Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Б.Фэрэра-Вальднэр: “Зьмены ў грамадзтве расьцягваюцца на пакаленьні”


Бэніта Фэрэра-Вальднэр

Бэніта Фэрэра-Вальднэр

Карэспандэнт нашага радыё ў Брусэлі Ахта Лоб'якас гутарыў сёньня ў Брусэлі з куратарам праграмы Эўразьвязу “Ўсходняе партнэрства” Бэнітай Фэрэра-Вальднэр.


На працягу апошніх пяці гадоў Фэрэра-Вальднэр ачольвала ведамства замежных сувязяў Эўракамісіі. 1 сьнежня яна перадала свае паўнамоцтвы новаабранаму міністру замежных спраў Эўразьвязу Кэтрын Эштан, пераняўшы на сябе ранейшыя абавязкі баранэсы Эштан у якасьці эўракамісара па гандлі. Да пачатку наступнага году, калі пачне працаваць новы склад Эўракамісіі, Бэніта Фэрэра-Вальднэр працягвае выконваць абавязкі куратаркі праграмы “Ўсходняе партнэрства”.

Лоб’якас: Мы пэрыядычна чуем тэрмін “эўрапейскія каштоўнасьці” – гэта фактычна аснова пазыцыі Эўразьвязу. Некалькі дзён таму вы сказалі міністрам замежных спраў шасьці краінаў-удзельніц праграмы “Ўсходняе партнэрства”, што рэформы, якія ім прапануе Эўразьвяз – справа добраахвотная. Ці не здаецца вам, што пэўныя эўрапейскія каштоўнасьці павінны прымацца безумоўна, а не паводле таго, што могуць наконт гэтага думаць асобныя ўрады партнэрскіх краінаў?

Фэрэра-Вальднэр: На маю думку, наша задача – мець аднолькавыя каштоўнасьці для ўсіх краінаў. Але ж мне падаецца, што нам трэба
Наша задача – мець аднолькавыя каштоўнасьці для ўсіх краінаў...
зважаць і на гісторыю гэтых краінаў. Яны павінны ўспрыняць для сябе некаторыя з тых каштоўнасьцяў, якія для нас зьяўляюцца дадзенымі. Я лічу, што мы павінны дапамагчы ім прыйсьці да гэтых каштоўнасьцяў. Гэта адна з мэтаў, якіх я імкнулася дасягнуць у якасьці камісара ў пытаньнях замежных сувязяў і палітыкі добрасуседзтва.

Лоб’якас: Зразумела, што гэтыя каштоўнасьці маюць вялікі абсяг – яны бываюць рознага кшталту. Але ж павага да правоў чалавека складае, бадай, аснову вызначэньня “эўрапейскасьці”. У гэтым кантэксьце выклікае зьдзіўленьне, калі Эўразьвяз бязь лішніх пытаньняў прымае азэрбайджанскага міністра замежных спраў. У той жа час у Азэрбайджане садзяць у турмы журналістаў. Зусім нядаўна за выказваньне свайго меркаваньня былі зьняволеныя два блогеры. Якім чынам вы супастаўляеце гэтыя рэчы для сябе?

Фэрэра-Вальднэр: Увесь час я займала вельмі цьвёрдую пазыцыю на сустрэчах з прадстаўнікамі гэтых краінаў. Але ж публічна я не заўсёды акцэнтавала ўвагу на гэтых пытаньнях, таму што я лічу вельмі важным мець давер і ўпэўненасьць у тым, што мы можам абмяркоўваць нават найскладанейшыя пытаньні з гэтымі міністрамі. Я вельмі добра памятаю, як я заўсёды згадвала гэтыя выпадкі, якія, на жаль, сустракаюцца ня толькі ў Азэрбайджане, але і шмат у якіх іншых краінах, аб якіх мы гаворым.

Лоб’якас: Гэта нас падводзіць да дылемы дыялёгу супраць санкцыяў. Вас ведаюць як актыўнага адваката дыялёгу. Ці вы лічыце, што санкцыі Эўразьвязу, да прыкладу, супраць Беларусі былі памылкай?

Фэрэра-Вальднэр: Мне сапраўды падаецца, што санкцыі не прынесьлі вялікіх вынікаў. Мы можам прытрымлівацца той палітыкі ці
Санкцыі не прынесьлі вялікіх вынікаў...
іншай, але заўсёды неабходна азірацца і задаваць сабе пытаньні: “Што насамрэч зьяўляецца найбольш канструктыўным? Што найдалей пасуне нас наперад?” І я асабіста лічу, што залучэньне зьяўляецца нашмат больш канструктыўным і прыносіць лепшыя вынікі, чым ізаляцыя.

Лоб’якас: Супраца і інтэграцыя – гэта адна справа, а мясцовыя рэаліі – часам іншая. Міністар замежных спраў Швэцыі Карл Більт нядаўна выказаў у сваёй прамове назіраньне, што ўсходнія суседзі Эўразьвязу нашмат менш стабільныя, чым 5 гадоў таму – нягледзячы на пэўны прагрэс у іх адносінах з Эўразьвязам. Ці згодны вы з гэтым? Калі так, то чым вы такую зьмену патлумачыце?

Фэрэра-Вальднэр: Вядома, у сытуацыі з гэтымі краінамі адыгрывае ролю палітыка, на якую нельга заплюшчваць вочы. Сапраўды, зразумела, што тут прысутнічае Расея, якая ўспрымае гэтыя краіны як блізкае замежжа. Нам, аднак, падаецца, што гэтыя краіны павінны скарыстацца цяперашнімі тэндэнцыямі, каб наблізіцца да нас. Я лічу, трэба паказаць гэтым краінам, але ж таксама і Расеі, што гэта нашыя агульныя суседзі, мы заўсёды пра гэта казалі. Стабілізацыя гэтых краінаў – гэта не гульня супраць Расеі, але ж паслуга ўсім нам і самім гэтым краінам. Таму трэба глядзець на гэта менавіта у такім кантэксьце – палітычным кантэксьце.

Лоб’якас: Ці зьяўляецца Расея эўрапейскай краінай? Ці здольная яна ўнесьці ўклад у Эўропу, эўрапейскую ідэнтычнасьць і каштоўнасьці? Ці, можа, наадварот – яна проста знаходзіцца ў геаграфічным суседзтве з Эўропай і таму Эўропе трэба да яе прыстасавацца?
Не лічу, што Расея некалі стане чальцом Эўразьвязу...


Фэрэра-Вальднэр: На маю думку, Расея – эўрапейская краіна, але вельмі вялікая. Я не лічу, што Расея некалі стане чальцом Эўразьвязу. Наўрад ці. Пасьля доўгай савецкай эры і фэадальнай сыстэмы, якая ёй папярэднічала, Расея павінна пакрысе знаёміцца з усімі нашымі каштоўнасьцямі і прымаць іх. Усе нашыя каштоўнасьці. Гэта зойме час. Такое маё меркаваньне. Я заўсёды казала: зьмены ў грамадзтве расьцягваюцца на пакаленьні.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG