Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Горадня, помнік “Пагоня на Грунвальд” ля Барысаглебскай царквы



Шыльда свабоды

Горадня, помнік “Пагоня на Грунвальд” ля Барысаглебскай царквы

Ля гэтага помніка з канца 1980-х гадоў пад бел-чырвона-белымі сьцягамі гарадзенская дэмакратычная грамадзкасьць ушаноўвае памяць беларускіх ваяроў — змагароў за свабоду Айчыны.

Легенды, падмацаваныя гістарычнымі фактамі, кажуць, што сярэднявечныя ваяры выпраўляліся ў паход ад храма. Лічыцца, што і князь Вітаўт таксама ад Барысаглебскай (Калоскай) царквы ў Горадні вывеў свае харугвы на вялікую вайну з крыжакамі пад Грунвальд.

З канца 1980-х гадоў і па сёньняшні дзень гарадзенская дэмакратычная грамадзкасьць менавіта каля гэтага месца штогод ушаноўвае памяць продкаў, айчынных герояў. Неўзабаве там зьявіўся і помнік “Пагоня на Грунвальд”. А заклалі традыцыю адзначаць усе патрыятычныя даты — і дзень перамогі на Грунвальдзкім полі, і дзень вайсковай славы, і Дзяды — сябры культурна-гістарычнага клюбу “Паходня”. Пазьней гэтую справу працягнулі сябры БНФ, Маладога фронту, Руху “За свабоду”, іншых грамадзкіх арганізацыяў і дэмакратычных партыяў.

У саборы замаўлялася памінальная імша. Да помніка ўскладваліся кветкі, уздымаўся бел-чырвона-белы сьцяг, з запаленых зьнічак выкладваўся вялікі крыж Ефрасіньні Полацкай. Таксама ладзіліся маленькія рыцарскія турніры з дударамі і бардамі. Яны выклікалі вялікую цікавасьць гараджанаў. Зьбіралася столькі людзей, што пагоркі вакол храма не маглі іх усіх зьмясьціць. Урэшце ўлады на гэта зьвярнулі ўвагу і сталі забараняць такія сьвяты ля Калоскай царквы.

Тым ня менш, людзі, хоць і ня масава, але ў нацыянальныя сьвяты прыходзяць да “Пагоні на Грунвальд”. Эдвард Дмухоўскі, сябра Руху “За свабоду” кажа:

“Так ці інакш, гэта месца нясе той пасыл, які быў закладзены ў канцы 1980-х гадоў. Гэта людзям расплюшчвае вочы на нашу гісторыю, на гарадзенскую гісторыю ў першую чаргу. А гэта гісторыя вельмі гераічная і рамантычная. Калі зазірнуць у летапіс нашага горада, дык прачытаеш, што з канца ХІІІ стагодзьдзя і да Грунвальдзкай бітвы былі суцэльныя бойкі з крыжакамі. Калі чалавек даведваецца, што ён жыве ў такім горадзе і з такой гісторыяй, ён адчувае гонар за свой горад. Зьбітая, але праўдзівая фраза: той, хто ня ведае гісторыі, той ня мае будучыні, а той, хто ведае гісторыю, той мае будучыню і ня зробіць тых памылак, якія калісьці былі. І, натуральна, гэта шанаваньне тых, хто зрабіў гэты горад такім, якім ён ёсьць, — княскім, каралеўскім, высакародным, прыстойным”.
  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG