма Дубскага і неадкладнага вызваленьня Леаніда Аўтуховіча і Уладзімера Асіпенкі.

Паводле праекту рэзалюцыі, прадстаўніцтва Беларусі ў парлямэнцкай асамблеі Ўсходняга партнэрства Euronest будзе складацца напалову з прадстаўнікоў ад грамадзянскай супольнасьці і напалову з прадстаўнікоў Палаты прадстаўнікоў па формуле 5+5. У выпадку нязгоды афіцыйнага Менску на такі парадак фармавання, дэлегацыя ад Беларусі будзе прадстаўлена дзесяцю прадстаўнікамі дэмакратычнай супольнасьці.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG