Лінкі ўнівэрсальнага доступу


Гэта быў жывы тэатар, які выразна існаваў у атмасфэры 1990-х гадоў. Артысты размаўлялі з гледачамі адной мовай — рэдкі выпадак для беларускай сцэны. Хаця вуліца тады была лепшым тэатрам. І артысты “Вольнай сцэны” імкнуліся ў сваіх пастаноўках адлюстраваць атмасфэру змаганьня за свабоду. Здаралася, што літаральна зь мітынгаў акторы беглі на спэктакль.

Шыльда Cвабоды
Менск, вуліца Крапоткіна, 44


Рэспубліканскі тэатар-лябараторыя беларускай драматургіі з 1990 да 2000 году пад кіраўніцтвам рэжысэра Валер’я Мазынскага зьяўляўся адным з самых свабодных нацыянальных мастацкіх асяродкаў. Яго называлі “Вольнай сцэнай”.

На многіх спэктаклях гледачы выкрыквалі “Жыве Беларусь”. Так было нават на спэктаклі “Нечаканы ўзьлёт Артура Ўі, які можна было спыніць”. П’еса, напісаная Бэртольдам Брэхтам у 1941 годзе, успрымалася як надзвычай актуальная беларуская. Не выклікалі сумневу і паралелі ў сцэнічнай рэдакцыі гістарычнай хронікі Ўільяма Шэксьпіра “Рычард ІІІ”, якую зрабіў для “Вольнай сцэны” Аляксей Дудараў і ў якой бліскуча сыграў беларускага Рычарда Алег Гарбуз. Рэальнасьць і тэатар збліжаліся. Тэатар на вуліцы Крапоткіна станавіўся адной з выспаў свабоды ў несвабодным вялікім горадзе. Мастацкі кіраўнік “Вольнай сцэны” Валеры Мазынскі з гэтай нагоды кажа:

Валеры Мазынскі
“Урэшце рэшт адна з дэманстрацыяў, праўда, я на яе ня трапіў, бо зблытаў маршрут, увогуле пайшла да “Вольнай сцэны”. І каля яе быў канчатковы мітынг. Калі я прыехаў, то людзі ўжо разыходзіліся. І для мяне гэта было знакавым момантам у жыцьці тэатра”

Афіцыйна тэатар у дакумэнтах называўся “Рэспубліканскі тэатар-лябараторыя беларускай драматургіі” і меў на мэце працаваць дзеля разьвіцьця айчыннай драматургіі. Што і рабіў. А назоў “Вольная сцэна”, як крэда калектыву, Валер Мазынскі проста пусьціў у народ — і ён прыжыўся, больш, чым той, што быў на пячатцы.

“Вольная сцэна” была адкрытай і для розных беларускіх і замежных альтэрнатыўных мастацкіх імпрэзаў, паказ якіх на ёй дазваляў Мазынскі.

Палітычная расправа над “Вольнай сцэнай” у Беларусі, краіне афіцыйных рэфэрэндумаў і палітзьняволеных, была непазьбежная — у 2000 годзе звольнілі яе заснавальніка і мастацкага кіраўніка Валерыя Мазынскага. Разам зь ім тэатар пакінулі і большасьць ягоных актораў.
  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG