Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У малочнай вайне найбольш пацярпелі прыватнікі


Міністэрства сельскай гаспадаркі й харчаваньня распаўсюдзіла сьпісы гандлёвых і перапрацоўчых прадпрыемстваў, якія больш за месяц не разьлічваюцца за атрыманыя раней малако і мяса. Такіх на сёньня — 422. Як інфармуюць карэспандэнты “Свабоды”, у апошнюю чаргу атрымліваюць даўгі шараговыя вяскоўцы. Гэта, відаць, найгоршы вынік малочнай вайны Расеі й Беларусі.

СЛУХАЦЬ:


Берасьцейшчына

“Вайна кожны раз за тлустасьць малака...”


Аснову малакаперапрацоўчай галіны Берасьцейшчыны складаюць 8 прадпрыемстваў. У чэрвені кожнае зь іх вяртала пастаўшчыкам малако з-за невыкананьня стандартаў якасьці. З-за гэтага, як кажа маладая гаспадыня Алена зь вёскі Шашкі Ганцавіцкага раёну, яе сям’я недаатрымае ў гэты месяц як мінімум 12 тысяч рублёў. Жанчына скардзіцца на недасканаласьць нарыхтоўкі малака ў іх вёсцы.

“Раней тут быў малаказборшчык, але ён памёр. Іншага калгас не прызначыў. Мы ж жывём у Шашках, а цэнтральная сядзіба калгаса — у Агарэвічах. Гэта аддаленая ад нас вёска. На ўсё вёскі — адзін малакавоз”.

“Грошы не даплачваюць”

Пра несправядлівасьць у закупе малака гаворыць таксама жыхарка палескай вёскі Будча таго ж Ганцавіцкага раёну.

“Вайна за што? Вайна кожны раз за тлустасьць малака. Нібыта не хапае тлустасьці ў малацэ. І, канечне, грошы не даплачваюць. Зрэзваюць колькасьць малака. Вось такая бяда ў нас...”

“Цяжка ўтрымліваць каровы, але як выжыць па-іншаму?”

На ўтрыманьні сям’і Ніны з Будчы — пяць дойных кароў. Яна іх называе карміцелькамі:

“Мы трымаемся за сваіх кароў. Цяжка, вядома, але ўсё роўна трымаемся за сваіх кароў. А як, калі жывеш у вёсцы, выжыць па-іншаму? Абабіць нейкую капейку-другую ў калгасе немагчыма. Заробкі мізэрныя. Таму мы з мужам Андрэем завялі гаспадарку і ўмацоўваем яе. Паволі, паволі... Было чатыры каровы, цяпер — пяць”.

Гарадзеншчына

“Малако настолькі таннае, што няма сэнсу трымаць карову...”

Малочная вайна абвастрыла праблему на Гарадзеншчыне: тамтэйшыя насельнікі лічаць, што ўтрымліваць кароў становіцца нявыгадна. Тлумачыць сытуацыю Міхал Карневіч.

У вёсцы Дакудава Лідзкага раёну толькі спадарыня Сьвятлана трымае карову. Суседзі ж яшчэ раней адмовіліся. Жанчына кажа, што вінаватая ў гэтым дзяржава: кошты на малако зьмяншаюцца, а нарыхтаваць кармы становіцца даражэй.

Спадарыня: “Нават калі вясковец купляе ў мяне малако, то ён плаціць сам мне тысячу рублёў за літар, а не 600, бо разумее, што гэтыя 600 рублёў ніяк не адпавядаюць рэальным рэчам”.

Раней у статку было 60 кароў, а цяпер толькі 14

Спадар Валянцін трымае ў Смаргоні тры каровы. Ён упэўнены, што здаваць малако дзяржаве па 600 рублёў за літар — справа стратная. Таму ніколі гэтага не рабіў і прадае малако асабіста на рынку, а большасьць сырадою ў яго купляе прадпрымальнік, які потым вырабляе тварог.

Спадар: “Здаваць калгасным малаказборшчыкам па 600 рублёў за літар — надта танна, бо вада ў краме каштуе даражэй. Дый разьлічваюцца яны ўсяго раз на месяц, і то не грашыма, а сенакосам ці яшчэ чым. А каму гэта патрэбна?”

“Улетку я тры касы скошваю на шыла”

Спадар Валянцін кажа, што яшчэ пару гадоў таму ў іхным статку было 60 кароў, а зараз толькі 14. Пытаюся ў гаспадара: ці цяжка яму ўтрымаць тры каровы?

Спадар: “Папрацаваць, вядома, трэба. Я цягам лета накошваю касой 35 (!) аўтамашынаў сена, бо ў мяне ня толькі тры каровы, а восем галоў жывёлы. Кашу кожны дзень, за сэзон тры касы скошваю на шыла”.

Гэта яшчэ адна з прычынаў, са слоў спадара Валянціна, чаму людзі ня хочуць трымаць каровы. Якое ў яго меркаваньне наконт малочнай вайны?

