Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фэрэра-Вальднэр супакоіла расейцаў адносна Беларусі


Бэніта Фэрэра-Вальднэр

Бэніта Фэрэра-Вальднэр

У сваім інтэрвію расейскаму інтэрнэт-выданьню gazeta.ru камісар ЭЗ па зьнешніх сувязях і палітыцы добрасуседзтва Бэніта Фэрэра-Вальднэр дала зразумець, што зь цяперашняга пацяпленьня стасункаў паміж Брусэлем і Менскам расейцам ня трэба рабіць высновы наконт “выцясьненьня Расеі зь Беларусі”.

“Мы жывем у глябалізаваным і ўзаемазьвязаным сьвеце, у якім ідэя “выбару” паміж двума важнымі ўсясьветнымі гульцамі выглядае састарэлай”, — падкрэсьліла эўракамісар. — “Мы заўсёды заклікалі нашых суседзяў разьвіваць добрыя стасункі з Расеяй, паколькі гэта ў інтарэсах кожнага з бакоў”.

Спадарыня Фэрэра-Вальднэр таксама адзначыла, што толькі ад самой Беларусі і яе выбару залежыць далейшае разьвіцьцё стасункаў паміж Менскам і Эўразьвязам. Брусэль гатовы ізноў пачаць супрацоўнічаць, аднак пры выкананьні беларускім бокам пэўных умоваў.

“Калі мы ўбачым прагрэс у рэформах, ЭЗ стане добрым партнэрам для Беларусі. Гэтае партнэрства ўключае ў сябе двухбаковыя праграмы па лініі “Ўсходняга партнэрства” і эўрапейскай палітыкі добрасуседзтва. Калі казаць больш канкрэтна, дык такое партнэрства будзе ўключаць у сябе аблягчэньне візавага рэжыму і спрашчэньне правілаў паездак для грамадзянаў Беларусі ў краіны ЭЗ, а таксама ўмацаваньне гандлёвых сувязяў”, — заявіла эўракамісар.

У сваім інтэрвію расейскаму выданьню Б. Фэрэра-Вальднэр спынілася таксама на эканамічным становішчы Беларусі ў сувязі з усясьветным фінансавым крызісам, а таксама заявіла пра намер заходніх фінансавых структураў (МВФ, Усясьветнага банку, Эўрапейскага інвэстыцыйнага банку і Эўрапейскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця) падтрымаць гэтую краіну з мэтай яе далейшай лібэралізацыі. Яна адзначыла, што заходні сьвет хоча бачыць Беларусь краінай з адкрытай эканомікай, якая выйграе ад працы на шматбаковай аснове.

“Мы таксама ўпэўненыя, што ўступ Беларусі ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю застаецца ключавым крокам для прасоўваньня рэформаў, якія маглі б, у сваю чаргу, стварыць спрыяльны клімат для інвэстыцыяў і бізнэсу. Гэта прынясе карысьць і беларускай эканоміцы, і грамадзянам гэтай краіны, і ўмацуе яе гандлёвыя сувязі з ЭЗ”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG