Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галоўнага турэмшчыка Магілёўшчыны падазрае КДБ


Інтэрнэт-выданьне “Ежедневник” паведаміла пра тое, што ў КДБ Магілёўскай вобласьці завялі справу, у якой фігуруе начальнік мясцовай управы Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў палкоўнік Вячаслаў Сядоў. Справа заведзеная паводле артыкула аб злоўжываньні службовым становішчам. Правяраюцца зьвесткі, паводле якіх падначаленыя нібыта рамантавалі лазьню і парадкавалі зямельны ўчастак палкоўніка ў Бялыніцкім раёне.

СЛУХАЦЬ:


Каб праверыць зьвесткі пра тое, што дзейнасьцю палкоўніка Сядова займаецца КДБ, я патэлефанаваў у магілёўскую ўправу Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў. Злучыцца наўпрост зь Вячаславам Сядовым не ўдалося — падначаленая Сядова сказала, што ён у адпачынку:

“Ён у адпачынку з 27 ліпеня. Яго замяняе Чмаракоў Пётар Міхайлавіч”.

Спадар Чмаракоў слухаўку таксама не падняў.

У магілёўскім КДБ інфармацыю пра справу турэмнага начальніка не камэнтуюць.

Да прызначэньня два гады таму на пасаду начальніка абласной управы Вячаслаў Сядоў быў начальнікам 19-й магілёўскай калёніі, раней працаваў на розных пасадах у беларускіх турмах.

Ці распаўсюджаная карупцыя сярод беларускіх турэмшчыкаў?

Лідэр моладзевай арганізацыі “Малады фронт” Зьміцер Дашкевіч больш за год адбыў у шклоўскай калёніі, кіраўніцтва якой падпарадкоўвалася Вячаславу Сядову. Зьміцер Дашкевіч кажа, што карупцыя пранізала пэнітэнцыярную сыстэму Беларусі наскрозь:

Зьміцер Дашкевіч
“Гэта звычайная практыка. Я быў сьведкам таго, што зэкі будуюць начальнікам дамы. Гэта ёсьць у любой калёніі. Дзесьці гэта праходзіць па нейкіх паўпразрыстых схемах і за мізэрныя грошы выкупляецца, дзесьці цалкам уцёмную. Начальнікі даюць адкаты за паслугі супрацоўнікам калёніі ці дэпартамэнту выкананьня пакараньняў. І пэрыядычна — з-за таго, што, відаць, мала дзеляцца, — таго ці іншага чыноўніка з гэтага ведамства арыштоўваюць і садзяць. Карупцыя квітнее, там ёй прасякнута ўсё. Пры мне аднаго з кіраўнікоў калёніі арыштавалі за тое, што ён насіў у калёнію наркотыкі, прадаваў іх зэкам”.

У кіраўніцтве Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў зьвесткі пра завядзеньне справы супроць палкоўніка Вячаслава Сядова не камэнтуюць.



Нагадаем, былы начальнік Дэпартамэнту Ўладзімер Коўчур фігураваў у скандале вакол катэджаў на беразе Менскага вадасховішча, які разгарэўся ў канцы мінулага году. Тады стала вядома, што болей за 10 высокапастаўленых чыноўнікаў МУС пабудавалі загарадныя дамы на ўчастках на месцы былога ведамаснага дзіцячага садку. У выніку скандалу міліцыянтам, у тым ліку намесьнікам міністра Шчурко і Філістовічу, давялося сысьці са сваіх пасадаў. Участкі і катэджы ў міліцыянтаў адабралі. Цяпер былыя міліцэйскія катэджы перабудоўваюць пад дзіцячыя дамы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG