Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інваліду-пікетоўцу паабяцалі жытло і суд


Сёньня ў Магілёве інвалід-вазочнік Уладзімер Вусікаў пятнаццаць хвілін пікетаваў гарвыканкам. Ён патрабаваў, каб яго аднавілі ў чарзе на атрыманьне сацыяльнага жытла, а таксама кампэнсавалі кошт пуцёўкі на санаторна-курортнае лячэньне.


За правядзеньне акцыі пратэсту міліцыянты склалі на інваліда пратакол адміністрацыйнага правапарушэньня. Цяпер яго чакае суд. Супрацоўнікі ж гарадзкой управы сацыяльнай абароны патлумачылі пікетоўцу, што ў чарзе на атрыманьне жытла ён стаіць першы, проста яму яшчэ не пасьпелі пра гэта паведаміць.

Уладзімер Вусікаў разгарнуў свой пікет на пляцоўцы перад гарвыканкамам а дзясятай раніцы. Да свайго вазка ён прымацаваў два плякаты: “Ганьба лукавым льготам!” і “Хто скраў мае льготы?”, перад сабой паклаў трэці — “Абвяшчаю галадоўку”. У руках ён трымаў чацьвёрты — з патрабаваньнямі. Гаворыць Уладзімер Вусікаў:

“Выдзеліць сацыяльнае жытло й кампэнсаваць кошт санаторна-курортнай пуцёўкі. Я стаяў чатыры гады на сацыяльнае жытло. Яшчэ не было ні пастановаў, нічога, і мне павінны былі выдзеліць сацыяльнае жытло. Безь ніякага спавешчаньня мяне зьнялі. Я пратэстую й абвяшчаю галадоўку. Я інвалід першай групы. У мяне мітральны кляпан стаіць штучны, і ў мяне ампутаваныя дзьве нагі”.

Я пратэстую й абвяшчаю галадоўку. Я інвалід першай групы. У мяне мітральны кляпан стаіць штучны, і ў мяне ампутаваныя дзьве нагі

Празь пятнаццаць хвілін да Ўладзімера Вусікава выйшла начальніца ідэалягічнага аддзелу гарвыканкаму Ала Галушка са сваім намесьнікам. Спадарыня Галушка прапанавала інваліду згарнуць пікет і пагаварыць ужо ў гарвыканкаме. Даставіць інваліда ў будынак аказалася няпроста, бо гарвыканкам ня мае ля ўваходу пандусаў. Ненадоўга выйшаў да пікетоўца і намесьнік старшыні гарвыканкаму Фёдар Міхеенка.

Пікет Вусікаў згарнуў, аднак гутарка з чыноўнікамі, а потым зь міліцыянтамі й супрацоўнікамі ўправы сацыяльнай абароны насельніцтва адбылася тут жа, на месцы акцыі пратэсту.

Міліцыянты зьявіліся ля пікетоўца амаль адначасова з супрацоўнікамі ідэалягічнага аддзелу й склалі пратакол адміністрацыйнага правапарушэньня за несанкцыянаванае мерапрыемства.

Супрацоўнікаў управы выклікаў магілёўскі апазыцыйны кандыдат у дэпутаты Ігар Каваленка, які выпадкова апынуўся на месцы падзеяў:

“Мяне абурыла, што стаяць чатыры міліцыянты, але ніводнага супрацоўніка сацыяльных службаў. Я пайшоў у гарвыканкам і пачаў высьвятляць: “Чаму няма ніводнага супрацоўніка гэтай службы?” Пасьля прыйшоў адзін супрацоўнік, які адразу ж пачаў тлумачыць інваліду ягоныя правы, а таксама падышоў намесьнік начальніка ўправы сацыяльнай дапамогі”.

Паводле Ігара Каваленкі, яго спрабавалі зьвінаваціць у арганізацыі несанкцыянаванага мерапрыемства, аднак пасьведчаньне кандыдата ў дэпутаты яго выратавала.

Супрацоўніца ўправы сацыяльнай абароны насельніцтва паведаміла Ўладзімеру Вусікаву, што ў чарзе на атрыманьне сацыяльнага жытла ён стаіць першым. Гаворыць Уладзімер Вусікаў:

“Сказала, як толькі будзе месца, дык адразу будзе выдзелена мне. Міліцыянты склалі на мяне пратакол. У сваякоў узялі падпіску, што яны мяне даставяць у суд”.

Пра дзень суда Ўладзімеру Вусікаву паведамяць позвай.

Уладзімер Вусікаў прыкуты да вазка ад 2002 году. У 2000 годзе з прычыны хваробы сэрца яму спачатку ампутавалі адну нагу, а праз два гады — другую.

З чаргі на атрыманьне сацыяльнага жытла Ўладзімера Вусікава зьнялі таму, што пэнсія ў яго перавышае пражытковы мінімум. Пэнсія ў інваліда 370 тысяч, а пражытковы мінімум — 224 тысячы.

Пуцёўкі ж, паводле Ўладзімера Вусікава, яму не даюць, бо кажуць, што санаторыяў для такіх інвалідаў няма. Акрамя таго, яму патрэбнае суправаджэньне, а гэта дадатковыя выдаткі.

Уладзімер Вусікаў жыве ў двухпакаёвай кватэры з двума дарослымі сынамі, унукам і жонкай, зь якой ён чатырнаццаць гадоў у разводзе. Пад’езд дома, дзе ён жыве, не прыстасаваны для інваліда-вазочніка. Каб дабрацца да ліфта, інвалід сам змайстраваў адкідны драўляны пандус.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG