Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менск вуліца Казлова, 3



Шыльда свабоды

Менск вуліца Казлова, 3, Палац мастацтва

З 1991 году ў Палацы мастацтваў ладзіла свае выставы суполка “Пагоня” — адна з найбольш пасьлядоўных у адстойваньні сродкамі мастацтва нацыянальных і дэмакратычных каштоўнасьцяў творчая арганізацыя Беларусі.

На хакейным полі ля змрочнай крамлёўскай сьцяны, падпёртай драбінамі, прыснуў на аздобленай зялёна-чырвонымі палосамі клюшцы нейкі чалавек з тулавам-агурком, у якое ўвагнаныя вілы. І ў дадатак верш:


“Ляжу ля Крамлёўскай сьцяны, халадзею.

Улезьці наверх я ўжо страціў надзею.

Каму я тут лішні, урэдзен і гадак?

Адольф, памажы мне навесьці парадак!


Карціна “Звычайны натурморт” старшыні суполкі мастакоў “Пагоня” Аляксея Марачкіна была зьнятая з выставы, прымеркаванай да Дня волі ў 2002 годзе.

У суполку “Пагоня” ў 1991 годзе аб’ядналіся беларускія мастакі, якія ня толькі малявалі, але і гаварылі па-беларуску. Сваю першую сумесную выставу наладзілі да Дня волі 25 сакавіка. Авангард і традыцыю, публіцыстыку і партрэт, скульптуру і графіку злучала ідэя беларускай свабоды і незалежнасьці.

Штогод да прыходу да ўлады Лукашэнкі выстава зьбірала ўвесь палітычны і культурны бамонд сталіцы. Пазьней у Палац мастацтваў вярнулася цэнзура. Раптам зьнікне нейкі твор, а іншы арыштуюць ці ўвогуле зьнішчаць. Пра адзін з такіх выпадкаў расказвае кіраўнік “Пагоні” Аляксей Марачкін:

“У Палацы мастацтва была вялікая, як вышка, лесьвіца, з дапамогай якой рабочыя вешалі карціны. І неяк, калі мы ладзілі выставу суполкі “Пагоня” да 25 сакавіка, у мяне нарадзілася ідэя: “Хлопцы, зірніце на гэту лесьвіцу. Калі наверсе яе зрабіць будку, дык яна дакладна будзе выглядаць, як турэмны наглядны пункт”. І мы зрабілі будку, павесілі рупары, а самае галоўнае аздобілі яе лёзунгамі кіраўніка краіны, адзін зь якіх і даў назоў інсталяцыі — “Я же вас по-хорошему предупреждал!” Гэтая інсталяцыя знаходзілася на выставе дні два, ці тры. І раптам гэтую бедную лесьвіцу выкінулі на панадворак, парэзалі, зьнішчылі”.

Здымалі з экспазыцыяў ня толькі сатырычныя інсталяцыі, але таксама сюжэтныя карціны, партрэты беларускіх патрыётаў. А пасьля 1998 году пачаліся забароны выставы ўвогуле.

Але “Пагоня” не спынілася: выставы адбываліся у Доме літаратара, Чырвоным касьцёле, сядзібе БНФ, яны вандравалі па краіне і па замежжы. “Пагоня” аздабляла шматлікія мітынгі, сходы, імпрэзы, “Чарнобыльскія шляхі”, “Дзяды”, “Маршы свабоды”. Сябры суполкі разьвіваюць новы цікавы жанр “мітынг—арт” — мастацтва грамадзкіх акцыяў.

“Пагоня” не спыняецца.
  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG