Лінкі ўнівэрсальнага доступу


Шыльда свабоды

Менск, вуліца Залатая Горка, дом 2

У гэтым доме з 1990 году месьціцца Беларускі ПЭН-цэнтар — недзяржаўная арганізацыя ў абарону пісьменьніцкіх правоў, свабоды слова і супраць цэнзуры ў сьвеце.

Ідэю стварыць Беларускі ПЭН-цэнтр як філію міжнароднай няўрадавай арганізацыі ў абарону пісьменьніцкіх правоў, свабоды слова і супраць цэнзуры прывёз у Менск з Масквы пісьменьнік Алесь Адамовіч, які тады там працаваў, быў дэпутатам Вярхоўнага Савету СССР і набыў усясьветную славу пісьменьніка-пацыфіста і змагара супраць пашырэньня ядзерных установак. Успамінае паэт Уладзімер Някляеў:

“Прычым ніхто, напэўна, акрамя Адамовіча ды Карласа Шэрмана, і ня ведаў, што гэта такое. Як яно было? Калі табе тэлефануе Барадулін і пытаецца, ці ты хочаш уступіць у ПЭН-цэнтар? Табе ж няёмка пытацца, а што гэта такое? І ты пытаесься, а ці ты, Рыгор Іванавіч, ужо ўступіў? А ён кажа, што яшчэ не, але зьбіраюся. Відавочна, што ён таксама ня надта цяміць, у што яго агітуюць уступіць. Але тым ня менш даволі хутка з усім гэтым разабраліся і сабраліся мы, дарэчы, у Чырвоным касьцёле, дзе пасьля быў заснаваны і Народны фронт”.

Гэта было пры канцы 1990 году. Увайшлі ў яго 20 чалавек, сярод якіх такія вядомыя пісьменьнікі, як Васіль Быкаў, Алесь Адамовіч, Пімен Панчанка Сьвятлана Алексіевіч, Віктар Казько, Рыгор Барадулін, Анатоль Вярцінскі, Генадзь Бураўкін, Адам Мальдзіс і іншыя. Прэзыдэнтам быў абраны Васіль Быкаў. А непасрэдна ўсімі арганізацыйнымі справамі займаўся нястомны Карлас Шэрман, перакладчык гішпанскай літаратуры.

Улады ад самага пачатку падазрона паставіліся да ПЭН-цэнтру, была праведзена кампанія яго дыскрэдытацыі.

Філёзаф Алесь Анціпенка адзначае распрацоўку ПЭН-клюбам і пашырэньне ў Беларусі “Унівэрсальнай дэклярацыі лінгвістычных правоў”, ролю ў гэтым Карласа Шэрмана:

"Адной з ключавых фігураў, якія гэтую ідэю падтрымлівалі, займаліся яе прамоцыяй быў Карлас Шэрман. Ясна, што перакладчык Шэрман у гэтым выпадку дбаў не пра гішпанскую мову, а пра беларускую. Гэта адна з заслугаў Шэрмана перад нашай культурай”.

ПЭН-цэнтар абараняе піьменьнікаў і журналістаў, якіх цкуе ўлада, арганізоўвае доўгатэрміновыя творчыя камандзіроўкі за мяжу, штогод прысуджае літаратурныя прэміі. Менавіта з дапамогай Пэн-цэнтру змог жыць і плённа працаваць за мяжой Васіль Быкаў, калі яго праца ў Беларусі стала немагчымай.
  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

XS
SM
MD
LG