Спадар: “Я думаў так: будзе крызіс, кароў паб’юць, у нашым статку застанецца не 14, а 7 кароў, але я ўсё роўна буду трымаць сваіх. І будзе лепей, бо малака будзе менш і ўрэшце яно стане даражэйшым”.

Віцебшчына


Насельнікі памежжа спадзяюцца, што расейцы будуць купляць малако за жывыя грошы.

На Віцебшчыне ад малочнай вайны з Расеяй пацярпелі перадусім жыхары памежных рэгіёнаў. Яны лічылі за лепшае здаваць малако не беларускім, а суседзкім перапрацоўшчыкам. Удакладняе Браніслава Станкевіч.

Спадарыня Людміла, жыхарка вёскі Ляды Дубровенскага раёну, кажа, што ў “даваенны” час прыватныя прадпрымальнікі з Расеі зьбіралі ў беларусаў малако проста на мяжы:

— Раней масава вазілі, бо гэта было выгадна! Бо і разьлік адразу на месцы, і кошты вышэйшыя за малако. Там вось, дзе беларуская мытня была і дзе расейская мытня, дык паміж імі вольная прастора, і вось проста на гэтай паласе і малако зьбіралі, і прадавалі тавары. Тавары ж расейскія таньнейшыя за нашы, таму куплялі людзі і цукеркі, і рыбу, і макарону — крама прадуктовая туды выяжджала і гандлявала. А зараз мы здаём малако ў саўгасе — на Дубровенскі малочны завод.

Малочная вайна змусіла людзей быць абачлівымі

На мясцовым малаказаводзе за малако разьлічваюцца не адразу, а раз на 10 дзён. Іншым разам разьлікі затрымліваюць. Каб зацікавіць мясцовых жыхароў здаваць малако менавіта ў Беларусі, кіраўніцтва саўгаса “Прыдняпроўскі” прапануе сялянам ільготы. Уладальнікам кароў бясплатна прывозяць сена, калі яны здаюць пэўную колькасьць малака, або дапамагаюць саўгаснай тэхнікай абрабіць гарод — праўда, ужо не бясплатна: за паліва трэба плаціць. Але цяпер вяскоўцы чакаюць, што вось-вось іхны “бізнэс” адновіцца — што на мяжу зноў прыедуць расейскія зборшчыкі і частку малака можна будзе здаваць саўгасу, каб ня страціць “ільготнае” сена, а частку — ізноў прадаваць за жывыя грошы.

Жыхары заходняй Віцебшчыны кантакту з расейскім замежжам ня маюць, таму яны хваляваліся, што ў выніку малочнай вайны пацярпяць мясцовыя перапрацоўчыя прадпрыемствы, які пастаўляюць прадукцыю на экспарт.

Спадарыня Галіна зь вёскі Дзеркаўшчына, што на Глыбоччыне, дужа перажывала, што яе муж, індывідуальны прадпрымальнік — зборшчык малака ў насельніцтва, панясе вялікія выдаткі. Але Глыбоцкі малочна-кансэрвавы камбінат, які вырабляе малочную згушчонку, не спыняў вытворчасьці і не адмаўляўся ад закупу малака ў насельніцтва.

“Я ня ведаю, ці купляюць што ў яго, бо на складах, кажуць, згушчонкай усё закладзена. Але забірае малако на перапрацоўку як мае быць. Здаецца, некалькі фур прыяжджалі з Малдовы, забіралі сухое малако. Расея ж сухое малако будзе толькі зь першага верасьня браць… І разьлічваюцца, як правіла, кожныя 10 дзён. Адзін чалавек, я ведаю, за дэкаду здаў малака на 240 тысяч. А за месяц гэта ж тысяч 600—700 атрымае”.

Спадарыня Галіна не бярэцца прадказаць, ці вытрымаў бы камбінат, калі б малочная вайна з Расеяй працягвалася далей — ці не перастаў бы ён купляць малако ў людзей у ранейшых аб’ёмах. Але вяскоўцы, кажа яна, цяпер сталі больш абачлівыя. Нехта са знаёмых хацеў набыць сабе яшчэ адну карову, але цяпер вагаецца: разважае, ці ня ўкласьці грошы ў што-небудзь больш надзейнае.

Даведка “Свабоды”: Паводле статыстыкі, у Беларусі цягам году надойваюць у сярэднім па 608 кіляграмаў малака на кожнага жыхара. У Расеі — 226, ва Ўкраіне — 264 кіляграмы.

У 2008 годзе прадпрыемствы Мінсельгасхарчу экспартавалі 2,6 мільёна тон малочных прадуктаў. Пастаўкі ажыцьцяўляліся ў 28 краінаў. Прычым на Расейскую Фэдэрацыю прыпала амаль 94% экспарту.

Пры значных лішках малака ўрад Беларусі зьнізіў цану закупу на 10%. Адначасова базісная тлустасьць закуплянага малака была падвышана з 3,4% да 3,6%, што аўтаматычна зьмяншае плату за кожны літар малака.

Паводле зьвестак Мінсельгасхарчу Беларусі, у прыватным сэктары штогоду колькасьць дойных кароў скарачаецца на 50 тысяч галоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG