Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міжнароднае грамадзкае аб’яднаньне “Грамадзянская Беларусь” атрымала з Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь адказ на сваю прапанову аб скасаваньні сумнавядомага артыкула 193-1 Крымінальнага кодэкса, які прадугледжвае крымінальную адказнасьць за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі.

Як паведамляецца ў лісьце, што падпісаў намесьнік міністра юстыцыі Ігар Тушынскі, на дадзеным этапе мяркуецца замяніць крымінальную адказнасьць за гэткія дзеяньні на адміністратыўную адказнасьць. Нагадаем, што ўсяго з 2006 года, калі ўступіў у дзеяньне гэты артыкул, па ім было асуджана 17 чалавек, пры гэтым не было зафіксавана ніводнага апраўдаўчага прысуду. Няўжо ўлады сапраўды гатовыя пайсьці на зьмену гэтага рэпрэсіўнага палажэньня заканадаўства? Як доўга можа працягвацца працэдура адмены гэтага артыкулу? На гэтыя пытаньні адказвае юрыст і палітоляг Юры Чавусаў.

Цыганкоў:
Наколькі сэнсацыйным выглядае гэты ліст Міністэрства юстыцыі? Ці можна зь яго зрабіць выснову, што ўлады сапраўды хочуць адмяніць крымінальную адказнасьць па гэтым скандальным артыкуле?

Юры Чавусаў
Чавусаў:
З аднаго боку, гэта відавочная сэнсацыя. Дзяржаўны орган упершыню прызнае,што артыкул 193-1 – ненармальная зьява, і што разглядаецца пытаньне аб ягонай значнай карэкціроўкі і адмене крымінальнай адказнасьці за дзейнасьць незарэгістраваных арганізацыяў. Зь іншага боку, цалкам артыкул не скасоўваецца, а фармулёўкі ў лісьце даволі цьмяныя. Зь іх вынікае, што пытаньне яшчэ разглядаецца, што яно ўнесена ў кампэтэнтныя органы, але якім будзе вынік – яшчэ невядома.

Можна меркаваць, што гэта такі жэст на адрас эўрапейцаў, якія стала акцэнтуюць увагу на гэтым артыкуле. І вось у адказ на зварот замежнай арганізацыі даецца такая інфармацыя, але ўнутры Беларусі пра гэта зьвестак пакуль не было.

Цыганкоў: Яшчэ літаральна некалькі тыдняў таму Пракуратура Беларусі на зварот праваабаронцаў адказала, што не бачыць падставаў для адмены палажэньняў гэтага артыкула. Чаму адбылася такая зьмена?

Чавусаў: Тут мы маем справу з перакрыжаваньнем кампэтэнцыяў. Адмена Крымінальнага артыкулу – гэта справа парлямэнту, унясеньня на разгляд гэтага пытаньня зьвязана з выканаўчай уладай, а не Пракуратурай. Таму, я думаю, у дадзеным выпадку Міністэрства юстыцыі проста апынулася бліжэй да таго цэнтру прыняцьця рашэньняў па пытаньнях лібэралізацыі, які зьвязаны з камунікацыяй з эўрапейскімі структурамі.

Цыганкоў: Не гледзячы на “цьмянасьць” адказу Міністэрства юстыцыі, ці можна ўжо цяпер даць палітычны прагноз – ці будзе адменены гэты артыкул? Альбо гэтае пытаньне можа “павіснуць” надоўга?

Чавусаў: Мне хацелася б спадзявацца на тое, што артыкул будзе адменены ці хаця б зьменены ў тым выглядзе, як сказана ў гэтым лісьце. Але нельга выключаць, што мы маем справу са звыклымі рытуальнымі танцамі перад эўрапейскімі назіральнікамі – маўляў, глядзіце, мы пачалі працэдуру разгляду гэтага пытаньня, значыць, значна прасунуліся ў накірунку дэмакратызацыі і лібэралізацыі.

Артыкул 193-1 – адна з тых патрабаваньняў эўрапейскіх структураў, якое цяжка было б “забалбатаць”. Зараз яны будуць казаць, што мы “пытаньне прапрацоўваем”, і гэта прагрэс у кантэксьце чарговага тэставага пэрыяду прыпыненьня санкцыяў. Я думаю, што бліжэй да лістапада, калі будзе чарговы раз вырашацца пытаньне пра санкцыі, інфармацыя пра ўключэньне гэтага пытаньня ў парадак дня парлямэнту зьявіцца і ў афіцыйных крыніцах. Але што да канкрэтна адмены артыкулу, то на гэта варта глядзець з асьцярожным аптымізмам.

Артыкул 193-1 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь
... арганізацыя дзейнасьці або ўдзел у дзейнасьці палітычнай партыі, іншага грамадзкага аб’яднаньня, рэлігійнай арганізацыі ці фонду, якія не прайшлі ў вызначаным парадку дзяржаўную рэгістрацыю, —

караюцца штрафам, ці арыштам на тэрмін да шасьці месяцаў, ці пазбаўленьнем волі на тэрмін да двух гадоў.


  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG