Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Уладзімер Вусікаў: Ні тэатру, ні кіно мы ня чуем і ня бачым


Госьць “Начной Свабоды” – інвалід-вазочнік з Магілёва Ўладзімер Вусікаў. Пікетаваньнем магілёўскага гарвыканкаму ён дамогся аднаўленьня ў чарзе на сацыяльнае жытло, Уладзімеру Вусікаву быў выдзелены пакой у Доме вэтэранаў.

Соўсь: Cпадар Уладзімер, што вы звычайна робіце ў такі даволі позьні час? У Магілёве ў тэатар, кіно, на канцэрт ці ёсьць магчымасьць трапіць на вазку?

Вусікаў: Не, на жаль: у Магілёве ні ў тэатар, ні ў кіно мы, інваліды-вазочнікі, схадзіць ня можам. Мы нават ня можам выехаць з свайго двара: кругом бардзюры, як ужо зьехаў з тратуару, пасьля праз бардзюр назад на тратуар не заедзеш. Так што мы толькі каля дому, ля пад'езду можам, як кажуць, весяліцца і размаўляць з суседзямі. Ні тэатру, ні кіно мы ня чуем і ня бачым. Дзяржава ў нас вельмі добрая адна была, а другая яшчэ лепшая стала: ніяк аб нас не турбуецца.

Соўсь: Я ведаю, у вас ёсьць сабака, якога вы выводзіце гуляць...

Вусікаў: Так, у мяне сабака. Выгульваю яго на павадку, а часам і пабегаць пускаю. Цяпер, праўда, забараняюць без павадка выгульваць... Хочаш-ня хочаш, а даводзіцца выгульваць: гэта й добра, што ў мяне сабака ёсьць.

Соўсь
: Уладзімер Вусікаў нарадзіўся ў 1945 годзе у вёсцы Петухоўка Чавускага раёну. Працаваў электрыкам на заводзе “Зэніт” магілёўскага аб’яднаньня “Хімвалакно”. У 1989 годзе ўступіў у Беларускі народны фронт.

У 1987-м Уладзімер Вусікаў перанёс апэрацыю на сэрцы, у 2000-м праз хваробу сэрца яму спачатку ампутавалі адну нагу, а праз два гады — другую. З таго часу Вусікаў – інвалід першай групы. Адзін раз яго зьбіраліся паслаць на лячэньне ў санаторыю, але Вусікаў не пасьпеў знайсьці суправаджальніка і пуцёўку анулявалі. Разам з двума сынамі зь сем’ямі і былой жонкай Уладзімер Вусікаў жыве ў двухпакаёвай кватэры, якую атрымаў, працуючы на заводзе “Зэніт”.

У 2000 годзе як інваліда першай групы Вусікава паставілі ў чаргу на паляпшэньне жыльлёвых умоваў. Але ў 2007-м інваліду паведамілі, што з чаргі яго выключылі паводле дэкрэту Аляксандра Лукашэнкі адносна ільгот для інвалідаў. Змагаючыся за свае правы, Уладзімер Вусікаў выяжджаў на інвалідным вазку да гарвыканкаму з плякатамі “Хто скраў мае льготы?” і “Ганьба лукавым ільготам”, аб’яўляў галадоўку. Магілёўскі суд пакараў інваліда штрафам за “незаконнае пікетаваньне дзяржаўнай установы”. І вось цяпер ён дамогся асобнага пакою ў Доме вэтэранаў.

Спадар Уладзімер, пакой у Доме вэтэранаў – гэта тое, што вы хацелі? Ці будуць там для вас усе неабходныя ўмовы?

Вусікаў: Я задаволены, што там асобная аднапакаёвая кватэра, усе выгоды там ёсьць. Там нават дзяжураць доктар і мэдсястра. Адным словам, задаволены.

Cоўсь: У нашым эфіры гучаў рэпартаж пра тое, што вы дамагліся асобнага пакою ў Доме вэтэранаў. І вы гаварылі, што ўдзячныя за падтрымку недзяржаўнай прэсе. Ці толькі недзяржаўная прэса зьвяртала ўвагу на вашую сытуацыю?

Верасень 2008-га. Уладзімер Вусікаў пікетуе гарвыканкам


Вусікаў: Вялікі дзякуй і радыё “Свабода”, і незалежным тэлебачаньню і друку. Усе афіцыйныя газэты, да каго я ні зьвяртаўся, усе баяліся і адмаўлялі мне, казалі: “Мы – людзі пад наглядам, і баімся за сваю работу”. І ніхто не хацеў зьвязвацца са мною. Я казаў, што інвалід, што аб'яўляю галадоўку – нават размаўляць са мною баяліся. І ніхто зь дзяржаўных выданьняў не пагадзіўся прыехаць і расказаць пра сытуацыю.

Соўсь: Спадар Уладзімер, сёлета ўлетку, калі вы першы раз паехалі да гарвыканкаму на пікетаваньне, вы паблыталі гэтую ўстанову з банкам. Праўдападобна, таму, што мала бываеце ў горадзе... Якія складанасьці чакаюць інваліда на вазку, які зьбіраецца ў адзіночку выехаць у горад?

Вусікаў: Заехаць у горад – гэта вельмі цяжка. Аўтобусы, тралейбусы не прыстасаваныя. Каб паехаць мне аўтобусам ці тралейбусам, трэба, каб два чалавекі мяне суправаджалі. Таму я цяпер і мала ведаю, дзе што ў горадзе, дзе што зьмянілася...

А тое, што абяцалі адрасную дапамогу, вось бы яны ўзялі і выдзелілі мне грошы за праезд, якім я не карыстаюся. А то гавораць, што ў вас бясплатны праезд, а я ж ім ня маю як пакарыстацца. Я б за гэтыя выдзеленыя грошы змог зьезьдзіць да родных, узяць таксі і г.д. Дзяржава толькі гаворыць, што нам бясплатны праезд, што ў нас раз на два гады санаторная пуцёўка, а ў сапраўднасьці гэта ўсё на паперы, нічога гэтага мы ня маем...



Соўсь: А якую пэнсію мае інвалід першай групы?

Вусікаў: 400 тысяч. Гэта лічыцца самая вялікая пэнсія...

Соўсь: На што вам яе хапае?

Вусікаў: Добра, што я абутку не купляю, паліто старое даношваю... Хапае толькі на харчаваньне, і то вельмі сьціпленька, у нацяжку. Дазволіць сабе шыкануць я не магу.

Соўсь: А вазок вы самі набывалі ці яго выдзеліла дзяржава?



Тыя два вазкі, якія давала мне дзяржава, цяжкія і не прыстасаваныя для кватэры: я не магу ні на кухню заехаць, ні ў ліфт заехаць. Так я іх аддаў назад. А цяперашні вазок мне дала гарадзкая арганізацыя інвалідаў
Вусікаў
: Тыя два вазкі, якія давала мне дзяржава, цяжкія і не прыстасаваныя для кватэры: я не магу ні на кухню заехаць, ні ў ліфт заехаць. Так я іх аддаў назад. А цяперашні вазок мне дала гарадзкая арганізацыя інвалідаў. Гэта гуманітарны вазок. Я на ім і па кватэры, і па вуліцы.

Соўсь: Мінулым тыднем у эфіры “Начной Свабоды” прагучаў рэпартаж пра інваліда-вазочніка зь Нямеччыны, дэпутата Бундэстагу ад фракцыі левых, сябры парлямэнцкай групы “Беларусь” і каардынатара ў пытаньнях правоў інвалідаў і турызму, нямецкага палітыка Ілію Зайфэрта.

Сёлета Ілія Зайфэрт ўпершыню пабываў у Менску. Інваліду-вазочніку, яму не ўдалося нармальна азнаёміцца з мэмарыяльным комплексам “Хатынь”, ён меў шмат іншых бытавых праблемаў, у тым ліку ў часе пасяленьня ў гатэлі, прагулак па горадзе, пры наведваньні месцаў грамадзкага харчаваньня ды прыбіральняў. Тое, што Хатынь не прыстасаваная для такіх, як ён, наведнікаў, Зайфэрту нават і не прыходзіла ў галаву.

У інтэрвію нашаму радыё Зайфэрт тады сказаў, што інваліды не адыгрываюць ніякай ролі ў беларускім грамадзтве. Спадар Уладзімер, ці згодныя вы з такой ацэнкай?

Да крамы пад'едзеш і стаіш, просіш, каб табе купілі булку хлеба. Сорам і ганьба! Ніводная крама не праектуецца, каб туды мог зайсьці інвалід. Немагчыма ж увесь час стаяць з працягнутай рукою – прасіць, каб людзі табе купілі што-небудзь
Вусікаў
: Я згодны, і нават у мяне зьявілася прапанова, што трэба інвалідам аб'яднацца, зрабіць прафсаюз, каб мы маглі адстойваць свае правы і вырашаць розныя пытаньні. Бо ўрад наш закінуў праблемы інвалідаў, мясцовыя ўлады ня думаюць пра нас. Стукаемся-стукаемся – і ніяк не дастукаемся. Таму трэба стварыць аб'яднаньне ўсіх інвалідаў: і вазочнікаў, і першай, другой, трэцяй групаў, – каб бараніць свае правы, патрабаваць ільготы, патрабаваць, каб можна было заехаць і ў тэатар, і ў кіно, і ў краму схадзіць.

Мы ў краму ня можам схадзіць. Гэта што такое? Да крамы пад'едзеш і стаіш, просіш, каб табе купілі булку хлеба. Сорам і ганьба! Ніводная крама не праектуецца, каб туды мог зайсьці інвалід. Немагчыма ж увесь час стаяць з працягнутай рукою – прасіць, каб людзі табе купілі што-небудзь... Таму трэба аб'яднацца, і тады мы нешта зможам патрабаваць ад гарадзкіх уладаў, ад ураду.

Соўсь: Але ж існуюць арганізацыі інвалідаў...

Вусікаў: Я ўваходжу ў гарадзкую арганізацыю інвалідаў. Нічога яна ня робіць, таму што там не інваліды выбіраюць старшыню, а старшыню прызначаюць. Пакуль дзяржава будзе прызначаць, старшыня будзе выконваць дзяржаўныя ўказаньні. А каб было так, што выбіралі б інваліды, то ён бы змагаўся за іхныя правы.
  • 16x9 Image

    Ганна Соўсь

    Ганна Соўсь нарадзілася ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў незалежнай газэце «Народная воля»(1997-2000). Ад 2000 году працуе на «Свабодзе». Кнігі на «Свабодзе» — «Дарога праз Курапаты» (аўтарка рэпартажаў), «Адзін дзень палітвязьня» (ідэя і ўкладальніца), «Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011»(ідэя і ўкладальніца), «Жыцьцё пасьля раку» (аўтарка ідэі і каардынатарка праекту, рэдактарка). Аўтарка праекту «Расея і я», сэрыі інтэрвію з 12 экс-прэзыдэнтамі постсавецкіх кранаў. Сябра БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG