Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мілінкевіч: Падтрымліваць расейскі аўтапрам за грошы беларусаў цынічна


Аляксандар Мілінкевіч

Аляксандар Мілінкевіч

Лідэр Руху “За Свабоду” Аляксандар Мілінкевіч пракамэнтаваў рашэньне падвысіць у межах Мытнага саюзу ад 1 студзеня 2010 году да расейскага ўзроўню стаўкі пошлін на ўвоз легкавых аўтамабіляў юрыдычнымі асобамі. Паводле прагнозаў, кошт аўтамабіляў у гэтым выпадку можа аўтаматычна падскочыць на 40-50%:

"Улада кажа, што трэба паставіць заслону старым машынам, каб Беларусь не стала сьметніцай старых аўтамабіляў. Але чамусьці ў нас ніхто добраахвотна не адмаўляецца ад эўрапейскага “хламу” на карысьць новай прадукцыі АўтаВАЗу. Мыты вельмі завышаныя і на новыя аўтамабілі. У некаторых выпадках мыта падвысіцца амаль у 10 разоў. Гэта выкрывае сапраўдную мэту новай мытнай палітыкі − абарону расейскіх вытворцаў легкавых аўтамабіляў. Згода беларускіх уладаў на новае мыта сьведчыць пра цынічнае стаўленьне да інтарэсаў сваіх грамадзян", − лічыць Аляксандр Мілінкевіч.

На думку лідэра Руху “За Свабоду”, аўтамабіль, які даўно ператварыўся з раскошы ў штодзённую неабходнасьць, стане менш даступным. Беларусам прапануюць купляць менш якасныя, не сучасныя і дастаткова дарагія расейскія машыны. Беларуская прамысловасьць не атрымае ад гэтага ніякіх выгад:

"Калі б у Беларусі былі нармальныя і пасьлядоўныя адносіны з краінамі Эўразьвязу, дык у нашай краіне даўно была б распачата зборка папулярных мадэляў аўтамабіляў, а мыта на новыя эўрапейскія аўтамабілі была б нізкай. Выпадак мыта на аўтамабілі – адзін са шматлікіх прыкладаў поўнай неадпаведнасьці беларускім нацыянальным інтарэсам спробаў утварэньня мытнай прасторы з постсавецкімі краінамі", − падсумоўвае Аляксандр Мілінкевіч.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG