Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як грамадзкія месцы прыстасаваныя для інвалідаў-вазочнікаў?


Ігар Карней, Менск Паводле Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, толькі 20% грамадзкіх аб''ектаў прыстасаваныя для інвалідаў. Улады Беларусі абяцаюць, што да 2011 году палова аб''ектаў грамадзкай інфраструктуры будзе адпавядаць патрабаваньням безбар''ернага асяродзьдзя.

У Адміністрацыю прэзыдэнта не ўехалі – вузкія дзьверы

5 траўня інваліды-вазочнікі правялі мітынг на плошчы Бангалор, а пасьля выправіліся да Адміністрацыі прэзыдэнта, каб перадаць сваю пэтыцыю чыноўнікам. Яны пераадолелі высокія бардзюры, лавіравалі паміж машынамі, якія не спынялі рухацца. Яны прарвалі два ачапленьня спэцназу міліцыі. Калі вазочнікі дабраліся да будынку Адміністрацыі прэзыдэнта і калі чыноўнікі пагадзіліся прыняць іх і выслухаць, высьветлілася, што інваліды ня могуць патрапіць у грамадзкую прыёмную. Дзьверы там такія вузкія, што ўехаць на вазку немагчыма.

Інвалід-вазочнік можа ўехаць у будынак па спэцыяльным скаце, які называецца пандус, трымаючыся за парэнчы. Пандусы, парэнчы, шырокія дзьверы, а таксама зьмешчаныя на нізкім роўні ад зямлі выключальнікі – усё разам гэта называецца безбар’ерным асяродзьдзем.

Бальшыня дзяржаўных установаў, спартовых збудаваньняў, крамаў, грамадзкіх прыбіральняў і нават шпіталяў не адпавядаюць стандартам безбар’ернага асяродзьдзя

Як кажа кіраўнік Рэспубліканскай асацыяцыі інвалідаў-вазочнікаў Сяргей Драздоўскі, людзі дзесяткі гадоў вымушаныя сядзець ў чатырох сьценах кватэры ўжо таму, што дзьверы ліфта не разьлічаныя на шырыню вазка:

“Цэнтар гораду – яшчэ куды ні ішло. Але гэта збольшага для тых, хто праяжджае на аўтамабілі і бачыць новае ў “архітэктуры” праз шыбу. А практычна нічога няма. Кажучы пра рэгіёны, калі выехаць за рысу горада, то гэта проста катастрафічныя набывае маштабы і абрысы. У прынцыпе, у новых дамах больш-менш імкнуцца ўлічваць патрабаваньні. Але зноў жа, ідуць шляхам найменшага супраціву. Дапусьцім, зьвяртаюцца ў таварыства інвалідаў і запытваюць: ці будуць жыць інваліды ў гэтым доме? Там, натуральна адказваюць: мы ня ў стане набыць кватэры. Не? Ну і добра, да пабачэньня. І дом не абсталёўваюць. Няма нават тых працэнтаў, якія павінны быць у абавязковым парадку”.

“Паўсюль прыступкі; пандуса няма нават на ўваходзе”

Дар’я Ліс з мястэчка Залесьсе, што ў Смаргонскім раёне Гарадзенскай вобласьці, 2004-м завочна скончыла факультэт беларускай філялёгіі і культуры Беларускага дзяржаўнага пэдунівэрсытэту імя Максіма Танка. Праўда, ад пачатку жаданьне было вучыцца ў Лінгвістычным унівэрсытэце, паколькі, як кажа, францускую для паступленьня ведала лепей, чым нават беларускую. Перашкодзіла іншае:

“Літаральна за некалькі месяцаў я вырашыла паступаць на філфак па той простай прычыне, што ў Лінгвістычны мне няма ніякай магчымасьці трапіць – няма ні пандусаў, ні ліфтаў. Філфак БДУ – таксама тры паверхі без ліфта. Абсалютна непрыстасаваныя будынкі. Але я гуманітарый, таму мне дастаўся філфак Пэдагагічнага”.

Карэспандэнт: “Іншым словамі, там усё больш-менш абсталявана?”

“Калі не лічыць, што там ліфт выклікаецца толькі з першага паверха. Заедзеш на вазку на пяты (а мне вучыцца трэба было ня пятым, дзе наш факультэт) з бацькамі падымесься, а потым бацька ці маці бягуць уніз, каб гэты ліфт выклікаць і мяне спусьціць уніз. А калі пераехаць у другі корпус, то паўсюль прыступкі; пандуса няма нават на ўваходзе. Так што пра ўмовы гаварыць можна толькі ўмоўна”.

”Сапраўдная колькасьць людзей з калецтвамі – блізу мільёну чалавек

Інваліды кажуць, што Менск у сэнсе безбар’ернага асяродзьдзя мала чым розьніцца ад малых гарадоў. У прыкаванай да вазка паэткі Ніны Мацяш за савецкім часам была магчымасьць пераехаць з Белаазёрску ў Менск. Аднак яна перакананая: калі засталася ў малым горадзе, зрабіла правільны выбар. Прынамсі, мясцовыя ўлады пайшлі ёй насустрач і зрабілі дадатковы пандус, праз які, як кажа спадарыня Ніна, выяжджае ў сьвет.

“Мне патрэбна, на жаль, дапамога фізычная. Маральная таксама, хоць кажуць, што ад мяне набіраюцца энэргіяй, але і я падсілкоўваюся сваёю сябрынаю і маральна таксама. Але мне неабходная і фізычны клопат, бо я абмежаваная сьценамі. Хоць, зноў жа, дзякуючы сябрам, якія набылі мне вось гэты возік, прасторы ў мяне пабольшала, сьцены рассунуліся і з надыходам цяпла я на вуліцы”.

Паводле афіцыйнай статыстыкі, штогод інвалідамі ў Беларусі становяцца каля 50 тысяч чалавек. Зь іх прыблізна 4 тысячы – дзеці. Усяго ў краіне звыш паўмільёну інвалідаў, зь які 30 тысяч – маладыя людзі ва ўзросьце да 18 гадоў.

Прадстаўнікі Рэспубліканскай асацыяцыі інвалідаў-вазочнікаў, заяўляюць, што сапраўдная колькасьць людзей з калецтвамі складае 10% ад насельніцтва краіны, а гэта -- блізу мільёну чалавек.
XS
SM
MD
LG