Лінкі ўнівэрсальнага доступу


Шыльда свабоды

Менск, вуліца Румянцава, 13

У гэтым доме з 1989 году месьціцца Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны — масавае грамадзкае аб’яднаньне для прапаганды і пашырэньня нацыянальнай мовы і культуры, дэмакратычных каштоўнасьцяў.

На хвалі перабудовы на прыканцы 1980-х гадоў ідэя паэта Ніла Гілевіча стварыць Таварыства беларускай мовы была з энтузіязмам падхопленая літаратарамі, мастакамі, навукоўцамі, настаўнікамі. І калі ў чэрвені 1989 году Таварыства было створанае, дык запісваліся ў яго сотні, тысячы чалавек.

Стаўленьне дзяржавы да новага аб’яднаньня было розным. Адны дапамагалі, як сакратар Менскага гаркама камуністычнай партыі Пятро Краўчанка, дзякуючы якому ТБМ займела офіс у самым цэнтры сталіцы. Іншыя — заміналі.

І хоць у Менску Таварыства беларускай мовы ўсе 20 гадоў знаходзіцца ў адным і тым жа офісе, утрымацца ў ім было няпроста, — узгадвае гісторык Алег Трусаў, які кіруе ТБМ з 1999 году:

“У 1998 годзе ТБМ за даўгі выкінулі з гэтага офіса. Даўгоў нам дзяржава налічыла ў пераліку на даляры каля 15 тысяч. Апячаталі офіс. На трактары вывезьлі ўсю мэблю, усе нашы архівы закінулі ў нейкі вільготны падвал. Думалі, што ніхто туды больш ня вернецца. Тым ня меней тагачасны старшыня ТБМ Генадзь Бураўкін арганізаваў збор сродкаў за мяжой і ў Беларусі. Мы заплацілі і вярнуліся. Гэта ўнікальны выпадак для Беларусі, калі недзяржаўная арганізацыя вяртаецца ў свой офіс. На пачатку 2000- х гадоў нас таксама хацелі выкінуць. Мы сабралі 50 тысяч подпісаў грамадзянаў, каб нас ня выкінулі. Наша сядзіба таксама вытрымала некалькі нападаў РНЕ і фашыстаў. Некалькі разоў абмазвалі фарбамі нашу шыльду, малявалі свастыку. Мы ня раз зьвярталіся ў КДБ, міліцыю выклікалі. Канечне, нікога не знайшлі. А аднойчы самі ўлады ў нас бомбу шукалі.

Але сапраўдныя цяжкасьці пачаліся пасьля рэфэрэндума пра мову і дзяржаўную сымболіку 1995 году. Таварыства перажыло цяжкі крызыс.

Адрадзілася ТБМ і ўздыхнула з палёгкай у часе перапісу насельніцтва 1999 году. Высілкі актывістаў у прапагандзе мовы далі плён: дзьве траціны насельніцтва назвалі беларускую мову роднай, 37 адсоткаў заявілі, што размаўляюць на беларускай мове. З гэтага моманту пачынаецца ўздым ТБМ, які працягваецца па сёньняшні час, — кажа яго старшыня Алег Трусаў:

“Мы можам сабраць дзесяткі тысяч подпісаў, каб, напрыклад, загучала па-беларуску чыгунка. Усю чыгунку, усе электрычкі перавялі было на расейскую мову. Калі я першы раз напісаў ліст кіраўніцтву чыгункі, мне сказалі, што купілі ў Маскве праграму, і “она по-белорусски не понимает”. Мы паслалі ім дзесяць тысяч лістоў грамадзянаў, прыходзіць нам ліст з паведамленьнем, што праграма пачала “понимать”. Яшчэ пяцьдзесят паслалі, і праграма ня толькі “поняла”, але і загаварыла. Людзі працягвалі дасылаць подпісы, і мне тэлефануе намесьнік начальніка і просіць спыніць падпісантаў, бо ў яго ўжо паперы не хапае на адказы. Ужо даўно чыгунка па-беларуску гаворыць, а яны, мабыць, ня езьдзяць, а пішуць. І пішуць, і пішуць”.


Жыве мова — жыве народ.
  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

XS
SM
MD
LG