Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі чарговым разам пачынаецца змаганьне з карупцыяй.

Напярэдадні генэральны пракурор Рыгор Васілевіч абвясьціў, што цяпер асаблівай увагі заслугоўваюць чыноўнікі шэрагу міністэрстваў і службаў землеўпарадкаваньня. Каб канкрэтызаваць сытуацыю, сёньня карэспандэнты “Свабоды” даведваліся пра факты чыноўніцкай карупцыі ў рэгіёнах.

Гарадзеншчына

На Гарадзеншчыне цяпер прадстаўнікі пракуратуры пераправяраюць факты са скаргі жыхароў раёну. Да праваабаронцы Івана Крука ў Астраўцы зьвярнуліся жыхары раёну і папрасілі скласьці скаргу пра незаконную забудову чыноўнікамі маляўнічых куточкаў ля возера Ёдзя.

Іван Крук кажа, што людзі даведаліся пра будоўлю дамоў на самым беразе возера. Праваабаронца езьдзіў на месца і спрабаваў высьветліць, каму належаць гэтыя дамы.

Са слоў Івана Крука, тутэйшыя людзі сьцьвярджалі, што сюды прыяжджалі старшыня райвыканкаму і былы прадстаўнік прэзыдэнта па Гарадзенскай вобласьці Сяргей Ткачоў. Будавалі дом спэцыялісты тутэйшага лясгасу, але высьветліць, каму ён належыць, праваабаронцу не ўдалося.

Крук: “Не, пакуль невядома, каму ён належыць. Я цікавіўся ў лясгасе — для каго і за якія грошы будуюць, але ад людзей усё хаваюць. Падвялі высакавольтную лінію, паставілі трансфарматар...”

Іван Крук напісаў скаргі ў самыя розныя інстанцыі — ад раённай пракуратуры да адміністрацыі прэзыдэнта. Але ў адказ атрымаў адпіскі.

Адказалі, што кіраўнікі раёну пакараныя адміністрацыйнай адказнасьцю
Крук: “Адказалі, што кіраўнікі раёну пакараныя адміністрацыйнай адказнасьцю. Што матэрыялы накіравалі на рэагаваньне ў аблвыканкам. Карацей, паўсюль абараняюць чыноўнікаў. І гэта таму, што ў карупцыю ўцягнутыя чыноўнікі ўсіх рангаў”.

Некалькі тыдняў таму, са слоў Івана Крука, да яго наведваліся прадстаўнікі Генпракуратуры і адміністрацыі прэзыдэнта. Паведамілі, што яны пераправяраюць факты. А таксама пацьвердзілі, што атрыманыя ім адказы з розных інстанцыяў — насамрэч адпіскі.

Праваабаронца са Смаргоні Алесь Дзергачоў кажа, што людзі бачаць яўнае парушэньне зямельнага заканадаўства, але ніхто супраць гэтага адкрыта не выступае, абмяркоўваюць толькі паміж сабой.

Дзергачоў: “Вось на Чырвонаармейскай бачна, што надзелы атрымалі толькі начальнікі. А як яны гэта зрабілі — ніхто ня ведае. Думаю, што, хутчэй за ўсё, і адпаведныя дакумэнты ёсьць, і ніякая камісія не прычэпіцца да гэтага. А грамадзкая думка — на ўзроўні размоваў”.

Меншчына

На сайце Генпракуратуры ў Менску выкладзена спэцыяльная форма для паведамленьняў пра факты карупцыі. У абвестцы — абяцаньне, што “ваша інфармацыя будзе дасканалым чынам правераная. Калі факты спраўдзяцца, то ім будзе дадзеная належная прававая ацэнка”.

Грамадзкі актывіст з Клецку Сяргей Панамароў ужо некалькі разоў зьвяртаўся на сайт Генпракуратуры. Заяўнік цьвердзіць, што яму дакладна вядома пра злоўжываньні аднаго з клецкіх вэртыкальшчыкаў. А вынік? Слухаем, што тлумачыць Сяргей Панамароў:

“Тры разы я накіроўваў свае паведамленьні. Толку з гэтага няма. Даваў свой адрас, сваё прозьвішча. Але ў адказ — цішыня”.

