Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Па ўладнай вэртыкалі распаўзьліся зямельныя карупцыянэры


Генэральны пракурор Беларусі Рыгор Васілевіч канстатаваў “распаўзаньне” ва ўладнай вэртыкалі новага віду карупцыі — зямельнай.

Паводле Васілевіча, чыноўнікі розных рангаў злоўжываюць незаконнымі мэханізмамі атрыманьня надзелаў пад будоўлю дамоў і катэджаў, а таксама ўзьвядзеньнем жыльля па дзяржаўных коштах без чаргі і ня маючы патрэбы ў паляпшэньні ўмоваў. У зьвязку з гэтым Генпракурор настойвае на неабходнасьці адзінага парадку вызначэньня чаргі на атрыманьне зямельных надзелаў для ўсіх катэгорый грамадзянаў.

Яшчэ 19 чэрвеня на нарадзе пра барацьбу са злачыннасьцю і карупцыяй Рыгор Васілевіч заявіў: пад Менскам у дачным пасёлку Крыжоўка “на вачох соцень тысяч людзей” вядзецца масавае незаконнае будаўніцтва катэджаў. Усяго ж па краіне выяўлена больш за 1,5 тысячы фактаў зямельнай карупцыі з удзелам дзяржаўных службоўцаў. На перакананьне Васілевіча, у такой сытуацыі землеўпарадкавальныя службы неабходна перадаць Генэральнай пракуратуры, каб патэнцыйныя парушальнікі не адчувалі ўсёдазволенасьці. Чаму для пракуратуры так важна запэленгаваць парушальнікаў сярод чыноўнікаў? Вось што мяркуе былы сьледчы пракуратуры Алег Воўчак:

Прыйшлі да таго, што чыноўнікі любога зьвяна беспакарана разбазарваюць дзяржаўную зямлю
“Прыйшлі да таго, што чыноўнікі любога зьвяна беспакарана разбазарваюць дзяржаўную зямлю. Разам з тым Васілевіч павінен быў узьняць пытаньне пра ўзбуджэньне крымінальных спраў адносна старшыняў выканкамаў, кадастравых аддзелаў, якія давалі незаконныя дазволы. Бо калі ён сказаў пра 1,5 тысячы выяўленых парушэньняў, то, значыць, 1,5 тысячы спраў павінна быць адносна выканкамаўскіх работнікаў, якія выдзялялі зямлю тым, каму не дазволена. А ўвогуле трэба не зацыклівацца на зямельных надзелах, а цалкам рэфармаваць праваахоўную сыстэму. Ня проста прафіляктыкай абмяжоўвацца, а асэнсаваць: што ж адбылося за гэтыя 1,5—2 гады? А адбылося тое, што карупцыя разьела чыноўнікаў сярэдняга і вышэйшага зьвяна, якія ўжо не баяцца самога Лукашэнку. Амаль адкрыта хапаюць зямлю; зразумела, дзеля чаго — потым прадаць. Пабудавацца і прадаць — гэта вялізныя грошы”.

Ахвярамі барацьбы супраць “свавольства” зь зямлёй і нерухомасьцю ўжо сталі некаторыя высокія чыноўнікі. Пазбавіліся сваіх пасадаў (а то і волі) намесьнік генпракурора Мікалай Купрыянаў і пракурор Менскай вобласьці Міхаіл Сьнягір, першы намесьнік міністра ўнутраных спраў Аляксандар Шчурко, начальнік Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржкантролю Анатоль Грамовіч ды іншыя. У наноў агучаным сьпісе карупцыянэраў — начальнік упраўленьня крымінальнага вышуку МУС Анатоль Савіцкі, які ня меў патрэбы ў паляпшэньні жыльлёвых умоваў, але без чаргі атрымаў зямельны надзел. За атрыманьне зямлі без папярэдняга ўзгадненьня спадар Васілевіч разьвітаўся зь першым намесьнікам пракурора Гомельскай вобласьці Ўладзімерам Сарасекам, які адпрацаваў у сыстэме 35 гадоў. Старшыня камітэту архітэктуры і будаўніцтва Менскага аблвыканкаму Сяргей Моўчан атрымаў надзел без праекту адводу, а гэта сур’ёзнае парушэньне. Без генпляну і адпаведных узгадненьняў атрымаў участак пад будаўніцтва супрацоўнік Дзяржаўтаінспэкцыі Фрунзэнскага раёну сталіцы Андрэй Дылеўскі. З парушэньнямі працэдураў зямля была выдзелена намесьніцы міністра энэргетыкі Рыме Філімонавай. А ўвогуле Міністэрства энэргетыкі — лідэр у антызаконнай дзейнасьці: органы пракуратуры распачалі супраць адказных чыноўнікаў ведамства 8 крымінальных спраў.

Між тым, як дадае Алег Воўчак, карупцыйныя справы разглядаюцца досыць выбарачна. Так, былі спушчаныя на тармазах выяўленыя Камітэтам дзяржкантролю факты злоўжываньняў адносна чыноўнікаў, якія жывуць літаральна пад носам у Лукашэнкі — у Драздах. Такой жа думкі — што “заплямленых”, але “блізкіх” людзей чапаць ня будуць — трымаецца і былы начальнік Упраўленьня службы кантролю прэзыдэнта Алег Ігнаценка:

Таму кампанія — выбарковая, яна ня мае ніякай сыстэмнасьці. Гэта спроба ўвесьці ў зман грамадзкую думку — маўляў, у гэтым кірунку вядзецца нейкая праца
“Што тычыцца Гомелю, пасёлку Перамога, да якога апэлюе Васілевіч, дык гэта факты, ужо агучаныя Лукашэнкам. Таму кампанія — выбарковая, яна ня мае ніякай сыстэмнасьці. Гэта спроба ўвесьці ў зман грамадзкую думку — маўляў, у гэтым кірунку вядзецца нейкая праца. Насамрэч ніякая праца не вядзецца. Да мяне зьвярталіся дзясяткі людзей з такога кшталту скаргамі. Афармляў заявы, накіроўваў іх у Генпракуратуру, каб разабраліся. Бо зямельныя надзелы ў Навінках, Бараўлянах, іншых раёнах, прылеглых да Менску, выдзяляліся такім вось чынам. Прыводзілася дасканальна правераная фактура. І ніводзін з такіх зваротаў не знайшоў свайго вырашэньня. Нават сёньня ў раёне Менскай кальцавой дарогі ёсьць аб’екты, на якіх дзейныя, самыя высокія чыноўнікі працягваюць незаконнае будаўніцтва, працягваюць пераабсталяваньне будынкаў. І нічога ў гэтым кірунку ня робіцца”.

І ўсё ж ці будзе мець плён кампанія, абвешчаная Рыгорам Васілевічам супраць зямельных карупцыянэраў? Гаворыць Алег Воўчак:

“Тое, што ён заявіў, можа мець плён толькі пры падключэньні моцнага сьледчага апарату. Але баюся, што ўсё скончыцца гэткім лёгкім уздыхам: Васілевіч сказаў, і ўсё само сабой вырашыцца. Яны не разумеюць, што трэба змагацца з карупцыяй добра арганізаванай сьледчай структурай. Гэтыя людзі павінны агнём вычышчаць уладу ад карупцыянэраў. Пакуль жа падставаў да гэтага няма. У міліцыі ўсё
Яны не разумеюць, што трэба змагацца з карупцыяй добра арганізаванай сьледчай структурай
развалена, у пракуратуры бессыстэмнасьць: генпракуроры цягам апошніх трох гадоў мяняюцца, але не з пракурорскай сыстэмы. То былы судзьдзя, то саўбезавец, то з Канстытуцыйнага суду. А тут павінны быць людзі, якія прайшлі ўвесь шлях ад сьледчага ці пракурора. Таму мэтай можа быць — проста напужаць чыноўнікаў, тым больш у пэрыяд прэзыдэнцкіх выбараў: хто будзе занадта актыўнічаць, будзе сядзець, як Сьнягір. Таго таксама зямельны надзел падвёў”.

Тым часам напярэдадні Рыгор Васілевіч, зьвяртаючыся невядома да каго, заявіў: “Дайце нам адну тысячу чалавек, і мы навядзем парадак з выкананьнем зямельнага заканадаўства”. У якасьці прыкладу парушэньня правілаў выдзяленьня зямлі і пазьнейшага выпраўленьня сытуацыі ён згадаў гісторыю з рынкам “Ждановічы”. Маўляў, без патрэбнага афармленьня проста пад носам забралі вялізны кавалак зямлі. Нагадаем, што адзін з абвінавачаных у захопе тэрыторыі, генэральны дырэктар “Ждановічаў” Яўген Шыгалаў трапіў за краты, пасьля чаго згадзіўся выплаціць дзяржаве шматмільённую кампэнсацыю. Апроч таго, Шыгалаў “прызначаны” адным з галоўных спонсараў на будоўлі хакейнай арэны ў мікрараёне Чыжоўка.
XS
SM
MD
LG