Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былых беларускіх карупцыянэраў уладкоўваюць у Расеі



Як склаліся лёсы фігурантаў гучных спраў аб карупцыі ў Беларусі? Дзе зараз былыя вядомыя гаспадарнікі Міхаіл Лявонаў, Віктар Рахманько, Галіна Жураўкова, Генадзь Часнавіцкі?

Былы дырэктар МТЗ Міхаіл Лявонаў – адзіны з экс-кіраўнікоў буйных прадпрыемстваў, хто адбывае пакараньне, як кажуць, “ад званка да званка”. Міхаіл Лявонаў быў асуджаны за крадзеж некалькіх соцень тысяч даляраў на 10 гадоў, зь іх два яму скасавалі паводле амністыі. Былы гендырэктар МТЗ ужо адсядзеў 7 з паловай гадоў і ужо мог бы выйсьці на волю, калі б кампернсаваў прызначаныя судом страты. Але спадар Лявонаў вінаватым сябе гэтак і не прызнаў і плаціць грошы не пажадаў. Таксама Лявонаў адмовіўся падаваць на імя Лукашэнкі прашэньне аб памілаваньні.

“Сядзець мужу яшчэ да канца году”, -- паведаміла “Свабодзе” жонка вязьня Алена Лявонава. Увесну ў менскай калёніі, дзе адбывае пакараньне былы дырэктар МТЗ, ліквідавалі усю вытворчасьць, у тым ліку і участак зборкі кабінаў для трактараў, якім ён кіраваў. Каб не сядзець зусім без справы, Міхаіл Лявонаў запісаўся на курсы, тлумачыць жонка вязьня.

“Яго калісьці абвінавачвалі, што ён праз кампутары усё рабіў, што яму прыпісалі, а насамрэч ён ня меў паняцьця як працаваць на тым кампутары. Дык вось запісаўся на курсы, засвойвае кампутар. Чымсьці ж трэба там займацца. Чалавек жа не можа без працы, нават там, у турме”.

Калі Міхаіла Лявонава арыштавалі ў цягніку, які ішоў на Маскву, ён казаў, што ехаў лячыцца ад цяжкага захворваньня сьпіны. Пытаюся ў Алены Рыгораўны, як пачуваецца яе муж цяпер, праз 7 гадоў зьняволеньня?

“Дык лепей не стала. Адзінае, што і ў турме неяк можна лячыцца і пратрымацца. Абсталяваньне там ёсьць і нядрэннае, прымае лекі, абязбольваючыя. Але дакладна я і ня ведаю, бо ён ня хоча расказваць, ня хоча траўміраваць нашы душы”.

Былы начальнік беларускай чыгункі Віктар Рахманько атрымаў за службовыя злоўжываньні 1 год і 9 месяцаў, але ў калёнію не патрапіў – яму за тэрмін пакараньня залічылі некалькі месяцаў сьледчага ізалятару і хатні арышт да суду. Па зьвестках, ужо некалькі гадоў Віктар Рахманько працуе у Расеі. Злачыннае мінулае ў Беларусі не перашкаджае спадару Рахманько ўзначальваць у Газпраме упраўленьне транспарту.

Там жа, ў Расеі, знайшла сабе працу і былая кіраўніца спраў прэзыдэнта Галіна Жураўкова, асуджаная на 4 гады за крадзеж 2 мільёнаў даляраў, але памілаваная асабістым указам Аляксандра Лукашэнкі адразу пасьля суду. Паводле адных крыніцаў спадарыня Жураўкова ўладкавалася у кіраўніцтва спраў прэзыдэнта Расеі – нібыта праз дапамогу Паўла Барадзіна, дзяржсакратара саюзнай дзяржавы Расеі і Беларусі. Другія крыніцы называлі ў якасьці месца працы Жураўковай той жа Газпрам. Але пэўнасьці ў лёсе Галіны Жураўковай няма, кажа журналіст Алесь Сівы, якому адзінаму ўдалося ўзяць інтэрвію ў былой высокапастаўленай чыноўніцы пасьля суду над ёй^

“Спачатку казалі, што яна недзе на Украіне, потым я знайшоў зьвесткі, што яна усё ж ў Расеі. А дзе -- нібыта ў Газпраме. Але ў Газпраме гэта абверглі і таму дакладна я ня ведаю”.

Паводле крыніцаў у “Нафтане”, былы дырэктар аб’яднаньня Канстанцін Часнавіцкі, асуджаны на 4 гады за крадзеж амаль мільёна даляраў у 2006 годзе, ужо выйшаў на волю і таксама з’ехаў працаваць ў Расею.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG