Лінкі ўнівэрсальнага доступу

14 лістапада ў Менску ў палацы культуры аўтазаводу адбыўся Беларускі эўрапейскі форум. У ім узялі ўдзел 809 дэлегатаў з вылучаных 1087-мі. Арганізатары назвалі форум найбольш маштабным і прадстаўнічым мерапрыемствам ад кангрэсу дэмсілаў у 2005 годзе.

На форуме прынятая праграма дзеяньняў, якая павінна спрыяць набліжэньню Беларусі да Эўрапейскага зьвязу. Яна будзе ажыцьцяўляцца ў двух кірунках: унутраным і замежным. Лідэр руху “За свабоду” Аляксандар Мілінкевіч у інтэрвію карэспандэнту Свабоды адзначыў, што далучыцца да яе выкананьня прапануецца ўсім прадстаўнікам грамадзянскай супольнасьці.

Аляксандар Мілінкевіч на Эўрапейскім форуме.

“Мы хочам, каб гэты форум быў такім імпульсам, інфармацыйнай хваляй па краіне. І каб пасьля яго насамрэч пачалася праца грамадзянскай супольнасьці па актывізацыі, самаарганізацыі і самаабароне насельніцтва. У нас няма яшчэ сапраўднай грамадзянскай супольнасьці, безь якой ў Эўропе няма чаго рабіць. Таму, я маю спадзяваньне, што якраз умацаваньне праэўрапейскай грамадзянскай супольнасьці будзе вынікам форуму”.

Спадар Мілінкевіч патлумачыў, чаму на гэтым форуме ён не вылучаўся патэнцыйным кандыдатам на прэзыдэнта:

“Я не прыхільнік таго, каб пракрычаць, што вось, я хачу быць кандыдатам, і я пайшоў. Я хацеў бы, каб гэта было рашэньне вялікай колькасьці актыўных людзей, лідэраў. Тады толькі можна спадзявацца на посьпех. Кааліцыя ствараецца, ёсьць Беларускі незалежніцкі блёк. І я вельмі спадзяюся, што ён вылучыць свайго кандыдата. І несумненна, я адзін з прэтэндэнтаў, каб прадстаўляць гэты прабеларускі блёк”.

Віктар Карняенка, які выступіў на адкрыцьці форуму, адзначыў, што адна з важных яго задачаў — спрыяць кансалідацыі сілаў, якія бачаць Беларусь у эўрапейскай сям’і.

“У рамках прапанаванай Беларусі праграмы добрасуседзтва, “Усходняга партнэрства” трэба ствараць прадугледжаныя гэтымі дакумэнтамі інстытуцыі. Мы мусім уплываць і на гэты працэс. Ні ў якім выпадку мы ня можам дапусьціць, каб стасункі з Эўропай былі манапалізаваныя толькі нашай уладай. І таму мы лічым вельмі важным удзел у гэтым і беларускай дэмакратычнай грамадзкасьці”.

Паводле спадара Карняенкі, арганізатары форуму ня ставілі на мэце “некага перамагчы ці зьдзівіць, паставіць на месца ці канкураваць”. Ён заклікаў далучацца да агульнай справы.

“Эўропа для нас ня сэрвіс, не абслугоўваючая арганізацыя для беларускай дэмакратыі. Гэта суб’ект, які мае свае праблемы і патрэбы. Мы гатовы быць не нахлебнікамі, а партнэрамі, і гэта больш плённая дзейнасьць, чым проста скардзіцца, што нас не заўважылі, пакрыўдзілі, не зрабілі дэмакратыю. І з гэтай папяровай палітыкай — прымаць заявы, крыўды — трэба заканчваць”.

Да ўдзельнікаў форуму зьвярнуўся Вацлаў Гавэл і амбасадар Швэцыі ў Беларусі Стэфан Эрыксан, прадстаўнікі парлямэнтаў шэрагу эўрапейскіх краінаў. Кіраўніку дэлегацыі Літвы ў Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы Эмануэлісу Зінгэрысу беларускія ўлады не далі візы. Пасол Літвы Эдмінас Багдонас сказаў карэспандэнту Свабоды:

“Я зь вялікім шкадаваньнем павінен гэта канстатаваць. Ёсьць на гэты конт заява нашага МЗС. Будзем, відаць, прасіць МЗС патлумачыць прычыну. Якія мы можам будаваць стратэгічныя сумесныя пляны, калі выбіраюць, хто дрэнны, хто добры, каму даваць, а каму не даваць”.

На форме выступіў кіраўнік дэлегацыі Эўрапарлямэнту па сувязях зь Беларусьсю Яцэк Пратасевіч. Ён абверг цьверджаньні пра тое, што Эўразьвяз дыктуе ці вылучае вельмі вялікія патрабаваньні да Беларусі.

Яцэк Пратасевіч на Эўрапейскім форуме.

“Гэта няпраўда, мы нічога не дыктуем. Але мы чакаем, што для беларускага народу будзе больш свабоды, будзе больш павагі да правоў чалавека ў вашай краіне. Мы спрабуем дбаць пра вас у ЭЗ і Эўрапарлямэнце. Бо беларускія ўлады ня дбаюць”.

Паводле спадара Пратасевіча, эўрапейцы хочуць, каб у Беларусі былі надзейныя партнэры, абраныя ў выніку свабодных выбараў.

“Гэта таксама тычыцца беларускіх парлямэнтароў, якія могуць браць удзел у асамблеі ў рамках Усходняга партнэрства толькі пры ўмове, калі яны маюць дэмакратычна абраны мандат. І пакуль у Беларусі не адбудуцца свабодныя выбары, мы будзем працягваць супрацоўнічаць з вашымі лідэрамі і людзьмі, якія змагаюцца за свабоды”.

Таксама падчас форуму выступілі старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, лідэр Маладога фронту Зьміцер Дашкевіч, лідэр “Правага альянсу” Юрась Карэтнікаў, лідэр “Маладой Беларусі” Артур Фінькевіч, лідэр “Маладых дэмакратаў” Аляксандар Шумкевіч, старшыня стваранай Беларускай партыі свабоды і прагрэсу Ўладзімер Навасяд.

Сустаршыня Беларускай Хрысьціянскай дэмакратыі Павал Севярынец адзначыў:

Павал Севярынец на Эўрапейскім форуме.

“Перад форумам мне давялося пачуць, што ў гэтай залі зьбяруцца тыя, хто ўжо даўно пра ўсё дамовіўся з рэжымам. Давайце зараз усе разам адкажам, ці верыце вы ў тое, што сёньняшняя ўлада можа збудаваць эўрапейскую Беларусь?

Заля: ”Не!”

Севярынец: “Ці лічыце вы, што будаваць незалежную, дэмакратычную, эўрапейскую Беларусь, на грунце хрысьціянскіх каштоўнасьцяў, мусім мы самі?

Заля: ”Так!”

Севярынец: “Гэта адказ і тым хто сумняваецца, і сёньняшняму рэжыму, і Крамлю, і Брусэлю, і, самае галоўнае, 10-ці мільёнам беларусаў. Мы гатовыя узяць адказнасьць за гэтую краіну. Сэрца Беларусі б’ецца зараз у гэтай залі”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG