Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інваліды-вазочнікі везьлі пэтыцыю А.Лукашэнку праз цэнтар Менску


Алесь Дашчынскі, Менск У суботу, у Міжнародны дзень барацьбы інвалідаў за свае правы, у Менску адбыўся мітынг інвалідаў-вазочнікаў на плошчы Бангалор і несанкцыянаванае шэсьце ад гэтай плошчы да будынку прэзыдэнцкай адміністрацыі. Арганізатары акцыі прасілі ўлады дазволіць ім мітынг на пляцоўцы каля Акадэміі навук. Аднак Менгарывканкам дазволіў сабрацца толькі на плошчы Бангалор.

Каля 60 інвалідаў-вазочнікаў зь Беларусі, якія прэзэнтавалі 11 арганізацый, сабраліся аб 11 гадзіне на плошчы Бангалор. Тут адбыўся дазволены ўладамі мітынг салідарнасьці зь інвалідамі Эўропы ў барацьбе за роўныя правы.

Лукашэнку заклікаюць “спыніць генацыд інвалідаў” (онлайн-рэпартаж, фота)

Старашыня Цэнтральнай рады “Рэспубліканскай асацыяцыі інвалідаў-вазочнікаў” Сяргей Драздоўскі сказаў, што інваліды ў Беларусі з году ў год выстаўляюць адны і тыя ж патрабаваньні, а сытуацыя не мяняецца. Ён выказаўся супраць плянаваных зьменаў у законы, якія пазбавяць інвалідаў ільготаў:
С.Драздоўскі: “Ініцыятарам зьменаў выступіла адміністрацыя прэзыдэнта і міністэрства аховы здароўя. У законе аб сацыяльнай абароне рэжацца 8 артыкулаў".
“Ініцыятарам зьменаў выступіла адміністрацыя прэзыдэнта і міністэрства аховы здароўя. У законе аб сацыяльнай абароне рэжацца 8 артыкулаў. Напрыклад, скасоўваецца артыкул, дзе дзяржава гарантуе нам выдачу тэхнічных сродкаў рэабілітацыі ці кампэнсацыі, калі мы іх не атрымоўваем. На практыцы, мы больш ня будзем атрымоўваць аўтамабілі, а потым, магчыма, вазкі і гэтак далей. Пазбаўляюць аплаты праезду нашым суправаджаючым”.

"Інваліды першымі адчуваюць на сабе ўсе недахопы сацыяльнай палітыкі"

Спадар Драздоўскі сказаў, што інваліды перадалі свае пэтыцыі ў Канстытуцыйны суд і ў Палату прадстаўнікоў, аднак дагэтуль ніякай рэакцыі. Ён агучыў зварот да кіраўніка Беларусі, які падпісалі ўдзельнікі мітынгу:

“Зьвяртаемся да вас, як да гаранта нашых канстытуцыйных правоў з заклікам спыніць разгорнутую кампанію па генацыду інвалідаў. Інваліды-вазочнікі і ляжачыя інваліды адчуваюць на сабе самымі першымі і ў поўнай меры ўсе недахопы сацыяльнай палітыкі. Стала звыклым невыкананьне і парушэньне асноўных артыкулаў канстытуцыі адносна інвалідаў-вазочнікаў”.

Пасьля гэтага удзельнікі мітынгу, апранутыя ў аранжавыя і жоўтыя майкі, вырашылі паехаць да прэзыдэнцкай адміністрацыі, каб уласна перадаць пэтыцыю кіраўніку Беларусі.

"Лётаць мы ня ўмеем”

Гэты шлях амаль у 7 кілямэтраў прайшоў праз плошчы Якуба Коласа і Перамогі. Вазочнікі не змаглі скарыстацца падземнымі пераходамі і мэтро, а таксама іхняму руху перашкаджалі высокія бардзюры. Удзельнікі акцыі вымушаны былі спыніць рух транспарту, каб пераехаць вуліцу, і рухацца па праезнай частцы. Удзельніца акцыі Натальля з Горадні:

“Праз падземны пераход няма наагул магчымасьці спусьціцца, ні ліфта, ні пандуса. А іначай ніяк. Лётаць мы ня ўмеем”.

Міліцыянты спрабавалі спыніць калёну на плошчы Якуба Коласа і нават папярэдзілі Сяргея Драздоўскага нібыта ў правядзеньні несанкцыянаванага шэсьця. На гэта спадар Драздоўскі сказаў:
С.Драздоўскі: "Сумленьне сваё няхай паслухаюць для пачатку. Гэта пустое і абсалютна незаконнае іх патрабаваньне. Наагул, гэта свавольле”.
“Пустое. Калі баяцца, няхай баяцца. Сумленьне сваё няхай паслухаюць для пачатку. Гэта пустое і абсалютна незаконнае іх патрабаваньне. Наагул, гэта свавольле”.

Каля цырку спэцназаўцы і міліцыянты спрабавалі павярнуць калёну ўбок вуліцы Янкі Купалы. Аднак удзельнікі акцыі вырашылі ісьці наўпрост да адміністрацыі. Міліцыянты спрабавалі ім перашкодзіць, хапалі вазочнікаў за рукі. Аднак інваліды-вазочнікі дайшлі да адміністрацыі прэзыдэнта, і тут іх зноў спынілі спэцназаўцы. Непадалёк стаяў аўтазак, аўтобус і некалькі міліцэйскіх машын.

Каб патрапіць у прыёмную Адміністрацыі прэзыдэнта, выклікалі сьлесара

Празь некаторы час да калясачнікаў падыйшоў начальнік прыёмнай адміністрацыі прэзыдэнта Пётар Катушкін і сказаў:

“Усе прыйдуць у прыёмную, усё раскажам. Выслухаем людзей. Калі вы абіраеце двух-трох-пяцёх прадстаўнікоў – пойдзем гутарыць, паехалі, не пытаньне”.

Інвалідам дазволілі пад’ехаць да дзьвярэй прыёмнай. Але яны не маглі праехаць праз дзьверы прыёмнай, якія былі занадта вузкімі. Ахоўнікі выклікалі сьлесара, які адчыніў другую створку дзьвярэй. Размова пяцёх вазочнікаў у прыёмнай цягнулася да трох гадзінаў. Астатнія чакалі на вуліцы.

Пасьля заканчэньня сустрэчы ўдзельнікі акцыі пачалі разыходзіцца. Інвалід-вазочнік з Горадні Антон Сьвёкла сказаў:
А.Сьвёкла: "Мы спадзяемся, што гэта акцыя хоць трохі пакажа нашы праблемы, і хоць у Палаце прадстаўнікоў, дзе няма ніводнага інваліда на вазку, пабачаць, што такія людзі ёсьць, праблемы ёсьць”.
“Мы спадзяемся, што гэта акцыя хоць трохі пакажа нашы праблемы, і хоць у Палаце прадстаўнікоў, дзе няма ніводнага інваліда на вазку, пабачаць, што такія людзі ёсьць, праблемы ёсьць. Цяпер у Беларусі ўсе законы ігнаруюцца. Інваліды нават ня могуць дабіцца таго, што гарантавана законам. Каб быць інвалідам, ты павінен у Беларусі быць бедным, галодным, саплівым, абсіканым, і ты павінен стаяць і жабраваць. Мы хочам жыць як нармальныя людзі ў кожнай краіне”.

Паводле афіцыйных дадзеных, у Беларусі колькасьць інвалідаў, якія стаяць на ўліку ў дзяржаўных структурах, перавышае 509 тысяч чалавек. З году ў год колькасць інвалідаў у Беларусі расьце. За 2002-2006 гады яна павялічылася больш чым на 31 тысячу, альбо на 6,5 працэнтаў. Колькасьць аб''ектаў у краіне, якія ўлічаюць патрабаваньні безбар''ернага асяродзьдзя, не дасягае і 20-ці працэнтаў.
XS
SM
MD
LG