Сяргей Панамароў сыгналізуе пра прыватную будоўлю мясцовага чыноўніка ля Менску:

Відаць, каб дабрацца да карупцыянэра, трэба шукаць выхад на самога “бацьку”
“У элітным лясным масіве ён будуе сабе харомы. Выкарыстоўвае тэхніку ПМК, ДРСУ. Гэта — стопрацэнтная інфармацыя. Пра гэта нашы людзі ведаюць і кажуць”.

Чаму ж недатыкальны карупцыянэр з Клецку? Сяргей Панамароў разважае:

“На яго вельмі шмат скаргаў пісалі. І былому губэрнатару Меншчыны, і цяперашняму. Але — цішыня. Верагодна, таму, што ён таксама прызначэнец Лукашэнкі. Відаць, каб дабрацца да карупцыянэра, трэба шукаць выхад на самога “бацьку”.

Віцебшчына

Апошнім часам у Браслаўскім, Пастаўскім, Полацкім, Мёрскім і Лепельскім раёнах на Віцебшчыне былі выяўлены амаль дзьве сотні фактаў самавольнага захопу ўчасткаў у прыбярэжнай паласе і 197 аб’ектаў, пабудаваных без належнага дазволу. Уладзімер Бароўка, грамадзкі актывіст з Паставаў, даводзіць, што вінаватых выкрылі шмат, але пакаралі ня ўсіх. Штрафы і загады зьнесьці незаконна падбудаванае атрымалі ў бальшыні звычайныя грамадзяне. Між тым вельмі шмат парушэньняў пастаўчане назіралі падчас працы на чале раёну Эдуарда Казуры, абранага цяпер у Палату прадстаўнікоў:

Да некаторых азёраў ня тое што пад’ехаць, але нават падыйсьці немагчыма: паўсюль платы, сабакі, ахова
“У пытаньнях зямельных участкаў, асабліва ў маляўнічых мясьцінах, у нас дужа шмат партызаншчыны. Да некаторых азёраў ня тое што пад’ехаць, але нават падыйсьці немагчыма: паўсюль платы, сабакі, ахова…Усе ўчасткі разьмяркоўваюцца кулюарна, паўсакрэтна. Я ня ведаю, як часта былы старшыня райвыканкаму наведваў аддаленыя гаспадаркі, але ў гасьцях на азёрах яго бачылі вельмі часта.

Уладзімер Бароўка кажа, што некаторы час таму зьвяртаўся да старшыні дзяржкантролю Зянона Ломаця — гаварыў пра праблемы будаўніцтва на вадаёмах Пастаўшчыны, у тым ліку і карупцыйныя. Неўзабаве ён атрымаў адказ з раённай структуры дзяржкантролю: маўляў, 11 выкладзеных вамі фактаў пацьвердзіліся. Але спадар Бароўка вынікамі праверкі незадаволены:

“Прайшліся толькі па “нізах”: дзесь там прыбіральня блізка да вады пабудаваная, і яшчэ такія дробныя парушэньні. А пра факты карупцыі, незаконнага разьмеркаваньня ўчасткаў, што, хто, дзе і як атрымаў — пра гэта адказ я атрымаў дужа расплывісты. Лічу, што сваволя творыцца ад цынізму і бессаромнасьці чыноўнікаў. Мабыць, прэзыдэнт задужа ім давярае, а яны гэтым карыстаюцца”.

Магілёўшчына

На Магілёўшчыне зьвестак пра зямельную карупцыю афіцыйныя крыніцы падаюць ня шмат. У абласной пракуратуры запэўніваюць, што такога роду злачынствы фіксуюцца ня часта. Летась, напрыклад, паводле інфармацыі пракуратуры, было праведзена шэсьць праверак: аднаго чалавека прыцягнулі да дысцыплінарнай адказнасьці, а трох — да адміністрацыйнай.

Магілёўскі каардынатар грамадзкага антыкарупцыйнага камітэту “Народны кантроль” Рыгор Кастусёў сьцьвярджае, што фактаў зямельнай карупцыі ня так ужо й мала:

Простаму сьмяротнаму, як у нас кажуць, атрымаць дзялянку простым рашэньнем гарвыканкаму вельмі й вельмі складана
“Да іх дакапацца вельмі складана. Вось чаму яны так мала агучваюцца і ў прэсе, і ў іншых сродках масавай інфармацыі. Зямельная карупцыя пашыраная сярод намэнклятуры, асабліва сярод вэртыкалі прэзыдэнцкай. Простаму сьмяротнаму, як у нас кажуць, атрымаць дзялянку простым рашэньнем гарвыканкаму вельмі й вельмі складана. Трэба ўкладаць вялікія грошы, дый хабар, можа, даваць трэба некаму”.

Спадара Кастусёва прашу назваць хаця б некалькі фактаў у пацьвярджэньне ягонай заявы:

“Рашэньнем Магілёўскага гарвыканкаму было выдзелена дзесяць сотак зямлі па вуліцы Загараднай былому старшыні Бялыніцкага райвыканкаму. Гэты чалавек у Магілёве ня жыў. Ён працаваў старшынёй райвыканкаму, жывучы ў Горках. На чарзе на паляпшэньне ўмоваў жыльля не стаяў. Цяпер мы вывучаем яшчэ адзін выпадак пра атрыманьне дзялянкі для будаўніцтва дома ў Магілёве былым старшынём Шклоўскага райвыканкаму”.

Што да былога старшыні Бялыніцкага райвыканкаму, то, як стала вядома, абласная пракуратура апратэстоўвала рашэньне Магілёўскага гарвыканкаму аб выдзяленьні яму зямельнай дзялянкі. Цяпер яна ўлучаная ў зону агульнагарадзкой забудовы. Сам жа яе ўладальнік каля году знаходзіўся пад сьледзтвам.

Для ахвотнікаў атрымаць дазвол на зямельную дзялянку пад будаўніцтва дома ў межах абласнога цэнтру неабходна сабраць цэлы пакунак дакумэнтаў. У прыватнасьці, трэба пераканаць адпаведныя органы, што ты здолееш узьвесьці дом цягам двух гадоў.

Гомельшчына

На Гомельшчыне першая хваля будаўніцтва катэджаў у прэстыжных мясьцінах была ў 1990-я. Цяпер — новы ўздым. Аднак пра карупцыю ў гэтай справе людзі ведаюць мала. Гомельскі палітык Уладзімер Кацора кажа на гэта:

І хаця барацьба з карупцыяй нібыта вядзецца, чыноўнікі даюць поўную волю сваім асабістым патрэбам і будаўнічым фантазіям
“У Гомелі, калі толькі дэмакратычныя актывісты займеюць нейкі зямельны надзел у каапэратыве ці пабудуюць хатку на курыных лапках, ахоўнікі падымаюць гвалт. А калі тыя ж пракурорскія, міліцэйскія ці ўладныя чыноўнікі незаконна атрымліваюць зямельныя надзелы і будуюць невядома за якія сродкі цэлыя харомы, на гэта ўвагі ніхто не зьвяртае. І хаця барацьба з карупцыяй нібыта вядзецца, чыноўнікі даюць поўную волю сваім асабістым патрэбам і будаўнічым фантазіям”.

Паводле вынікаў праверкі дзяржкантролю, з грубымі парушэньнямі зямельнага заканадаўства атрымалі ўчасткі ў прыгарадным пасёлку Перамога першы намесьнік пракурора Гомельскай вобласьці Ўладзімер Сарасека, намесьнік начальніка ўправы па барацьбе з карупцыяй і эканамічнымі злачынствамі УУС Гомельскага аблвыканкаму Аляксандар Грыб і супрацоўнік штабу абласной управы ўнутраных спраў Ўладзімер Хамякоў. Апошні на момант атрыманьня ўчастку быў начальнікам Савецкага райаддзелу міліцыі.

Калі верыць генэральнаму пракурору Рыгору Васілевічу, то крымінальная справа, па якой праходзіць былы першы намесьнік пракурора Гомельскай вобласьці Ўладзімер Сарасека, перададзена ва УКДБ па Гомельскай вобласьці. Пры гэтым генпракурор удакладніў, што дадзеная крымінальная справа тычыцца незаконнага выдзяленьня Ўлукаўскім сельскім Саветам зямельных участкаў бяз правядзеньня аўкцыёнаў шэрагу супрацоўнікаў праваахоўных органаў рэгіёну.

Вядома таксама, што той жа Ўладзімер Сарасека меў у абласным цэнтры трохпакаёвую кватэру. Трохпакаёўка, апрача кватэры жонкі, ёсьць у асабістым карыстаньні й спадара Грыба. Добрым жытлом забясьпечаны й Уладзімер Хамякоў.

На момант атрыманьня чынамі ўчасткаў на чарзе ва Ўлукаўскім сельскім Савеце стаяла звыш ста сем’яў, якія ня маюць свайго жытла.
XS
SM
MD
LG