Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўракамісар выставіла Менску пяць умоваў


Бэніта Фэрэра-Вальднэр, якая сёньня знаходзілася зь візытам у Менску, заявіла пра тое, што яна спадзяецца на новую эпоху ў дачыненьнях зь Беларусьсю. Аднак яна адразу папярэдзіла, што крокі Брусэля насустрач Менску магчымыя толькі пры ўмове, што і Беларусь пойдзе насустрач Эўразьвязу — і, у прыватнасьці, да канца гэтага году выканае 5 умоваў дэмакратызацыі краіны.

СЛУХАЦЬ:


Эўракамісар назвала сваю сустрэчу з кіраўніком Беларусі “вельмі прадуктыўнай”:

“Магу вам сказаць, што мы мелі вельмі прадуктыўную размову па ўсіх пытаньнях. Яна цягнулася дзьве з паловай гадзіны. Мы абмеркавалі ўсе дэталі. Мне падалося, што прэзыдэнт вельмі ўважліва прыслухаўся да маіх словаў. Я думаю, што гэта быў добры старт таго, што, я спадзяюся, будзе эпохай у нашых дачыненьнях”.

Аляксандар Лукашэнка
ў размове са спадарыняй Фэрэра-Вальднэр абверг выказваньні тых палітыкаў, якія кажуць, што ён вядзе нейкую гульню з Эўропай:

“Чаго мы хочам ад Эўропы? Мы хочам, каб вы разумелі, што Беларусь — ня толькі геаграфічны цэнтар гэтага кантынэнту, што тут жывуць вельмі прыстойныя, чэсныя, працавітыя людзі, што тут існуе сувэрэнная незалежная дзяржава. Гэта вялікая каштоўнасьць любога народу, і рабіць замах на сувэрэнітэт і незалежнасьць, як бы гэтага некаму ні хацелася, мы дазволіць ня можам. Мы хацелі б нармальных стасункаў з эўрапейскім кантынэнтам”.

Мы хочам, каб вы разумелі, што Беларусь — ня толькі геаграфічны цэнтар гэтага кантынэнту, што тут жывуць вельмі прыстойныя, чэсныя, працавітыя людзі, што тут існуе сувэрэнная незалежная дзяржава ...
Бэніта Фэрэра-Вальднэр таксама выказалася за добрыя дачыненьні Брусэлю і Менску. Але яна нагадала, што Эўразьвяз і Эўракамісія чакаюць ад Беларусі выкананьня галоўных умоваў дэмакратызацыі краіны. Гэта, перадусім, сумесная праца зь Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ) у справе зьмяненьня выбарчага заканадаўства Беларусі, каб наступныя выбары праходзілі паводле новага заканадаўства. Акрамя таго, гэта — свабода СМІ, свабода сходаў, рэгістрацыя недзяржаўных арганізацыяў, вызваленьне палітзьняволеных.

Бэніта Фэрэра-Вальднэр гаварыла з А.Лукашэнкам таксама пра фінансавую дапамогу, візы і правы чалавека. У прыватнасьці, эўракамісар паведаміла, што Эўракамісія прыкладае намаганьні, каб Эўрапейскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця, а таксама Эўрапейскі інвэстыцыйны банк аказалі фінансавую дапамогу Беларусі.

Спадарыня Фэрэра-Вальднэр сказала журналістам, што на перамовах у Менску паўставала пытаньне пра зьмяншэньне кошту візаў для грамадзянаў Беларусі. У прыватнасьці, беларускі бок жадае, каб віза патаньнела з 60 да 35 эўра.

“Я падтрымліваю гэтую прапанову і пастараюся давесьці неабходнасьць гэтага да краінаў, якія ўваходзяць у Эўразьвяз”, — зазначыла эўракамісар у справах зьнешніх сувязяў Бэніта Фэрэра-Вальднэр.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG