Лінкі ўнівэрсальнага доступу



Шыльда свабоды

Віцебск, вуліца Замкавая, 2, Тэатар імя Якуба Коласа

У канцы 1970 — 1980-х гадах Беларускі акадэмічны тэатар імя Якуба Коласа ў сваіх спэктаклях найбольш пасьлядоўна разьвіваў нацыянальныя сцэнічныя традыцыі, спрыяў узьнікненьню новай хвалі беларускага адраджэньня.
“І гэты час,
І гэты лад —
Не назаўсёды”.

Гэтыя радкі зь песенкі Алеся Разанава на мэлёдыю Ўладзімера Кандрусевіча ў тых, хто на пачатку 1980-х глядзеў спэктакль “Клеменс” у Віцебску на сцэне Беларускага тэатра імя Якуба Коласа, гучаць у вушах і сёньня. Хоць і час зьмяніўся, і рытмы, і тэатар іншыя.

У 1980 годзе малады рэжысэр Валеры Масьлюк паставіў камэдыю літоўскага драматурга Казіса Саі “Клеменс”. Атрымаўся спэктакль пра тое, як жыхары вёскі Дзевяцібедаўкі прамянялі сваю духоўную свабоду, свае таленты і песьні на матэрыяльны дабрабыт, як паддаліся і аддаліся злой волі чужынцаў. Масьлюк адкрыта ставіў спэктакль пра беларускую нацыю, далучыў зьмест літоўскай п’есы да беларускага лёсу. Гэта было і яркае, вельмі таленавітае мастацкае відовішча зь беларускімі тыпамі, гэта была і публіцыстыка — заклік да абуджэньня і прасьвятленьня.


Ужо пасьля першых паказаў спэктакль стаў культавым. Авацыямі ён суправаджаўся і ў Віцебску, і на гастролях у буйных гарадах Беларусі. Адмыслова па шмат разоў на “Клеменса” ў Віцебск ехалі менскія інтэлектуалы. Цікава, што самы крамольны спэктакль, а да пераменаў заставалася яшчэ дзесяцігодзьдзе, амаль ня меў праблемаў з цэнзарамі ад культуры. Успамінае загадчыца літаратурнай часткі Тэатра імя Якуба Коласа Сьвятлана Дашкевіч:

“І вось у эпізодзе, калі бык Клеменс набіраў сілу, а Скалнаса вёска ўжо адмаўляла, Масьлюк рабіў мэтафарычную мізансцэну. Вяскоўцы распаўзаліся, надзеўшы на галаву гаршчкі. Гаршчкі пахлі малаком, таму Клеменс не чапаў тых, хто з гаршчкамі. Мізансцэна была вельмі вострая, на той час нават жудасная. Калі я глядзела спэктакль, ніяк не разумела, як можна было гэта не заўважыць цэнзарам, не прымусіць прыбраць яе. Ніхто ніякіх карэктываў у гэты спэктакль ня ўносіў”.

Артысты ведалі, што яны граюць, што хочуць сказаць. Такі “Клеменс” быў не выпадковым для коласаўскай трупы, і толькі ў гэтым тэатры ў 1980-я гады ён і мог зьявіцца. Яму папярэднічалі выразна нацыянальныя спэктаклі галоўнага рэжысэра Валер’я Мазынскага “Сымон-музыка” паводле Якуба Коласа”, “Званы Віцебску” і “Кастусь Каліноўскі” паводле Ўладзімера Караткевіча.

Коласаўскі тэатар быў адзіным, дзе акторы ня толькі са сцэны, але і за кулісамі гаварылі па-беларуску. Кіраўніцтва і ядро трупы стварылі выдатнае беларускамоўнае і свабодалюбнае асяродзьдзе ў тэатры, якое кансалідавала вакол сябе інтэлігенцыю горада.

Гэта быў самы беларускі тэатар у Беларусі.
  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG