Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Генпракуратура Беларусі адказала "не" на заклікі скасаваць артыкул 193-1 Крымінальнага кодэксу. Нельга дапусьціць, каб на волі гулялі ўдзельнікі незарэгістраваных арганізацый.


Законапаслухмяныя грамадзяне могуць спакойна спаць пад дзяржаўнай абаронай – у Беларусі такім злачынцам пагражае да двух гадоў турмы. І ня важна, карысьць людзям ад незарэгістраванай арганізацыі, шкода ці ўвогуле ні холадна, ні горача.


Як некалі патлумачыў пракурор на працэсе над "маладафронтаўцамі" Іванам Шылам і Настай Азаркай: "Мы судзілі б тут нават сябра незарэгістраванага таварыства хамячкоў".

Хамячкоў пакуль што не судзілі. Магчыма таму, што яны ў Беларусі не аб'ядноўваюцца ў таварыствы. Іншая рэч людзі: усіх, хто арганізавана нешта робіць без дзяржаўнай рэгістрацыі -- ад байкерскага клюбу да камітэту, які сочыць за чысьцінёй у пад'езьдзе – можна пры жаданьні саджаць за краты.

Незарэгістраваны? У турму!

Першымі пасадзілі чатырох чалавек з арганізацыі "Партнэрства", якія ў 2006 годзе зьбіраліся назіраць за прэзыдэнцкімі выбарамі. Напачатку па афіцыйных тэлеканалах іх вінавацілі ажно ў спробе дзяржаўнага перавароту. Але суд вырашыў, што удзел у незарэгістраванай арганізацыі гэта ня менш сур'ёзна. Далі ад 6 месяцаў да двух гадоў зьняволеньня. Відаць усё ж назіраньне за выбарамі страшнейшае за хамячкоў.

Агулам па артыкуле 193-1 на сёньня асудзілі 17 чалавек, большасьці давалі штрафы і папярэджаньні. Апраўдальных прысудаў вядома ж не было.

Каго б яшчэ пасадзіць?

Але шмат якія самавольныя калектыўныя дзеяньні ў Беларусі дагэтуль застаюцца непакаранымі. Чаму няма крымінальнага артыкулу за гульню ў футбол без рэгістрацыі? Альбо нават у хакей. Каб быў сьпіс, пашпартныя дадзеныя ўсіх гульцоў і толькі зацьверджаная спартовая сымболіка. Каму трэба, той рэгістрацыю заўсёды атрымае.


Хіба ня варта арыштоўваць за групавое плаваньне на адкрытых вадаёмах? Невядома да чаго там людзі могуць даплавацца.

Урэшце чаму не зьнявольваюць кампаніі, дзе больш за аднаго вусатага без рэгістрацыі? Што яны хочуць паказаць сваімі арганізаванымі вусамі? Даваць такім да двух гадоў турмы. Каб нікому крыўдна не было, барадатым да трох.

Ідэяў добрых шмат, але нават страшна іх агучваць – нехта падтрымае, і вось мы ўжо незарэгістраваная арганізацыя.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG