Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне пачалі разглядаць закон, які мусіць вырашыць праблемы легалізацыі іншаземцаў-добраахвотнікаў


Пасяджэньне Вярхоўнай Рады Ўкраіны. Архіўнае фота
Пасяджэньне Вярхоўнай Рады Ўкраіны. Архіўнае фота

Ва Ўкраіне дыскусія аб спрашчэньні легалізацыі іншаземцаў, якія абараняюць тэрытарыяльную цэласнасьць краіны, працягваецца з 2014 году, калі баявыя дзеяньні пачаліся ў Данецкай і Луганскай абласьцях пасьля анэксіі Расеяй Крыму.

Вярхоўная Рада Ўкраіны ўзяла за аснову праект закону, які прадугледжвае зьмены ў дзейнае заканадаўства аб магчымасьці атрыманьня дазволаў на пражываньне, іміграцыю ці грамадзянства Ўкраіны іншаземцамі, якія абараняюць тэрытарыяльную цэласнасьць краіны, і членамі іхных сямей.

Урад распрацаваў гэты закон год таму — ён знаходзіўся ў парлямэнце бяз руху з жніўня 2023 году і ня быў уключаны ў гадавы пералік Вярхоўнай Рады прыярытэтных для разгляду законапраектаў. Цяпер яго ўхвалілі толькі ў першым чытаньні.

Праект закону прадугледжвае ўнясеньне зьменаў у тры дзейныя законы — «Аб грамадзянстве Ўкраіны», «Аб іміграцыі» і «Аб прававым статусе іншаземцаў і асобаў без грамадзянства».

У прыватнасьці, зьмены прадугледжваюць магчымасьць атрыманьня дазволаў на іміграцыю, грамадзянства Ўкраіны, а таксама дазволаў на часовае пражываньне на падставе пашпартных дакумэнтаў, тэрмін дзеяньня якіх закончыўся. Гаворка ідзе пра іншаземцаў ці асобаў без грамадзянства, якія ўдзельнічаюць у абароне Ўкраіны ў складзе сіл тэрытарыяльнай абароны або добраахвотніцкіх фармаваньнях тэрытарыяльных грамад.

Апроч таго, прапануюць даць права атрымліваць дазвол на часовае пражываньне членам сямей іншаземцаў, якія ваююць ва Ўкраіне на падставе кантракту з Узброенымі сіламі Ўкраіны.

Ва Ўкраіне дыскусія аб спрашчэньні легалізацыі іншаземцаў, якія абараняюць тэрытарыяльную цэласнасьць краіны, працягваецца з 2014 году, калі баявыя дзеяньні пачаліся ў Данецкай і Луганскай абласьцях пасьля анэксіі Расеяй Крыму.

За гэты час улады некалькі разоў абвяшчалі аб спрашчэньні набыцьця грамадзянства Ўкраіны і ўхвальвалі зьмены да адпаведных законаў, аднак на практыцы яны не вырашалі праблем для іншаземцаў-добраахвотнікаў.

У Галоўным навукова-экспэртным упраўленьні апарату Вярхоўнай Рады Ўкраіны, якое праводзіць экспэртызы ўсіх зарэгістраваных законапраектаў, мяркуюць, што і ў новых дакумэнтах застаюцца «палажэньні, якія не зьяўляюцца дастаткова дакладнымі і зразумелымі, дапускаюць розныя інтэрпрэтацыі, а таму парушаюць прынцып прававой вызначанасьці».

Згодна з украінскім заканадаўствам, праект закону пасьля ўхваленьня ў першым чытаньні за аснову накіроўваецца ў профільны камітэт парлямэнту для яго далейшай падрыхтоўкі да другога і трэцяга чытаньня. Праект набывае статус закону толькі пасьля таго, як ухвалены ў трэцім чытаньні дакумэнт падпіша прэзыдэнт Украіны.

Як адрэагавалі на новы праект закону ў беларускіх фармаваньнях

У палку імя Кастуся Каліноўскага прывіталі гэтую ініцыятыву і падзякавалі дэпутатам «за садзейнічаньне ў вырашэньні праблем добраахвотнікаў».

«Пытаньне легальнага знаходжаньня на тэрыторыі Ўкраіны сапраўды вельмі важнае для беларускіх байцоў. На дадзены момант больш за 30% асабовага складу ў той ці іншай ступені сутыкнуліся з праблемамі дакумэнтаў: несапраўдныя пашпарты, адсутнасьць дазволу на жыхарства, а таксама неабходнасьць пакінуць Украіну і полк Каліноўскага для вырашэньня пытаньня легалізацыі ў краінах ЭЗ», — адзначаецца ў паведамленьні палка імя Каліноўскага.

У беларускім фармаваньні мяркуюць, што «спрашчэньне міграцыйнай палітыкі Ўкраіны таксама будзе садзейнічаць больш актыўнаму рэкрутынгу ў шэрагі добраахвотніцкіх аб’яднаньняў».

«Кожны трэці беларус, які зьвярнуўся ў бот для рэкрутынгу, мае праблемы з пашпартам, што ўскладняе перамяшчэньне і ўезд ва Ўкраіну», — адзначаецца ў паведамленьні.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG