Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пераадолеем бар’еры разам


Пікет інвалідаў-вазочнікаў у Менску
Пікет інвалідаў-вазочнікаў у Менску

Аб’яднаньні дэмакратычных сілаў Сьветлагорску й Жлобіна зьвярнуліся ў мясцовыя выканкамы з патрабаваньнем перагледзець стаўленьне да выкананьня дзяржаўнай праграмы “Аб безбар’ерным асяродку жыцьцядзейнасьці фізычна аслабленых асобаў”.

“Да зваротаў, — апавёў кіраўнік Жлобінскай раённай арганізацыі ПКБ Валер Рыбчанка, — дададзены лісты інвалідаў-вазочнікаў з канкрэтнымі праблемамі, якія перашкаджаюць ім пачуваць сябе паўнапраўнымі гараджанамі. У горадзе да гэтага часу ня створаны сацыяльны цэнтар для інвалідаў, які ўлады плянавалі адкрыць на базе шпіталя чыгуначнікаў. Няма аўтобусаў для інвалідаў-вазочнікаў. Адсутнічаюць пандусы ў гарадзкіх паліклініках і вясковых крамах”.

З падобнымі нязручнасьцямі сутыкаюцца фізычна аслабленыя людзі і ў Сьветлагорску.

“У горадзе адзін з інвалідаў жыве на пятым паверсе, — кажа мясцовая актывістка Сьвятлана Міхальчанка. — Ён, па сутнасьці, не бывае на вуліцы. Шмат каму патрэбна замяніць інвалідныя вазочкі. У сваіх кватэрах інваліды ня могуць заехаць каляскай у ванну — дзьверы вузкія. Вельмі малыя сацыяльныя выплаты гэтым абяздоленым людзям. Таму мы й прапанавалі скарэктаваць праграму дзяржаўнай дапамогі інвалідам і зьмяніць тэрміны выкананьня некаторых яе пунктаў”.

Зваротам у выканаўчыя камітэты папярэднічала анкетаваньне сярод інвалідаў, праведзенае сіламі АДС у Сьветлагорскім і Жлобінскім раёнах у межах сацыяльнага маршу “Пераадолеем бар’еры разам”, а таксама двухдзённая экскурсія для інвалідаў па Палескім краі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG